АМАПавец заявіў, што баіцца. Як у Магілёве судзяць блогераў Кабанава і Пятрухіна без іх прысутнасці
16 лютага Кастрычніцкі суд Магілёва аднавіў разгляд крымінальнай справы супраць блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава без саміх абвінавачаных. Як было заяўлена на працэсе, іх выдалілі з мінулага судовага пасяджэння за парушэнне парадку яго правядзення. Што адбывалася падчас суда, распавядае Свабода.
Суддзя Вольга Краўчанка не задаволіла хадайніцтва адвакатаў, каб падабаронных вярнулі на працэс. Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачвання, пазіцыю якой падтрымала суддзя, даводзіла, што абвінавачаныя выдаленыя да канца судовага следства.
Блогераў з Берасьця вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў. Акрамя таго, Пятрухіна судзяць за абразу суддзі. Ім пагражае да 3 гадоў зняволення.
Блогеры не прызналі сваёй віны
Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Сваёй віны блогеры не прызнаюць. 11 лютага на першым судовым пасяджэнні яны настойвалі, каб на працэс дапусцілі родных і журналістаў. Заля тады была запоўнена маладымі людзьмі.
16 лютага на судовае пасяджэнне трапілі трое журналістаў і двое паплечнікаў Кабанава з АГП.
Пазіцыю Кабанава агучвалі з ягоных паказанняў на папярэднім следстве. Сяргей Пятрухін адмовіўся адказваць на пытанні следчых. Паводле адваката, ён збіраўся выказаць сваё стаўленне да абвінавачання на судзе, але яго ў залю не даставілі.
У Кабанава следчыя выпытвалі пра ягоныя стасункі з Сяргеем Пятрухіным, Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Паўлам Севярынцам, Мікалаем Статкевічам, Віктарам Бабарыкам, Сцяпанам Пуцілам.
Паводле Кабанава, ён пазнаёміўся з Сяргеем Ціханоўскім у 2019 годзе, але супольных спраў з ім не меў і адмовіўся рэкламаваць ягоны канал «Страна для жизни». Са слоў абвінавачанага, ён крытычна выказваўся наконт вылучэння Ціханоўскага ў прэзідэнты.
Па словах Кабанава, уладальнікі YouTube-каналу «Народный репортёр» знаходзяцца ў Літве. Ён далучыўся да яго на просьбу Пятрухіна. У відэароліках выказваў сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне ды крытыкаваў дзеянні ўлады. Перакананы, што гэта не правапарушэнне. Кабанаў не бачыць у відэароліках падставаў для крымінальнага пераследу. Справу супраць сябе ён называе палітычна матываванай, а затрыманне — незаконным.
Абвінавачванне: «Дзеянні абвінавачаных былі скіраваныя на абвастрэнне палітычнай напружанасці ў краіне»
Паводле абвінавачвання, дзеянні Кабанава і Пятрухіна ў змове з Ціханоўскім былі скіраваныя на абвастрэнне палітычнай напружанасці ў краіне. Масавыя мерапрыемствы, арганізаваныя імі, праводзіліся без дазволу мясцовых органаў улады і парушалі грамадскі парадак.
У абвінавачанні гаварылася, што падсудныя стварылі і адміністравалі сістэму распаўсюджвання для неабмежаванага кола асобаў інфармацыі, якая ўтрымлівала непраўдзівую ацэнку нелегітымнасьці выканання службовых і грамадскіх абавязкаў прадстаўнікамі ўлады, а таксама законнасці іх патрабаванняў ды заклікі не падпарадкоўвацца ім. Яны былі стваральнікамі YouTube-каналаў: «Страна для жизни» і «Народный репортёр», а таксама іншых тэлеграм- і YouTube-каналаў, дзе выкладаліся фота-, відэа- і тэкставыя матэрыялы. За сваю працу, паводле абвінавачвання, атрымлівалі ад Сяргея Ціханоўскага грашовае ўзнагароджанне.
Пацярпелы амапавец: «Перажываю за сваіх блізкіх»
Паводле абвінавачвання, падсудныя апублікавалі фотаздымак супрацоўніка магілёўскага АМАПу Віталя Аўтушэнкі на YouTube-канале «Народный репортёр» і суправадзілі яго зневажальным каментарыем. Міліцыянт прызнаны пацярпелым і намагаецца спагнаць з абвінавачаных 1,5 тысячы рублёў за маральную шкоду.
Здымак амапаўца зьявіўся ў інтэрнэце пасля ягонага ўдзелу ў затрыманні 6 траўня пад Магілёвам блогера Сяргея Ціханоўскага. Аўтушэнка ўбачыў фота ў YouTube-канале «Народный репортёр» 8 траўня. Ён настойвае, што камэнтар да здымка дэманізуе яго і зневажае ягоны гонар і годнасць. Аўтушэнка казаў суду, што з ягонымі бацькамі пасля зьяўленьня фотаздымка перасталі размаўляць суседзі.
«Я стаў перажываць за сваіх блізкіх і родных, бо я зьяўляюся прадстаўніком праваахоўных органаў і баюся, што трэція асобы могуць прычыніць ім шкоду», — казаў на судзе Віталь Аўтушэнка.
Паводле абвінавачвання, Сяргей Пятрухін зняважыў суддзю Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанку. Лешчанка — таксама пацярпелы. Яго суд выслухае на наступным судовым пасяджэнні 19 лютага.