Беларусь дапамагае Расіі ў правядзенні мабілізацыі на вайну ва Украіне
Беларусь закрыла магчымасць для расіян-ухілістаў ад службы ў войску выехаць за мяжу праз яе тэрыторыю. Расія, нягледзячы на заклікі Дональда Трампа, будзе працягваць вайну, але хоча перамір'я на адзін дзень. А Пентагон адчуў на сябе ўсю моц свабоды слова. Ідуць 1527-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 177 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 30 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 41 штурм расіян ў бок Навапаўлаўкі, Біліцкага, Кучарава Яру, Радзінскага, Маладзецкага, Пакроўску, Грышына, Котліна, Удачнага, Мураўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 24 атакі расіяну раёнах Прылук, Аленаканстанцінаўкі, Дабраполля, Варвараўкі, Гуляйполя і ў бок Залізнічнага, Стараўкраінкі, Гуляйпольскага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 22 атакі паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінавага Яру, Аляксандра-Шульціна і Сцяпанаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана дзевяць боесутыкненняў у раёнах Ваўчанску, Старыцы, Ваўчанскіх Хутароў, Ахрыміўкі, Краснага Першага.
* * *
У ноч на 30 красавіка Расія атакавала Украіну балістычнай ракетай «Іскандэр-М», 206 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Праціўпаветранай абаронай збіта/задушана 172 БпЛА на поўначы, поўдні, захадзе і ўсходзе краіны.
Уначы 30 красавіка Расія нанесла дзве хвалі масіраваных удараў па Адэсе. Найбольшыя разбурэнні зафіксаваныя ў Прыморскім раёне — пашкоджаныя шматпавярховыя жылыя дамы, дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр, гатэль. Пацярпелі 18 чалавек, двое знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане.
У Дзяржынску Ніжагародскай вобласці Расіі дроны атакавалі завод выбуховых рэчываў імя Свярдлова. У раёне завода чулі выбухі, а пазней бачылі слуп дыму.
Пасля атакі ўкраінскіх дронаў на расійскую станцыю перапампоўкі нафты «Перм» у Пермскім краі загарэліся як мінімум два рэзервуары з палівам. Кожны такі рэзервуар месціць да 50 000 м кубічных нафты — гэта прыкладна 314 тыс. барэляў або больш за $37 млн па бягучых цэнах.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін 29 красавіка правялі тэлефонную размову, паведаміў памочнік кіраўніка Крамля Юрый Ушакоў.
Трамп, як распавёў памочнік Пуціна, акцэнтаваў увагу на важнасці спынення баявых дзеянняў паміж РФ і Украінай. Амерыканскі лідар запэўніў, што кантакты і з Масквой, і з Кіевам будуць працягвацца. «Трамп верыць, што ўгода, якая паклала б канец канфлікту, ужо блізкая», — дадаў Ушакоў.
Ушакоў сказаў, што Трамп пазітыўна ацаніў «Велікоднае перамір’е». «У сувязі з гэтым Пуцін праінфармаваў амерыканскага калегу пра гатоўнасць аб’явіць перамір’е і на перыяд святкавання дня перамогі. Трамп актыўна падтрымаў гэтую ініцыятыву, адзначыўшы, што свята знаменуе нашу агульную перамогу над нацызмам у Другой сусветнай вайне», — дадаў Ушакоў.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распавёў пра размову з Уладзімірам Пуціным крыху інакш, паведамляе Clash Report.
Амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў, што размаўляў з Пуціным крыху пра Іран, але ў асноўным пра Украіну. «У нас была вельмі добрая размова. Я думаю, што мы адносна хутка знойдзем рашэнне, спадзяюся. Чаго ён хоча? Я думаю, Пуцін хацеў бы бачыць рашэнне, могу вам сказаць. І гэта добра», — сказаў Трамп.
«Пуцін сказаў мне, што хацеў бы далучыцца да ўзбагачэння (іранскага) урану, калі гэта дапаможа нам яго атрымаць. Я адказаў, што аддаў бы перавагу таму, каб ён далучыўся да спынення вайны з Украінай», — распавёў прэзідэнт ЗША.
Трамп сказаў, што гэта ён прапанаваў Пуціну травеньскае перамір’е. «Я прапанаваў яму аб’явіць хаця б частковае перамір’е, і, думаю, ён можа гэта зрабіць. Магчыма, ён зробіць адпаведную заяву», — адзначыў Трамп.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін прапануе перамір’е на 9 траўня, паколькі хвалюецца за «сваю прапагандысцкую падзею» і не можа гарантаваць бяспеку нават у Маскве, заявіў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры СНБА Украіны Андрэй Каваленка.
