Ларыса Шчыракова: «Мая журналісцкая кар’ера скончылася»

Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова сыходзіць з прафесіі. Яна лічыць, што ва ўмовах тэрору супраць незалежных СМІ ў журналістаў проста не застаецца магчымасці далей працаваць унутры краіны.

hato1216_shchyrakova_0.jpg

Што прымусіла Ларысу Шчыракову пайсці на гэты крок? Адкуль яна знаходзіла сіла на супрацьстаянне з рэпрэсіўнай сістэмай? Ці жывая журналістыка ў Беларусі? Аўтары блога "Штодзень" паразмаўлялі з журналісткай.

— Ты ў ФБ напісала, што сыходзіш з прафесіі. Што прымусіла пайсці на гэты крок?

— Тут некалькі прычын. Працуючы журналістам незалежнага СМІ, які піша пераважна на праваабарончую тэму, увесь час адчувала небяспеку. Увесь час знаходзілася ў чаканні непрыемнасцей. І гэта сітуацыя была да 2020 году ўжо. Але калі, напрыклад, “Белсат”, з якім я супрацоўнічала, абвясцілі спачатку экстрэмісцкім выданнем, а потым экстрэмісцкім фармаваннем, а сацсеткі іншага СМІ, “Вясны”, трапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, гэта стала чырвонай лініяй, за якую я не хачу пераходзіць. Акрамя гэтага, 90% майго кантэнту — гэта інфармацыя пра пераслед, умовы ўтрымання ў СІЗА, лісты палітвязням, то бок усе гэтыя тэмы, звязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі.

Я ўжо адчуваю, што перагарэла ў эмацыйным плане за апошнія паўтара года. Можа, гэта непрыстойна ў дачыненні да нашых калег, сяброў, хто пакутуе за кратамі, але моцы працаваць ўжо практычна няма. З аднаго боку, узмацнілася небяспека, з іншага — я проста перагарэла.

Пераслед быў раней, калі так можна сказаць, “лайтовы”. Але з 2016 году пачаліся ўжо суды за працу без акрэдытацыі. Да гэтага былі таксама пэўныя формы пераследу, укіды інфармацыйныя, сачэнне за асабістым жыццём, апублічванне асабістых фотаздымкаў у агульным доступе, затрыманні на акцыях... Аднак з 2018 года спецыяльна ўвялі ў Адміністрацыйны кодэкс артыкул, каб змагацца з белсатаўцамі. І за гэты час я была больш за 40 разоў прыцягнутая да адказнасці па артыкуле 22.9.

У 2020 годзе, калі пачаліся маштабныя маршы пратэсту, яны сталі адміністрацыйна затрымліваць. Суткі мне не маглі даваць, затрыманых жанчын з непаўналетнімі дзецьмі каралі толькі штрафамі. Але была лазейка ў законе, што на 72 гадзіны гэтую катэгорыю ўсё ж можна затрымліваць. Мяне па такой схеме ў 2020 годзе чатыры разы затрымлівалі. Але першы раз мне стала блага, мяне забрала хуткая, і я такім чынам пазбегла ізалятару. Аднак пасля аднаго маршу мяне падпільнавалі пад домам, завезлі ў ізалятар. На наступны дзень судзілі. Калі ж я не “адумалася”, на іх думку, то яны ўжо два разы мяне па трое сутак змяшчалі ў ізалятар. Забіралі ў пятніцу, вылаўлівалі дзесьці ў горадзе і адпраўлялі ў ІЧУ...

А яшчэ ў 2020 годзе пачалася практыка прэвентыўных затрыманняў, калі мае адбыцца нейкая акцыя, а раніцай пад тваім домам дзяжураць міліцыянты. І ты альбо дома сядзі, альбо ўцякай гародамі, альбо цябе хапаюць і вязуць кудысьці... Бывала, што затрымлівалі, але бывала, што і з хаты не выходзіла.

Гомельцы падтрымліваюць Ларысу на адным з судоў

Гомельцы падтрымліваюць Ларысу на адным з судоў

 — На цябе ж некалькі апошніх год ажыццяўляецца ціск. Адкуль ты знаходзіла сілы ўвогуле працягваць працаваць?

