Пятрухін малюе Брэсцкую крэпасць, Кабанаў трэніруецца з майстрам спорту па шахматах: «Я не здаюся»
Пытанне: як пачуваюцца ў няволі палітзняволеныя блогеры з Брэста? Адказ: не сумуюць.
У красавіку брэсцкія блогеры і актывісты Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў былі асуджаныя на тры гады зняволення кожны. Што з імі цяпер і што яны пішуць з няволі?
Аляксандар Кабанаў — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, нагадвае «Свабода».
Старшыня АГП Мікалай Казлоў паведаміў са спасылкай на сваякоў Аляксандра Кабанава,
што той цяпер у вязніцы ў Магілёве.
«Называюць адрас калоніі № 15 у Магілёве, што ён цяпер там.
Ці канчатковае гэта месца адбыцця пакарання, не ведаем. Раней былі звесткі
пра яго, што вывозілі для нейкіх дзеянняў у Брэст, але вярнулі ў Магілёў.
Пра апеляцыю невядома, але наш адвакат з ім у кантакце, калі будзе прызначана
апеляцыя, праінфармуе», — расказаў Мікалай Казлоў.
Яму невядома, дзе цяпер сябар Кабанава — блогер Сяргей
Пятрухін.
Пра ліставанне з Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым расказала жыхарка Брэста, якая прасіла не называць яе імя.
«Падабаецца, што яны не разгубіліся, захавалі сілу духа, у
іх лістах шмат гумару і аптымізму. Яны нас заражаюць энергіяй, раяць, як
далей змагацца супраць акумулятарнага заводу, мы да іх прыслухоўваемся», — кажа
суразмоўца пра лісты Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна.
«Ні на што не скардзяцца, прымаюць выпрабаванні мужна. Пра
здароўе таксама пішуць, што нармальнае», — дадае жанчына. Паводле яе, у лістах
Сяргея Пятрухіна шмат малюнкаў. Ёй асабліва запомніўся малюнак Брэсцкай крэпасці з сімвалічнымі словамі «Я не здаюся». «Гэта і пра яго вельмі трапна
сказана», — заўважае жанчына.
Пра Аляксандра Кабанава актывістка згадала, што той сядзеў у
камеры разам з майстрам спорту па шахматах, які даваў сукамерніку ўрокі
майстэрства.
«У адным з лістоў Аляксандр напісаў, што не шкадуе, што
гэтак з ім здарылася, лічыць, што ўся Беларусь праходзіць праз гістарычнае
выпрабаванне. Запомніліся і гэткія яго словы з ліста: «У краіну ідуць
перамены, і яны закрануць кожнага. Шкада, што гэтыя думаюць, нібыта гэтак
застанецца назаўсёды. Не вучаць гісторыю — значыць, гісторыя навучыць іх. А мы
дапаможам, усе хады запісаныя (смайлік)», — згадала суразмоўца ліст ад
Аляксандра Кабанава.
Паводле жанчыны, апошні ліст ад Аляксандра Кабанава яна
атрымала яшчэ ў сакавіку, а вось Сяргей Пятрухін апошні раз напісаў ёй у маі. Ліст быў адасланы з вязьніцы ў Магілёве. Жанчына мяркуе, што Сяргей
Пятрухін яшчэ там і чакае апеляцыі на прысуд.
«Збольшага ўсё нармальна. Чакаем, пакуль камень пакоціцца.
На зону збіраюся ў канцы чэрвеня. Апеляцыя яшчэ не прызначаная, мяркуючы па
ўсім, будзе ў канцы ці сярэдзіне чэрвеня. Усім прывітанне. Хутка ўсё
скончыцца. Гэта дакладна», — напісаў Сяргей Пятрухін у лісце ад 13 мая.
Па тры гады зняволеньня і па 750 рублёў грашовага спагнання
Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну прысудзіла суддзя Кастрычніцкага
раённага суду Магілёва Вольга Краўчанка. За пратэст блогераў выдалілі з судовай
залы і нават пазбавілі права прамовіць апошняе слова.
Блогераў Кабанава і Пятрухіна асудзілі за арганізацыю
беспарадкаў і знявагу прадстаўнікоў улады. Віны яны не прызналі. Беларускія
праваабаронцы прызналі Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна палітвязнямі.