На працэс супраць блогераў Пятрухіна і Кабанава не пусцілі іх паплечнікаў і журналістаў
На працэс не пусцілі журналістаў і паплечнікаў падсудных. Міліцыянты сказалі, што зала занятая і вольных месцаў няма, паведамляе «Свабода».
![571ea95b_d037_4e10_b412_6dd88407794b_w1023_r1_s.webp 571ea95b_d037_4e10_b412_6dd88407794b_w1023_r1_s.webp](/img/v1/images/571ea95b_d037_4e10_b412_6dd88407794b_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падтрымаць зняволеных блогераў сабралася больш за 20
чалавек. Сярод іх кіраўнік Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і
палітык Анатоль Лябедзька.
Брэсцкіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў. Акрамя таго, Пятрухіна судзяць за абразу суддзі. Ім пагражае да 3 гадоў зняволення.
Абодвух беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Іх крымінальны пераслед звязваюць са «справай Ціханоўскага».
Вярхоўны суд задаволіў зварот старшыні Брэсцкага суда, каб крымінальную справу супраць блогераў разглядалі па-за межамі Брэсцкай вобласці. Справу накіравалі ў Кастрычніцкі суд Магілёва.
Хто такія Кабанаў і Пятрухін
Кабанаў і Пятрухін — аўтары YouTube-каналу «Народный репортёр». Да затрымання ў сярэдзіне чэрвеня 2020 году асвятлялі барацьбу жыхароў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Брэсце і іншыя актуальныя сацыяльныя тэмы.
49-гадовага Сяргея Пятрухіна затрымалі ў вёсцы пад Пухавічамі 16 чэрвеня і даставілі ў кобрынскі ізалятар, а 25-га перавезлі на ІЧУ Мінску, адтуль у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
Пятрухіна ў красавіку 2019 года Ленінскі раённы суд Брэста прызнаў вінаватым у публічнай знявазе міліцыянтаў і прызначыў яму штраф у 360 базавых велічыняў. На той час гэта было 9180 рублёў. Блогер меўся сплаціць пацярпелым супрацоўнікам міліцыі кампенсацыю маральнай шкоды ў 7500 рублёў. Паводле праваабаронцаў, справа супраць блогера была палітычна матываванай.
49-гадовы Аляксандр Кабанаў — сябра АГП, падчас леташніх выбараў быў прэсавым сакратаром ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Затрымалі яго 15 чэрвеня 2020 года і прысудзілі 15 дзён арышту за «кармленне галубоў» 7 траўня. 25-га стала вядома, што яго этапавалі ў следчы ізалятар Мінску. У доме бацькоў быў праведзены ператрус.