«Безабаронны мужны баец». 12 эпізодаў з жыцця журналіста Генадзя Кеснера

Выбітны беларускі журналіст, аўтар «Новага Часу» Генадзь Кеснер 2 снежня 2021 года пайшоў з жыцця ва ўзросце 50 год пасля некалькіх гадоў мужнага змагання з ракам. Журналісты Сяргей Пульша, Таццяна Мельнічук, Вольга Бабак і Валянцін Цішко для J4T распавялі БАЖ пра чалавечы магнетызм і прыгоды Генадзя.

kesner_1.png

Разумны жыццярадасны мужчына з нязменным куфарам-дыпламатам ды гісторыямі, якія ён расказваў геніяльна. Сябры і калегі ўзгадваюць журналіста Генадзя Кеснера, які летась пайшоў з жыцця, а таксама агучваюць парачку таямніц.

Сяргей Пульша, калега Генадзя Кеснера па «Новым часе»

pulshasyargey_1.jpg

Гена быў адным з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ён адразу падхапіў гэтую ідэю. Ён быў актыўным, жыццярадасным. Гена расказваў, як у перабудовачныя часы, калі ён быў студэнтам, яны ладзілі ўва Лінгвістычным універсітэце ці то прафсаюзы, ці то страйкі.

«Сціскаем зубы, працуем далей»

Гена — крыніца пазітыву. Нават у часы сумныя — а мы з ім шмат працавалі на акцыях, дзе былі і затрыманні, і разгоны — Гена не ўпадаў у роспач, нібыта «усё прапала, ніц нема, інтэлігент з’язджай». Калі нешта непрыемнае здаралася, Генадзь казаў: «Сціскаем зубы, працуем далей».

Я ніколі яго не бачыў у дэпрэсняку або стане разгубленасці. Адкуль гэта ў ім? Гэта, можна сказаць, ад Бога.

Гена любіў музыку 80-х

Там падзяленне было: хто быў металістам — не любіў папсу, а хто любіў папсу, той не любіў металістаў. І што цікава, Генадзь Кеснер з аднолькавым задавальненнем мог слухаць і ABBA, і «Скорпіёнс», і «Металіку». У яго былі дужа разнастайныя густы, знаходзіў асалоду ва ўсім, што яго атачала.

На двары мінус 25, а гатэль без ацяплення

Неяк нас, журналістаў, Фонд Генадзя Грушавога запрасіў на канферэнцыю ў Раўбічы. Генадзь Кеснер быў знаёмы з сям’ёй Грушавых і шмат працаваў з Фондам. Канферэнцыя была ўзімку. Мы прыехалі ў Раўбічы, нас засялілі ў гатэлі. І аказалася, што пакоі не ацяпляюцца. А на вуліцы каля -25 марозу. Нам далі па тры коўдры і ўсё.

Што робіць Гена? Ён дамаўляецца з кіроўцам, які ехаў з Мінска, каб нам прывезлі дзве пляшкі гарэлкі. Адна была ў нас з сабой.

Карацей, мы ўдвох выпілі тры пляшкі гарэлкі — а нас не ўзяло, бо такая была халадэча. Генадзь яшчэ жартаваў, што мы можам на Паўночны полюс у экспедыцыю цяпер ехаць.

Іншыя людзі з’ехалі б адтуль адразу. А Гена — не. Гэткая ў яго адказнасць і працоўная, таму што трэба было матэрыял рабіць, і чалавечая.

kesner_02.png

Таццяна Мельнічук, журналістка, калега па радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», блізкі сябра

Гена для мяне — гэта брат, чалавек, на якога я заўсёды магла разлічваць, якому я давярала, ён мне давяраў. Гэта былі больш чым сяброўскія адносіны, кажу — брат.

melnichuk_1.jpg

«Трэба браць, наш хлопец»

Мы пазнаёміліся, калі журналістаў неяк запрасілі ў Нямеччыну праз Фонд Грушавога. І мы ад радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная» паехалі досыць шчыльным гуртком. Увечары на пасядзелкі да нас прыходзіць маладзенькі перакладчык Гена.

