Беларусь у галіне кантролю за інтэрнэтам рушыць па шляху Расіі?
Украінскі Цэнтр процідзеяння дэзінфармацыі сцвярджае, што ўлады Беларусі ўжо пачалі прымусова зніжаць хуткасць інтэрнэту і ўкараняць ліміты на трафік. На іх думку, Мінск сінхранізуе беларускія карныя механізмы з крамлёўскімі стандартамі. А ЗША пераймаюць вопыт Украіны, нягледзячы на Трампа. Ідуць 1523-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з news.myseldon.com
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 149 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 34 штурмы расіян у раёнах Навапаўлаўкі, Зацішак, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Пакроўску, Грышына, Котліна, Біліцкага, Удачнага, Мураўкі, Маладзецкага, Навападгароднага.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 18 атак у раёнах Стараўкраінкі, Гуляйполя, Зялёнага, Святапятроўкі, Гуляйпольскага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак паблізу Плешчыеўкі, Канстанцінаўкі, Іванаполля, Прадцечына і Іллінаўкі.
На Ліманскім кірунку УСУ адбілі дзевяць спроб расіян прасунуцца наперад, на Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках армія РФ ажыццявіла па восем штурмаў на кожным.
* * *
Армія РФ прасунулася ў раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці, паведамляюць аналітыкі праекта DeepState. Таксама расіяне прасунуліся ў раёне горада Радзінскага Пакроўскага раёна Данецкай вобласці: плошча пад іх кантролем павялічылася на 0,19 кв. км.
* * *
У ноч на 26 красавіка Расія атакавала Украіну 144 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 124 БпЛА.
Раніцай 26 красавіка армія РФ атакавала беспілотнікамі Чарнігаў. У прыватным сектары горада ўзніклі пажары. Адзін «шахед» узарваўся каля шматпавярховага дома. Удакладняецца інфармацыя пра магчымых пацярпелых.
У ноч на 26 красавіка ў Дняпры прагрымелі выбухі. На аб’екце інфраструктуры ўзнік пажар. Па папярэдніх даных, абышлося без пацярпелых. Маніторынгавыя каналы сцвярджаюць, што горад атакавалі рэактыўныя БПЛА.
Расійскія войска 26 красавіка атакавалі інфраструктуру ў Адэсе. Жылая забудова не пацярпела, інфармацыя пра пацярпелых не паступала.
У Адэскай вобласці ў выніку атак беспілотнікамі пашкоджана грамадзянская і партовая інфраструктура. Зафіксавана пашкоджанне грамадзянскага судна пад сцягам Палау, якое знаходзілася ў порце пад загрузкай. Сярод членаў экіпажа, па папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.
У ноч на 26 красавіка ў шэрагу рэгіёнаў РФ, а таксама на акупаваных тэрыторыях Украіны была абвешчана трывога з-за пагрозы беспілотнікаў. Інфармацыя пра выбухі паступала з Белгарадскай і Тамбоўскай абласцей, а таксама з Крыма. Паведамлялася, што гарыць Яраслаўскі НПЗ.
Падкантрольны Расіі кіраўнік Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў пра «адзін з самых масавых налётаў» на горад — паводле яго слоў, СПА збіла 71 паветраную мэту. Наступствы атакі ўдакладняюцца.
* * *

* * *
Украіна, як і Расія, пакуль не маюць шляхоў да працяглага міру, як і да перамогі таго ці іншага боку, піша NYT. Па даных выдання, Еўропа ўсё больш рыхтуецца да зацяжнога канфлікту, тады як перспектывы дыпламатычнага ўрэгулявання паміж Кіевам і Масквой слабеюць.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і яго каманда перамоўшчыкаў цяпер больш засяроджаныя на сітуацыі вакол Ірана. Гэта адцягвае ўвагу Вашынгтона ад актыўнага прасоўвання перамоў па вайне ва Украіне. У той жа час без актыўнай ролі ЗША і істотнага ціску на Расію дасягненне якога-небудзь пагаднення выглядае малаверагодным.
У матэрыяле адзначаецца, што сітуацыя фактычна зашла ў тупік: Украіна вымушана працягваць вайну на знясіленне, у значнай ступені разлічваючы на ўласныя рэсурсы. Пры гэтым ні адзін з бакоў не мае вырашальнай перавагі, якая б дазволіла хутка змяніць ход вайны.
