Забыты змагар франкамоўнай беларусікі

Сорак гадоў таму, 28 ліпеня 1977 года, у Парыжы памёр слынны святар, пісьменнік, публіцыст, дыяспарнік, мемуарыст Леў Гарошка. Вядомы ён быў у дыяспарнай Беларусі як святар ды хрысціянскі празаік, аднак дасюль застаюцца невядомыя іншыя бакі яго дзейнасці.

Леў Гарошка

Леў Гарошка

Падаецца, мы зусім ігнаруем такую важную сферу дзейнасці Льва Гарошкі, як мовазнаўства і слоўнікатворчасць.

Паціху, дзякуючы пэўнаму адкрыццю ў 1990-я гады мінулага стагоддзя, спадчына Льва Гарошкі вярнулася на радзіму, хоць па сёння не ўся яна вядомая беларусам. Да друку цяпер рыхтуецца кніга ўспамінаў святара, якія ў рукапісу вядомая пад назовам «Праз навальніцы і нягоды». І мы зусім не ведаем Льва Гарошку — змагара на франкамоўнай ніве беларусікі. Бо, апынуўшыся ў замежжы ў канцы Другой сусветнай вайны ў самым віры пошукаў і расколаў сярод беларусаў Захаду, Францыі ў прыватнасці, Леў Гарошка, акрамя святарскай дзейнасці, вымушаны быў займацца дыяспарнымі справамі, а да ўсяго мастацкімі, пісьменніцкімі, выдавецкімі і перакладніцкімі.

Не па адукацыі, а па волі лёсу стаўся ён мовазнаўцам і складальнікам слоўнікаў, у тым ліку, як вынікае з лістоў самога Гарошкі Чэславу Сіповічу за 1950 год, першага беларуска-французскага слоўніка. «Сапраўды прыходзіцца перажываць ня раз тое, што францускія пісьменьнікі называюць «мукаю слова». Каб аблягчыць гэтую муку, я ўжо летась пачаў укладаць беларуска-францускі слоўнік, і адначасна француска-беларускі», — пісаўГарошка Сіповічу. Праўда, да сёння слоўнік не знойдзены ані ў архівах святара ў лонданскай Скарынаўкі, ані ў іншых патэнцыйных сховах беларускай дыяспарнай кніжнай спадчыны (Парыж, Нью-Ёрк).

Віржыні Шыманец, Мары Шыманец, Лявон Шыманец, біскуп Часлаў Сіповіч, айцец Леў Гарошка.

Віржыні Шыманец, Мары Шыманец, Лявон Шыманец, біскуп Часлаў Сіповіч, айцец Леў Гарошка.

Да ўсяго, такія вядомыя дыяспарнікі, якія ведалі святара (Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Івонка Сурвілла), у электронных пасланнях за 2015–2016 пазначылі, што, верагодней за ўсё, слоўніка ў фінальнай версіі і не было, прынамсі ім нічога пра яго невядома. Ані слова няма пра слоўнікавую працу Гарошкі ў тэкстах айца Аляксандра Надсана. А таму яшчэ больш таямнічай становіцца тэма і гісторыя складання першага беларуска-французскага і французска-беларускага слоўніка (дарэчы, да сёння мы не маем ніводнага перакладнога слоўніка з французскай ці на французскую мову).

Дзеля справядлівасці варта прыгадаць імя яшчэ аднаго беларуса-дыяспарніка, сарбонаўца, спрычыненага да слоўніка, — Яўхім Скурат, які да пераезду ў Канаду жыў у Францыі і ўклаў значную частку беларуска-французскага слоўніка, рэдагаванага айцом Гарошкам. Хутчэй за ўсё, гэта адзін і той жа слоўнік, пра які ўзгадвае Гарошка ў лістах да Чэслава Сіповіча:

