The Sunday Times: выпадкі канібалізму ў арміі РФ — не фэйк
The Sunday Times расследавала матэрыялы пра выпадкі канібалізму мінулай зімой у арміі РФ і прыйшло да высновы, што гэтым звесткам можна верыць. Адначасова Расія мае такія ж праблемы, як і Украіна: заканчваюцца боепрыпасы для СПА. А колькасць жадаючых дапамагчы Украіне ўсё павялічваецца. Ідуць 1524-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца — Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 241 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 55 штурмаў расіян у раёнах Ніканораўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Грышына, Котліна, Удачнага, Мураўкі, Маладзецкага, Філіі, Біліцкага і іншых.
На Гуляйпільскім кірунку адбылося 37 атак расіяну бок Дабраполля, Залізнічнага, Варвараўкі, Чароўнага, Прылук, Стараўкраінкі, Горкага, Уздвіжаўкі, Святапятроўкі, Аленаканстанцінаўкіі іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 26 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Аляксандра-Шульціна, Сафіеўкі, Кучаравага Яру, Сцяпанаўкі, Вольнага і Русінава Яру.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 11 разоў атакавала пазіцыі УСУ ў раёнах Старыцы, Ліману, Ахрыміўкі, Зямлянкі, Круглага, Краснага Першага, Ваўчанску.
На Ліманскім кірунку расійцы 10 разоў спрабавалі прасунуцца ў кірунку Лімана, Дзібровы, Шыйкаўкі і Дробышава.
На Купянскім і Аляксандраўскім кірунках зафіксавана па дзевяць боесутыкненняў на кожным
* * *
Расія адчувае нястачу ракет, з-за чаго яе супрацьпаветраная абарона губляе здольнасць адбіваць атакі беспілотнікаў, заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі падчас сустрэчы з начальніцай Штаба абароны Канады генерал-маёрам Джэні Карыньян.
«Сістэмныя паразы расійскіх вытворчых аб’ектаў дадаткова зніжаюць магчымасці супрацьпаветранай абароны праціўніка, які ўжо адчувае дэфіцыт ракет для процідзеяння ўкраінскім беспілотным сістэмам і сродкам паразы», — сказаў галоўкам.
Таксама Сырскі распавёў пра бягучую абстаноўку на лініі баявога сутыкнення.
«Сітуацыя застаецца складанай. Праціўнік актывізаваў наступальныя дзеянні практычна па ўсёй лініі фронту. У той жа час Сілы абароны Украіны робяць стаўку на ўзважанае планаванне, інавацыйныя рашэнні і эфектыўнае прымяненне наяўных сродкаў паразы. У выніку праціўнік нясе страты, якія перавышаюць яго магчымасці па даўкамплектаванні падраздзяленняў», — сказаў Сырскі.
Сырскі падзякаваў ураду Канады за ваенную дапамогу, у прыватнасці праз фонд NSATU і ўдзел у Чэшскай ініцыятыве.
* * *
У ноч на 27 красавіка расійская армія масіравана атакавала Адэсу дронамі. У выніку ўдараў пашкоджаны дамы, гатэль і аўтамабілі, зменшага 11 чалавек, сярод якіх 2 дзяцей, пацярпелі.
Увечары 26 красавіка Расія атакавала дронамі некалькі грамад Сумскай вобласці. Пашкоджана інфраструктура і жылыя дамы, абышлося без пацярпелых.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што праводзіць «добрыя размовы» з украінскім кіраўніком Уладзімірам Зяленскім і расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у межах намаганняў па завяршэнні расійска-ўкраінскай вайны, паведамляе Reuters.
«Я сапраўды камунікую з ім, а таксама камунікую з прэзідэнтам Зяленскім, і гэта добрыя размовы», — адзначыў ён, не ўдакладніўшы часу гэтых кантактаў.
Трамп запэўніў, што працуе над урэгуляваннем вайны Расіі супраць Украіны. «Мы працуем над сітуацыяй з Расіяй, Расіяй і Украінай, і спадзяёмся, што сможам гэта вырашыць», — дадаў ён.
