У Гомелі затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову, яе сын — у прытулку

Затрыманне журналісткі адбылося вечарам 6 снежня, перадае Радыё Св*бода са спасылкай на свае крыніцы. Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя.

hato1216_shchyrakova_0_1.jpg


«Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя. Толькі тое, што яна цяпер у ізалятары, сын Святаслаў — у прытулку. Ніякай ні актыўнай, ні журналісцкай дзейнасцю Ларыса апошнія гады не займалася», — паведаміла крыніца.

Вядома, што Святаслава забралі ў «Сацыяльна-педагагічны цэнтр» у Гомельскім раёне.

Ларыса Шчыракова — вядомая ў Гомелі журналістка. Да 2021 году яна супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў, здымала дакументальныя фільмы, вяла свой праект ушанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя». Шчыракова запісвала сведчанні сваякоў рэпрэсаваных, на падставе гэтых запісаў выходзілі публікацыі і дакументальныя фільмы.

Паводле адукацыі Шчыракова — выкладчыца англійскай мовы. Раней яна ўзначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака», цяпер зліквідаваную ўладамі.

У апошнія месяцы былая журналістка займалася этнафотасессіямі — здымала людзей у народных беларускіх строях і адпаведных месцах. Сёлета яна пайшла вучыцца на факультэт псіхалогіі. Нягледзячы на пагрозы, Шчыракова заставалася ў Беларусі.