І ніколькі не саромеючыся і не стаючы ўбаку, Гена пачынае казаць, як паважае «Беларускую Маладзёжную», і не так па-прыхільніцку, а па-сяброўску. Сядае з намі, нейкі там аналіз дае некаторых працоўных момантаў. Ён адразу ўпісаўся ў нашую бяседу і вячэру як роўны чалавек.

Мы сядзелі амаль усю ноч і рагаталі. А Генка за ўвесь гэты час не паўтарыўся з ніводным анекдотам. Ён іх ведаў безліч і ўмеў прамаўляць выразна, з тварамі.

Раніцай, калі сустрэліся, то ўсе людзі з «Беларускай маладзёжнай» сказалі: «Трэба браць, наш хлопец».

Гукарэжысёр аднойчы спазняўся на працу…

Ніхто ніколі пра гэта не пашкадаваў: ён вельмі адказны і дакладны ў сваёй працы. Ён — чалавек, які скончыў ін’яз, добра ведаў беларускую, рускую, нямецкую — праз нейкі час быў не проста на падхопе, а вырас ад чалавека, які прымае званкі, да вядоўцы эфіраў, аўтара матэрыялаў. Ён нават мог замяніць гукарэжысёра.

Наш гукарэжысёр Уладзь аднойчы спазняўся на працу. І трэба было ўжо ставіць пазыўныя. А гэта не так проста. У нас быў агромністы цэх у Доме радыё з вялікімі мэзамі, шафамі, на якіх бабіны са стужкай зверху стаяць. І Гена проста за гэтым пультам уводзіць пазыўныя, нейкую музычку напачатку, пакуль Уладзь уладкоўваецца за пультам. Уладзь толькі ківае «дзякуй, справіліся з задачай, ні на хвілінку не спазніліся». Мы былі адной камандай.

pershayamaladzezhnaya_1.png

На наш апошні эфір, калі зачынялі «Беларускую маладзёжную», дазваніўся Павел Латушка, які ў той час быў студэнтам і выказваў абурэнне, што зачыняюць такую радыёстанцыю. Сярод іншых дазваніўся Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч. Ён ледзве паспеў, толькі прыехаўшы з замежжа, дабрацца да тэлефона. А тады ж стацыянарныя тэлефоны былі.

Генкаў куфар

Звычайны хлопец з Мінскага краю з рабочай сям’і сам сябе зрабіў, і стаў дасведчаным у мовах, дасведчаным у журналістыцы.

Гена заўсёды быў радыйшчыкам, я яго бачу з гэтымі нашымі гуказапісваючымі прыладамі. Спачатку ў нас былі агромністыя венгерскія рэпарцёры з бабінкамі. Пазней абсталяванне станавілася ўсё меншым і меншым. Але Генкін куфар, дзе ўсё было ўпарадкавана, усё было, заўсёды быў з ім. Бо ён заўсёды працаваў. Праца знаходзіла яго.

Гена быў жорскі і бескампрамісны да ўлады, казаў усё так, як думае. Між тым ні з кім з сяброў або герояў сюжэтаў ён не застаўся ворагам: умеў выслухаць, пакідаў чалавека пры сваёй пазіцыі. Паважаю цябе за тое, што ты маеш сваё меркаванне — па класіцы.

«Шуруйце ўсе сюды. Я паесці прыгатаваў»

Апошнімі гадамі мы здымалі кватэрку для каворкінга, і я бачыла, што апошнім часам у яго не было лішняй хвілінкі. Ён рабіў і рабіў якасна, дакопваўся да сутнасці. Ён такі працаздольны быў яшчэ і таму, што была неабходнасць утрымліваць сваю сям’ю: ён дапамагаў маці, у якой былі праблемы са здароўем. І ніводнага разу ён не сказаў, што гэта абуза ці штосьці такое. Гэта было для яго нармалёва.

Сядзім мы ў сваім каворкінгу, я — амаль сляпая — спрабую там пікі нармалізаваць, амплітуды і чую Генкаў голас з кухні: «Слухайце, шуруйце ўсе сюды. Я паесці прыгатаваў». Ён шмат мог зрабіць амаль з нічога.