— Па-першае, трэба быць стрэсаўстойлівым чалавекам, трэба мець добрыя псіхічныя запасы, каб усё гэта вытрымліваць. Калі чалавек надта стрэсуе, то яму не трэба брацца за незалежную журналістыку. У нас ёсць агульная знаёмая, якая пасля пракурорскага папярэджання перастала працаваць на замежнае СМІ. Камусьці хапае пракурорскага папярэджання, а хтосьці з 45 адміністратыўкамі працуе. Трэба весці здаровы лад жыцця, не мець шкодных звычак і быць пазітыўным чалавекам.  

— Ці адчувала салідарнасць з боку людзей?

— Канешне, заўжды мяне падтрымлівала журналісцкая супольнасць. Калегі прыходзілі на суды, калегі асвятлялі працэсы. Асабліва вялікую хвалю падтрымкі я адчула ў 2017 годзе, калі пачаліся пагрозы адабрання дзіцяці, таму што я шмат разоў у той перыяд прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці. І гэта быў такі спосаб ціску на мяне праз дзіця. І тады была вельмі моцная хваля салідарнасці са звычайнымі людзьмі, якія проста прыходзілі на суды. Прадпрымальнікі з Цэнтральнага рынку нават сабралі ахвяраванні — настолькі яны былі абураныя сітуацыяй. З іншага боку, мы ж не проста журналісты, а людзі, якія маюць пэўную місію. Мы працуем пры дыктатарскім рэжыме, дзе парушаюцца правы чалавека на кожным кроку, дзе інфармацыя з боку дзяржаўных СМІ вельмі аднабаковая і прапагандысцкая. То бок, СМІ дзяржаўныя абслугоўваюць рэжым. І ў гэтым кантэксце, канешне, наша праца — гэта не проста праца, а місія даносіць да людзей праўдзівую інфармацыю, каб яны былі больш абазнанымі ў плане таго, што адбываецца ў краіне.

— Колькі ты прапарацавала і як прыйшла ў прафесію?

— У 2008 годзе я знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за дзіцём. Я на той момант была настаўніцай ангельскай мовы і гісторыі. У той жа год паўстаў тэлеканал “Белсат.” У Гомелі было некалькі карэспандэнтаў, але супраць аднаго, Сяргея Падсасоннага, была ўзбуджаная крыміналка, іншы карэспандэнт, не вытрымаўшы ціску, сышоў. Мой знаёмы Алесь Карняенка прапанаваў мне падвучыцца на тэлежурналіста. Я паехала ў Варшаву, дзе мы прайшлі журналісцкі экспрэс-курс за пару тыдняў, вывучалі аператарскую працу і асновы тэлежурналістыкі. З гэтага ўсё і пачалося. 

Ларыса на адным з пратэстовых маршаў у 2020 годзе

Ларыса на адным з пратэстовых маршаў у 2020 годзе

— Ці жывая журналістыка ў Беларусі?

— Ну, тут пытанне вельмі складанае. Ці лічыць, напрыклад, беларускай журналістыкай СМІ, якія з’ехалі, але працягваюць рабіць кантэнт для Беларусі? Я здымаю капялюш перад тым калегамі, якія працягваюць рабіць круты кантэнт, знаходзячыся ў Вільні, Тбілісі, Кіеве, Варшаве... Гэта ж якія неймаверныя высілкі трэба прыкладаць, каб ствараць матэрыялы, заставацца класным СМІ, не маючы магчымасці працаваць тут!

А што да тых, хто застаўся, сітуацыя тут сумная. Па-першае, мала хто застаўся. У нас і так рэгіянальныя СМІ былі слабыя. У Гомелі і так не было друкаваных выданняў незалежных. А тут шмат людзей паз’язджала. І гэта, канешне, знясіліла журналістыку. СМІ пазакрывалі, працаваць няма на каго легальна. Мне падаецца, што журналістыка, якая месціцца тут, яна ў вельмі кепскім стане. І гэта вельмі прыкра.

Паводле baj.by