«У турме стаў беларускамоўным». Хто такі Сяргей Пятрухін, якога разам з блогерам Кабанавым будуць судзіць
Сяргея Пятрухіна пачнуць судзіць 11 лютага ў Кастрычніцкім судзе Магілёва. Разам з Аляксандрам Кабанавым яго вінавацяць у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады».
Сяргею Пятрухіну 49 гадоў, нарадзіўся
ў Кобрыне Брэсцкай вобласці. Скончыў Гродзенскую вучэльню мастацтваў і
філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, служыў у савецкім
войску. У яго ёсць сястра і сын, які жыве з былою жонкай Пятрухіна.
Некаторы час працаваў у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, але цікавых роляў, што прыносяць задавальненне, Сяргей там не атрымаў, таму звольніўся і пайшоў на дзяржаўнае радыё. Галасаваў за Лукашэнку. У размовах Пятрухін прызнаваўся, што пазней усё зразумеў, але тады ён быў звычайным апалітычным чалавекам.
З 2008 да 2014 года Пятрухін быў вядоўцам святаў. Здаецца, такая роля яму вельмі пасавала, з сябрамі ён стварыў сатырычны праект «Адлюстраваныя ў лужынах».
У 2014 годзе Сяргей вырашыў стаць блогерам і змагацца з карупцыяй. Здымаў для свайго каналу «Народный репортёр» ролікі сацыяльнага характару.
У 2016 годзе Пятрухін балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Ён разумеў, што дэпутатам з вядомых прычынаў яму не стаць, але зладзіў заўважную кампанію: кожны дзень стаяў на цэнтральнай вуліцы Савецкай, дзе знаёміў людзей са сваёй творчасцю. Дзякуючы гэтаму ў ягоных роліках з’явілася палітычная павестка, асвятленне пратэстаў.
З 2017 года пачаліся пастаянныя затрыманні Пятрухіна. Мабыць, аднаму Сяргею вядома, колькі содняў ён правёў у Брэсцкім ІЧУ.
Пятрухін стаў асвятляць дзейнасць
міліцыі, у яго быў цэлы цыкл відэа на гэтую тэму — «Казліныя гісторыі». У
выніку ў канцы 2018 года супраць Сяргея распачалі крымінальную справу паводле
артыкулаў 189 і 188 КК нібыта за абразу міліцыянтаў, а ўвесну 2019 года блогера
прызналі вінаватым і прысудзілі велізарны штраф — прыблізна 9 тысяч долараў.
З 2018 года Сяргей стаў працаваць з блогерам Аляксандрам Кабанавым, яны разам асвятлялі пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу недалёка ад Брэста. Неаднаразова іх затрымлівалі, штрафавалі, адпраўлялі на содні. Але Пятрухіна і Кабанава гэта не спыніла. Улетку 2020 года абодва аказаліся ў вязніцы.
Алесь Абляк кажа, што яму бракуе сябра:
— Мы пазнаёміліся і пачалі працаваць падчас кампаніі супраць будоўлі акумулятарнага заводу каля Брэста. Сяргей запомніўся мне шчырым, адкрытым чалавекам, з цудоўным пачуццём гумару, з ім было класна працаваць і бавіць час. Шкада, гэтага цяпер няма.
Яшчэ адзін сябар і брэсцкі актывіст просіць не называць ягонага імя, бо за ім палююць сілавікі, але не адмаўляецца распавесці пра Пятрухіна:
— Мы пазнаёміліся з Сяргеем у 2017 годзе на першых маршах недармаедаў. Сяргей асвятляў праблемы людзей, і яны да яго ішлі з надзеяй, што іхны голас будзе пачуты, а праблема недармаедаў была адною з самых актуальных. Былі маршы пратэсту супраць гэтага дэкрэту, Сяргей пра іх распавядаў, і яго першы раз пасадзілі на содні. Ужо тады стала зразумела, што ўлады яму гэтага не прабачаць. Пасля ён заняўся пытаннямі заводу АКБ, я з ім шмат працаваў. Ён шчыры, адкрыты чалавек, увесь час быў за праўду. Ніколі нікога не баяўся, пытання выходзіць ці не перад ім не стаяла.
Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў збіраюць подпісы супраць будоўлі акумулятарнага заводу. Фота: «Белсат»
Апошні перад затрыманнем час Пятрухін
супрацоўнічаў з праваабаронцамі.
— Ён займаўся грамадскай і праваабарончай дзейнасцю, і ў нейкі момант нашы інтарэсы супалі. Нам не хапае ягонага асвятлення падзеяў. Мы рэгулярна ліставаліся з Сяргеем, калі яго затрымалі паводле гэтай штучнай справы. Ён трымаецца добра, і, што важна, у турме Пятрухін стаў беларускамоўным, — кажа праваабаронца «Вясны» Уладзімір Вялічкін.
Зямляк блогера Аляксандр Мех кажа, што Сяргей за кароткі час прайшоў вялізарны шлях, фактычна стварыў сябе нанова.
— Так сталася, што з Пятрухіным лёс звёў толькі тады, калі ён пачаў барацьбу за справядлівасць. З ім адбыліся феерычныя змены пасля таго, як ён пайшоў шукаць праўду ў свой ЖЭС у пытанні ўпарадкавання тэрыторыі свайго будынку, дзе з яго проста паздзекаваліся. І, наколькі я разумею, гэта была тая кропка адліку нараджэння новага чалавека, грамадзяніна. У кожнага ў жыцці адбываецца нейкі выпадак, які мяняе жыццё. І Сяргей Пятрухін стаў не проста сапраўдным грамадзянінам, а пераўтварыўся ў Дон Кіхота.
Але донкіхоцтва ў дыктатарскай краіне не вітаецца. А далей ён прайшоў той шлях, што чакае рыцара без «страха і папроку», разарэнне з боку ўлады, і, калі паўстала пытанне — альбо за мяжу, альбо заставацца ў сваёй краіне і, магчыма, трапіць за краты, ён абраў шлях грамадзяніна і застаўся ў сваёй краіне, — ставіць кропку Аляксандр Мех.
Блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна вінавацяць паводле часткі 1 артыкулу 342 кк («арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з яўным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады»). Ім пагражае да трох гадоў. 11 лютага ў Магілёве пачнецца суд.