«Гэтым разам працаваў амаль выключна над беларуска-францускім слоўнікам. Ужо пераклаў 8 тысяч слоў — яшчэ асталося 14. Прыходзіцца шмат слоў дадаваць падчас тлумачэньня. Праца гэтая надзвычай марудная і, як для мяне, дык цяжкая, бо часам прыходзіцца траціць цэлыя гадзіны часу, каб знайсьці якое францускае слова для азначэньня беларускага, якога няма ані ў расейскай, ані ў польскай мове — а такіх слоў ёсьць больш 3-х тысяч». (17.01.1950)

«Вельмі шмат часу і энэргіі забіраюць няраз стараньні падшукаць адпаведнае слова. Сапраўды прыходзіцца перажываць ня раз тое, што францускія пісьменьнікі называюць «мукаю слова». Каб аблягчыць гэтую муку, я ўжо летась пачаў укладаць беларуска-францускі слоўнік, і адначасна француска-беларускі. Праца гэтая ўжо пасунулася даволі далёка. Каб было пару месяцаў часу, дык-бы беларуска-францускі слоўнік на 22 тысячы быў-бы гатовы зусім. Але і ў гэтай працы, зноў тая самая мука слова не дае супакою. Каб знайсьці адпаведныя трапныя словы  пастанавіў упарадкаваць сваю зборку прыказкаў і цяпер ужо маю якіх 7 тысячаў прыказак, можа нават і з гакам […]. Словам праца адна за другую вяжацца ў неразрыўны ланцуг і ніколі не дае хвіліны супачынку». (7.12. 1950 )

Праўда, у лістах Леў Гарошка не прыгадвае дапамогу Яўхіма Скурата: мажліва, той далучыўся да супрацы пазней. Тым не менш, слоўніка нідзе няма, і хочацца верыць, што недзе ён усё ж такі рупліва захоўваецца.

Хоць святар прыбыў у Францыю, не ведаючы французскай мовы, паступова ён авалодаў ёю — у франкамоўных зборніках з’яўляюцца тэксты святара — «Le culte de Notre Dame en Biélorussie» («Культ Дзевы Марыі ў Беларусі»), перакладзены ў 1956 годзе з дапамогаю прафесійнага перакладніка, пазней ён рыхтуе справаздачы па-французску для Кангрэсу працоўных хрысціянаў (напрыклад, «Situation actuelle de la vie religieuse en Biélorussie» // «Сучасны стан рэлігійнага жыцця ў Беларусі»). На Кангрэсах Міжнародага Руху працоўных хрысціянаў Леў Гарошка не толькі выступаў па-французску, але здабыў сімвалічную падтрымку ў бок Беларусі і Украіны, дзвюх забытых нацый Еўропы, без іх, як пастанавіла Рада Кангрэсу, «будучыня Еўропы не ўяўляльная».

Іншае важнае, вартае памяці і адмысловай заўвагі змаганне святара на франкамоўнай ніве — змаганне ў Францыі за назоў «уцякач» і пазней «мігрант беларускага паходжання» (réfugié d’origine Biélorussien), за беларускую прысутнасць у Францыі наагул. Бо не аднойчы — у 1955 і 1970 гадах — Французскае бюро па абароне ўцекачоў і апатрыдаў спрабавала замяніць назоў réfugié d’origine biélorussien (уцякач беларускага паходжання) на назоў réfugié d’origine russe (уцякач расійскага паходжання)ці réfugié d’origine polonaise (уцякач польскага паходжання). Такое рашэнне прымалася як пад прэсам уласна французскага русафільства, якое ігнаравала і ігнаруе дасюль існаванне беларусаў і ўкраінцаў, якія бачыліся, як субэтнас расіян, так і пад уплывам савецкай дыпламатыі, якая спрабавала навязаць Францыі негатыўны вобраз уцекачоў з Беларусі і Украіны. Да ўсяго ў справу часцяком дамешвалася праасімілятараская пазіцыя колькасна вялікай польскай дыяспары, якая бачыла і пазначала на Захадзе беларусаў з Заходняй Беларусі, як  палякаў.