Паводле яго слоў, перамір’е на адзін дзень, 9 траўня — «смешна, і наогул не мае нічога агульнага з набліжэннем да завяршэння вайны».
Каваленка адзначыў, што Пуцін можа проста завяршыць вайну, спыніўшы агонь у прынцыпе. «Але не, ён перажывае за сваю прапагандысцкую падзею, бо не здольны гарантаваць ніякую бяспеку нават у Маскве. І гэта спрабуюць выдаць яшчэ і за расійскую паслугу», — адзначыў кіраўнік ЦПД.
* * *
Беларусь запусціла сумесную з РФ базу памежнага кантролю, і цяпер расіян-прызыўнікоў з забаронай на выезд з Расіі перасталі выпускаць за мяжу ў Беларусі, паведамляе «Белсат».
Прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі пацвердзіў, што Мінск не выпускае расіян, якім забаронены выезд. «Калі дадуць адказ, што выезд не абмежаваны, калі ласка, можна выязджаць з тэрыторыі Беларусі. Калі выезд забаронены, то ўсе пытанні да РФ. Калі асоба будзе ў базе, яе не выпусцяць. Калі яе не будзе ў базе асоб, якім забаронены выезд, мы выпусцім», — патлумачыў ён.
Пра першы выпадак, калі Беларусь забараніла выезд расіяніну, стала вядома 27 красавіка. Мужчына атрымаў электронную позву і павінен быў прыбыць на медыцынскае абследаванне 29 красавіка, пасля чаго ў электронным рэестры з’явілася забарона на яго выезд з РФ. Расіянін паспрабаваў выехаць за мяжу праз Беларусь, але яго не пусцілі на рэйс у Тбілісі. Пазней ён атрымаў адмову ў вылеце па расійскім пашпарце ў Ерэван.
Паводле слоў аналітыка Украінскага цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва Назарыя Барчука, сілавікі шукалі і экстрадавалі расіян-уцекачоў з Беларусі яшчэ з сакавіка. А рашэнне аб закрыцці мяжы можа быць адным з індыкатараў падрыхтоўкі РФ да ўзмацнення мабілізацыі.
«Цяпер такія паведамленні пра перакрыццё межаў і затрыманні могуць сведчыць не толькі пра шчыльнае супрацоўніцтва паміж вышэйшымі службовымі асобамі дзяржаў, але і пра ўкараненне больш жорсткага фармату мабілізацыі. У гэтым выпадку перакрыццё межаў з’яўляецца мерай засцярогі, якая мае на мэце ў поўнай меры абмежаваць ухіленне ад прымусовай службы», — сказаў эксперт.
Як тлумачыць ваенны эксперт Павел Нарожны, перакрыццё межаў з’яўляецца крытычна важным для напаўнення расійскай пяхоты, якая часткова фарміруецца з прызыўнікоў.
«Тое, што прызыўнікоў адпраўляюць на фронт — гэта факт. Найперш гэта тычыцца жыхароў часова акупаваных тэрыторый — Крыма, Данецкай і Луганскай абласцей. Іх або кідаюць на фронт, або яны замяшчаюць расійскіх кантрактнікаў у тыле. Усе гэтыя захады для таго, каб прызыўнікі і тыя, хто падлягае мабілізацыі, не ўцякалі. Гэта вельмі важна для напаўнення арміі РФ», — сказаў ён РБК-Украіна.
* * *
Пасля ціску з боку амерыканскіх заканадаўцаў і скандалу ў СМІ Пентагон афіцыйна разблакаваў пакет ваеннай дапамогі для Украіны на суму 400 мільёнаў долараў, паведамляе Kyiv Post.
Раней сенатар-рэспубліканец Мітч Мак-Конэл у калонцы для The Washington Postабвінаваціў Пентагон у сабатаванні дапамогі Украіне.
Заяву аб размарозцы грошай міністр вайны ЗША Піт Хегсет зрабіў падчас слуханняў у Камітэце па ўзброеных сілах Палаты прадстаўнікоў. «Сродкі былі вызвалены па стане на ўчора», — заявіў Хегсет падчас пасяджэння.
Нагадаем, што гэтыя фінансы былі ўхваленыя Кангрэсам яшчэ ў 2025 годзе, аднак заставаліся замарожанымі. Пентагон не мог патлумачыць прычыны затрымкі.