Платформа Lepsh.school ад «Годна» запускае аўтарскі анлайн-курс Андрэя Хадановіча
Аўтарскі анлайн-курс Андрэя Хадановіча «Таварыства жывых паэтаў і паэтак» — пра беларускую паэзію як частку сусветнай літаратуры і пра сусветную культуру ў беларускіх вершах. Ён стане першым у серыі адукацыйных праграм пра беларускую культуру, гісторыю і ідэнтычнасць.

Фота з rfi.fr
На курсе гаворка пойдзе пра творчыя ўплывы і «паралельныя» адкрыцці аўтараў і аўтарак, пераемнасць і разрывы ў беларускім літаратурным працэсе, мастацкі пераклад і яго ўплыў на арыгінальную творчасць.
Праграма складаецца з 10 лекцый-заняткаў і рухаецца ад класікаў беларускай літаратуры да паэзіі 2020-х, паказваючы, як беларуская лірыка развівалася ў дыялогу з сусветнай культурай, перакладам, музыкай і грамадскімі падзеямі.
Удзельнікі змогуць лепш разумець беларускую паэзію, яе кантэксты, сувязі з сусветнай літаратурай і схаваныя гісторыі, а таксама — чаму знаёмыя тэксты працягваюць гучаць актуальна сёння. Курс разлічаны як на шырокую аўдыторыю, так і на тых, хто выкладае, піша, перакладае або працуе з тэкстамі.
Курс не бясплатны. Яго кошт складае 59 еўра (менш за 6 еўра за лекцыю).
Пасля завяршэння курса ўдзельнікі атрымаюць сертыфікат.
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, аўтар дзясяткаў кніг паэзіі і перакладаў, лаўрэат прэмій Наталлі Арсенневай, Карласа Шэрмана і «Кніга года», стваральнік і мадэратар «Перакладчыцкай Майстэрні», выкладчык у ЕГУ і Школе маладога пісьменніка, аўтар лекцый на YouTube-канале CHADANOVIČ.
Фармат: 10 анлайн-заняткаў
Пачатак: 13 траўня 2026 года (доступ да заняткаў захоўваецца 3 месяцы)
Падрабязнасці, рэгістрацыя і кантакт з арганізатарамі: https://lepsh.school/hadanovich