Злева направа: а. Аляксандр Надсан, Аўген Вярбіцкі, а. Язэп Германовіч, а. Леў Гарошка, Павал Навара. Агарод Марыян-Хаўса (Лондан). 1960 г. Фота nn.by

Злева направа: а. Аляксандр Надсан, Аўген Вярбіцкі, а. Язэп Германовіч, а. Леў Гарошка, Павал Навара. Агарод Марыян-Хаўса (Лондан). 1960 г. Фота nn.by

У такой складанай і маласпрыяльнай беларусам сітуацыі Леў Гарошка знаходзіў сілы і аўтарытэтных сяброў у Францыі і Ватыкане: вядома, што яшчэ ў 1946 годзе Гарошку ўдалося вярнуць у рэлігійныя тэксты назву «Беларусь», выдаваць у Ватыкане тэксты па-беларуску і пераканаць Усходнюю Кангрэгацыю ў тым, што лацінская назва «Rutheni» азначае не толькі сучасную Украіну, але і Беларусь. Таксама ў 1946 годзе французскія рэлігійныя ўлады падтрымалі стварэнне «Каталіцкай беларускай місіі ў Францыі». Усё гэта, няма сумневу, дапамагала беларусам Францыі ў змаганні за свае месца побач з больш актыўнымі і вядомымі на Захадзе палякамі і расійцамі.

У свецкай сферы архімандрыт Гарошка дзейнічаў разам з Міколам Абрамчыкам, прэзідэнтам Рады БНР, з Міхасём Наўмовічам, які ўзначальваў «Беларускі Хаўрус» у Францыі, і з Леанідам Шыманцом, які ўзначальваў арганізацыю «Незалежная беларуская моладзь». З архіваў Скарынаўкі вядомыя іх лісты ад 1955 году міністру замежных спраў Антуану Пінэ, а ў 1970–1971 гадах — міністру замежных спраў Марысу Шуману і прэм’ер-міністру Францыі Жаку Шабан-Дэльмаcу.

Напрыклад, ліст Льва Гарошкі, Міколы Абрамчыка і Міхася Наўмовіча ад 23.06.1955 міністру замежных спраў Францыі А. Пінэ наконт прызнання беларускай нацыянальнасці ўцекачоў з тэрыторыі Беларусі ў Францыі атрымаў падтрымку міністра. У выніку ўвосень 1955 года беларусы Францыі атрымалі афіцыйны адказ ад спадара Гейро, дырэктара Французскага бюро па абароне ўцекачоў і апатрыдаў, у якім быў прызнаны адзіны слушны назоў — «réfugié biélorussien».

Праз пятнаццаць гадоў, у 1970-м, сітуацыя паўтарылася, і Леў Гарошка зноў разам з Наўмовічам і Шыманцом напісалі ліст прэм’ер-міністру. І зноў Міністэрства замежных спраў падтрымала просьбу беларускіх актывістаў Францыі і дазволіла беларусам самастойна абіраць і пазначаць нацыянальнасць у картках і пашпартах.

Сёння імя Льва Гарошкі забытае ў Францыі, у Парыжы няма завулка, які б меў імя святара, беларуская дыяспара Францыі амаль асімілявалася, а французы слаба ведаюць Беларусь, зноў блытаюць яе з Расіяй і Польшчай. У Парыжы няма ані беларускага цэнтру, ані гіду па беларускіх мясцінах Парыжу (ды і Францыі, шырэй гледзячы), згубіўся рукапіс першага беларуска-французскага, а таксама французскага-беларускага слоўніка, калі верыць лістам Льва Гарошкі. Ды і сам Леў Гарошка, хоць і памёр у Парыжы, быў рупліва перавезены і пахаваны Аляксандрам Надсанам у Лондане. І тым не менш, на малавядомыя вычыны Льва Гарошкі не варта забывацца. Змаганні Гарошкі з французскімі міністэрствамі і слыннай французскай сляпой русафіліяй — гэта яскравы след у развіцці французска-беларускіх стасункаў. Надышоў час адкрыць, апублікаваць ягоную малавядомую спадчыну на ніве франкамоўнай беларусікі, вярнуць Беларусі не проста імя вядомага святара і рэлігійнага празаіка, а імя малавядомага мовазнаўцы, складальніка слоўнікаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.