Аналітыкі таксама звяртаюць увагу, што пакуль няма відавочнага пасярэдніка, які мог бы эфектыўна паўплываць адначасова і на Кіеў, і на Маскву. Папярэднія чаканні наконт хуткага завяршэння вайны не апраўдаліся. Як адзначыў эксперт Джэймс Шэр, праз больш чым год пасля гучных заяў пра магчымае хуткае ўрэгуляванне бакі фактычна застаюцца на тых жа пазіцыях, што і ў пачатку перамоў.
Такім чынам, паводле ацэнак заходніх аналітыкаў, вайна Расіі супраць Украіны ўсё больш набывае прыкметы працяглага супрацьстаяння без яснай перспектывы хуткага завяршэння.
* * *
Пентагон кардынальна мяняе стратэгію барацьбы з беспілотнікамі, абапіраючыся на вопыт вайны ва Украіне. У Фларыдзе правялі маштабныя вучэнні, дзе імітавалі масіраваныя атакі дронаў для праверкі амерыканскай абароны, паведамляе Defense One.
Па інфармацыі выдання, падчас аперацыі «Чысты гарызонт» на авіябазе Эглін байцы спецпрызначэння аднавілі тактыку «Павуціны», якую Украіна выкарыстоўвала супраць РФ.
У сімуляцыі прымянілі шырокі спектр апаратаў — ад малых камерцыйных дронаў да буйных сістэм, устойлівых да сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ). Асаблівасцю тэстаў стала выкарыстанне дронаў з оптавалаконным кіраваннем і апаратаў, якія працуюць праз сетку LTE. Гэта дазволіла аператарам кіраваць тэхнікай нават з іншых штатаў.
Вынікі вучэнняў паказалі, што амерыканскім войскам патрэбна адзіная сістэма аб’яднання даных з радараў і сродкаў перахопу. Акрамя таго, ваенныя прызналі неабходнасць стварэння танных дронаў-перахопнікаў.
Брыгадны генерал Мэт Росс, які ўзначальвае цэнтр барацьбы з БпЛА Пентагона, адзначыў, што за апошнія шэсць тыдняў ЗША выдзелілі больш за 600 мільёнаў долараў на хуткую інтэграцыю новых тэхналогій. «Мы былі ва Украіне каля шасці тыдняў таму, камунікавалі з Сіламі беспілотных сістэм... Мы разгледзелі гэтыя самыя перспектыўныя тэхналогіі і спасылаліся на даныя пра іх эфектыўнасць ва Украіне, а не на ўнутраныя выпрабаванні ведамства», — заявіў Росс.
Паводле яго слоў, развіццё аўтаномных сістэм адбываецца значна хутчэй, чым фарміруюцца гадавыя бюджэты, што стварае новыя выклікі для бяспекі.
* * *
У Беларусі ўводзяць сістэму татальнага фінансавага кантролю з лімітамі на карты і блакіроўкай рахункаў. Пад выглядам барацьбы з махінацыямі рэжым фактычна ўводзіць прэзумпцыю вінаватасці для ўсіх уладальнікаў банкаўскіх рахункаў, паведамляе ўкраінскі Цэнтр процідзеяння дэзінфармацыі пры Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.
Як паведамілі ў ЦПД, Нацбанк Беларусі рыхтуе жорсткія ліміты на колькасць плацежных карт. Цяпер любы перавод ці аплата паслуг могуць стаць нагодай для імгненнай блакіроўкі. Кліентам прыйдзецца самастойна даказваць легальнасць сродкаў, каб вярнуць доступ да сваіх грошай.
Эксперты адзначаюць, што такія крокі цалкам капіруюць расійскія рэпрэсіўныя практыкі, ператвараючы звычайныя банкаўскія аперацыі ў складаную адміністрацыйную працэдуру.
Раней рэжым ужо пачаў прымусова зніжаць хуткасць інтэрнэту і ўкараняць ліміты на трафік. Увядзенне татальнага нагляду за фінансамі разам з падрыхтоўкай да стварэння «суверэннага інтэрнэту» сведчыць пра канчатковую сінхранізацыю беларускіх карных механізмаў з крамлёўскімі стандартамі, піша ЦПД.