У той жа час кіраўнік Белага дома заявіў, што нібыта «нянавісць паміж Пуціным і Зяленскім з’яўляецца бессэнсоўнай», назваўшы гэта перашкодай для дасягнення міру, і зноў паабяцаў завяршыць вайну ва Украіне.
* * *
Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду на сумеснай прэс-канферэнцыі з Уладзімірам Зяленскім запэўніла ў поўнай падтрымцы Украіны, у прыватнасці нагадаўшы пра гатоўнасць сваёй краіны далучыцца да «Кааліцыі рашучых».
Яна заклікала забяспечыць максімальную падтрымку краіне, якая змагаецца за лепшыя дэмакратычныя каштоўнасці, ваюючы з агрэсарам.
«Мы павінны больш падтрымліваць Украіну і аказваць большы ціск на Расію. Мы павінны зрабіць так, каб кожны акт злачынства не застаўся без адказнасці і рэакцыі», — падкрэсліла Санду.
«Мы гатовыя далучыцца да Кааліцыі рашучых, і мы абмяркоўваем з украінскай камандай, як гэта ажыццявіць, улічваючы, што мы нейтральная краіна. Бо мы ўжо дапамагалі ў мінулым, у прыватнасці, з навучаннем сапёраў, і зараз працуем над пытаннямі, якія Малдова магла б даць у межах Кааліцыі», — дадала яна.
* * *
Украіна падпісала пагадненне з ЕБРР аб 30 мільёнах еўра на першы этап аднаўлення ахоўнага збудавання на Чарнобыльскай АЭС, паведаміў першы віцэ-прэм’ер-міністр энергетыкі Украіны Дзяніс Шмыгаль.
«У межах канферэнцыі падпісалі пагадненне з ЕБРР аб 30 млн еўра на першы этап аднаўлення канфайнмента — ацэнку пашкоджанняў, распрацоўку рашэнняў і праектаванне, што дазваляе пачаць неабходныя работы і ажыццяўляць загадзя закупку абсталявання», — сказаў Шмыгаль.
Паводле папярэдніх падлікаў, кошт аднаўлення і ўзмацнення бяспекі канфайнмента пасля ўдару расійскага дрона ў лютым 2025 года складае каля 500 млн еўра.
* * *
The Sunday Times са спасылкай на атрыманыя ад украінскай разведкі матэрыялы піша пра выпадкі канібалізму мінулай зімой у арміі РФ.
Украінскія разведчыкі перадалі выданню матэрыялы, якія ўключаюць фатаграфіі і перахопленыя аўдыязапісы размоў паміж расійскімі ваеннымі. Гаворка ідзе як мінімум пра пяць выпадкаў, калі ваеннаслужачыя звярталіся да канібалізму.
Выданне прааналізавала выявы і запісы з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння для іх верыфікацыі і прыйшло да высновы, што яны не былі штучна створаны або зменены.
У адным з эпізодаў апісваецца інцыдэнт каля Мірнаграда ў лістападзе 2025 года. Па даных неназванага афіцэра, расійскі ваенны з пазыўным Храмы забіў двух салдат і спрабаваў ужыць у ежу частку цела аднаго з іх. Пасля гэтага ён быў ліквідаваны падчас інцыдэнту з іншымі ваеннымі.
Іншыя аўдыязапісы ўтрымліваюць згадкі пра падобныя інцыдэнты. У адным з іх ваенны скардзіўся камандзіру на салдата, які, паводле яго слоў, «еў чалавечае мяса». Асобна паведамляецца пра загад аднаго з камандзіраў, у якім сярод забарон згадваўся і канібалізм.
«Працяглыя наступальныя аперацыі, такія як уварванне Расіі ва Украіну, патрабуюць пастаяннага патоку паставак на перадавую. Экстрэмальнае надвор’е, якое мы назіралі мінулай зімой, стварыла нагрузку на транспартныя сеткі і забеспячэнне войскаў», — пракаментаваў амерыканскі ваенны аналітык Вікрам Міттал.