У палітзняволенай Ларысы Шчыраковай сёння ўначы памерла маці

Маці Ларысы Шчыраковай было 80 гадоў. Яна летась цяжка перанесла каронавірус, з'явіліся шматлікія ўскладненні. Апошнія месяцы яна не рухалася самастойна, была прыкаванай да ложка.

187697929_1472752993066599_5503899487011302592_n_1.jpg


Яе даглядаў 88-гадовы муж, тата Ларысы, напісаў у Facebook гомельскі валанцёр Ілля Міронаў.

Ларысу Шчыраковузатрымалі вечарам 6 снежня 2022 года. Яе непаўнагадовага сына адправілі ў прытулак, адкуль яго пасля забраў бацька.

Ларыса Шчыракова — вядомая ў Гомелі журналістка. Да 2021 года яна супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў, здымала дакументальныя фільмы, вяла свой праект ушанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя». Шчыракова запісвала сведчанні сваякоў рэпрэсаваных, на падставе гэтых запісаў выходзілі публікацыі і дакументальныя фільмы.

Паводле адукацыі Шчыракова — выкладчыца англійскай мовы. Раней яна ўзначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака», цяпер зліквідаваную ўладамі.

У апошнія месяцы Шчыракова кінула журналістыку і займалася этнафотасесіямі — здымала людзей у народных беларускіх строях і адпаведных месцах. У 2022 годзе яна пайшла вучыцца на факультэт псіхалогіі. Нягледзячы на пагрозы, Шчыракова заставалася ў Беларусі.


Пазней стала вядома, што супраць былой журналісткі распачалі крымінальную справу паводле артыкула 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») Крымінальнага кодэкса. Санкцыі артыкула — да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Акалічнасці крымінальнай справы невядомыя.

Падтрымаць Ларысу грашовым пераводам, прадуктова-рэчавай пасылкай, тэлеграмай або лістом можна:

Ларыса Фёдараўна Шчыракова

СІЗА-3, Гомель вул. Кніжная 1а, 246003