Сартр па-беларуску: у «Скарыне» выйшла «Экзыстэнцыялізм — гэта гуманізм»

Выдавецтва «Скарына» выдала па-беларуску клясычнае эсэ Жана-Поля Сартра «Экзыстэнцыялізм — гэта гуманізм». Тэкст, які доўгі час быў даступны пераважна па-расейску, цяпер можна прачытаць у беларускім перакладзе — і ў новым кантэксьце беларускай літаратуры і досьведу.

1774515095331blob.jpg

Выдавецтва «Скарына» працягвае знаёміць беларускае чытацтва з навінкамі і клясыкай францускай ды наагул франкафоннай думкі. У сэрыі «Эсэ» ўсьлед за першай працай «Панове, паднапружцеся!» фэмінісцкай філязофкі Элізабэт Бадэнтэр, якая выйшла летась, у 2026 годзе зьявілася эсэ «Экзыстэнцыялізм — гэта гуманізм» Жана-Поля Сартра. Клясычны тэкст, важны ўступ у калісьці модную філязофію экзыстэнцыялізму атэісцкай вэрсіі.

Глядзіце таксама

Беларусы дасюль чыталі гэты тэкст у асноўным па-расейску. Урыўкі са слыннага эсэ некалі перакладаў для літаратурнай анталёгіі Лявон Баршчэўскі. Яшчэ раней на эміграцыі ў Парыжы іншы беларус, а. Леў Гарошка, крытычна выказваўся пра новую «бязбожную літаратуру». На гэты і іншыя тэксты Сартра часта спасылаецца сучасны беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч. Цяпер жа ёсьць магчымасьць самім ацаніць твор 1946 году.

Зрэшты, ён будзе цалкам зразумелы беларусам, якім добра вядомы сьвет, што паўплываў на думку францускага філёзафа. Перадусім дзякуючы мастацкім тэкстам Васіля Быкава Сартраў сусьвет можна будзе зразумець лягчэй: адбудзецца натуральная счэпка паміж тэарэтычным і практычным роўнямі. Так, у сваіх творах Васіль Быкаў часта апускаецца разам з героямі ў сьвет адказнасьці і выбару ў надзвычай драматычных умовах. Падаецца, Васіль Быкаў — гэта якраз той пісьменьнік і мысьляр, які, выжыўшы на вайне, а потым у таталітарных і аўтарытарных умовах, здолеў ажыцьцявіць счэпку паміж беларускай літаратурай і францускай, эўрапейскай думкай экзыстэнцыялісцкага кшталту.

Рознымі шляхамі, рознымі манерамі і каналамі францускія экзыстэнцыялісты і Васіль Быкаў прыходзяць да падобных высноваў. Шкада, што жалезная заслона не дазволіла тэкстам Быкава патрапіць у перакладзе на францускую мову ў кнігарні Парыжу, каб мог завязацца паўнавартасны дыялёг. Яна ж не дазволіла адкрыць Беларусь і беларускую літаратуру сьвету, у прыватнасьці Ж.-П. Сартру. Аднак навідавоку значнае падабенства пасланьняў Ж.-П. Сартра і В. Быкава. Таму нельга сказаць, што эсэ Сартра будзе нечым цалкам новым і чужым для беларускага чытацтва.

Экзыстэнцыялізм Сартра пасьля вайны быў ува ўсіх на языку і часта станавіўся шокам. Абсалютная свабода асобы ў канкрэтнай сытуацыі, атэізм, поўная адказнасьць у дзеяньні, пакутлівае ўсьведамленьне свабоды, адзіноты і адсутнасьці апраўданьняў, уяўленьне пра чалавецтва як адзінага стваральніка і адказнага за сваю будучыню — вось што зрабіла гэтую філязофію адначасова жорсткай, драматычнай і актуальнай дагэтуль.

Адлюстраваньне чалавецтва ў ягоных няўдачах, падзеньнях і слабасьцях, у ягоных цяжкіх і няпэўных шляхах да свабоды выклікала жорсткія нападкі на Сартра і ягоную думку — падобных да якіх рэдка сустракалася ў гісторыі філязофіі.

img_2535.jpeg

Апрача эсэ ў кнізе разьмешчаная прадмова Арлет Элькаім-Сартр — прыёмнай дачкі і распарадніцы інтэлектуальнай спадчыны філёзафа. Аўтарка ўводзіць у кантэкст напісаньня і публікацыі тэксту. Пасьля эсэ падаецца і дыскусія, якая завязалася пасьля выступу Ж.-П. Сартра. Першапачаткова ў 1945 годзе адбыўся выступ мысьляра, які быў стэнаграфаваны, крыху дапоўнены пазьней і ў 1946 годзе выйшаў асобнай кнігай.

У сваіх успамінах Сымона дэ Бавуар піша, што заля, у якой выступаў Сартр, «была перапоўненая, публіка занадта ўзварушаная, кабеты гублялі прытомнасьць».

Сам Сартр ня дужа любіў гэты свой твор, лічыў яго, так бы мовіць, «дзяжурным». Тым ня менш эсэ чыталася, перакладалася, многія захапляліся ім, цытуючы адтуль пэрліны, якія рэзюмуюць атэісцкі экзыстэнцыялізм («Існаваньне папярэднічае сутнасьці», «Чалавек вырачаны на свабоду» і г.д.). У 1949 годзе Ватыкан забараніў усе творы філёзафа, у тым ліку «Экзыстэнцыялізм — гэта гуманізм», што толькі ўзмацніла цікавасьць чытацтва ва ўсім сьвеце.

Такім парадкам, няхай з спазьненьнем і так своеасабліва — беларускім перакладам — адзначым і мы 80-годзьдзе эсэ, якое ўпершыню пабачыла сьвет у 1946 годзе.