Новы год з догам, кавалкам хлеба і парачкай цыгарэт

Мне асабіста Гена дужа дапамагаў. Я ж кажу — брат. У мяне доўга і цяжка хварэла сястра. І часта даводзілася кідаць усё і ехаць з Мінска ў Брэст. І тады ў мяне ў хаце заставаўся Генка, заставаўся разам з аграменным догам, які важыў больш за мяне. Звалі сабаку Ізя, скарочана ад Ізюм. Аднойчы Гена з гэтым догам Ізям правёў навагоднюю ноч, таму што я не магла вярнуцца з Брэста. І Генка сустракаў Новы год з гэтым догам, кавалкам хлеба і парачкай цыгарэт. Балюча мне дагэтуль. Але пазней у анекдот перарасло.

З Ізям на руках

Гэты Ізя ніякай канкурэнцыі не цярпеў. Галубы, коткі, іншыя сабакі — гэта канец. А не дай бог счэпіцца з кім. І я Генку папярэдзіла, глядзі, каб зграйкі дваровых сабак не было. І ў нас анекдот быў. Генка з Ізям выходзяць з пад’езда і бачаць гэтую зграйку. Генка хапае Ізю на рукі і нясе праз ўвесь двор. Расказвае мне потым: «Я іду, а Ізя на мяне паглядае нібыта «ну ты даеш».

Памідоравы суп

Калі Генка цяжка захварэў і прагнозы былі не надта суцяшальныя, ён іншым разам да мяне прыязджаў, а я рабіла суп са свойскіх памідорчыкаў замарожаных. Апошнімі днямі я запрасіла яго на памідоравы суп, а ён мне кажа: «Таня, я пэўна, ужо не даеду».

У апошнія дні ён любіў проста выходзіць з пад’езду і сядзець глядзець на свет. А я смяялася, што ён, як у Японіі, напаўняе свае часы сузіраннем. Генка мне адказваў, што яму так лягчэй.

kesner_03.png

Адмазала яго ад арміі

Генка казаў некалькі разоў, што ўсё жыццё будзе памятаць, што я зберагла яго ад арміі ў свой час. А я не памятаю той гісторыі. Так, сапраўды, у часы «Беларускай маладзёжнай» я нейкаму начальніку пры Міністэрстве абароны сказала, што Генка ў нас такі супрацоўнік, што ніяк яму не трэба ў армію.

Сямейная таямніца Кеснераў

Адкуль прозвішча Кеснер? Гэта сямейная таямніца. Генава бабуля, якая дала прозвішча свайму сыну Віктару — бацьку Гены, так і не адкрыла таямніцу, хто быў той чалавек — Кеснер, хто быў дзядулем майго сябры.

Мы неяк прыкідвалі варыянты, што гэта можа быць звязана з тымі людзямі, якія працавалі тут у Беларусі пасля вайны. Генаў бацька Віктар быў народжаны пасля вайны. Мажліва, гэта быў нехта са спецыялістаў, мажліва нехта з палонных. Але бабуля насталяла на тым, каб запісаць свайго сына менавіта на гэта прозвішча. І Генка насіў яго з гонарам, казаў, што яго продак працягвае жыць у ягоным прозвішчы.

Вольга Бабак, калега і блізкі сябра

Гена — самы незласлівы, наіўны, даверлівы чалавек з усіх, каго я ведаю. Памятаю, яшчэ ў «радыйныя» часы, ці то напрыканцы 1990-х, ці на пачатку 2000-х, Міхал Анемпадыстаў узняў тост за Генава сэрца, віншуючы яго з народзінамі. Тут жа нейкі востры язык прапанаваў тост за яго пячонку, але Гена разам з іншымі толькі пасмяяўся, а не пакрыўдзіўся.

kesner_04.png

«Генадзь  —  маладзец!»

Наогул, Гена часта рабіўся аб’ектам незласлівых жартаў. Неяк раніцай усе працоўныя камп’ютары ў офісе ззялі скрынсэйверам з надпісам «Генадзь  —  маладзец!»

А Гена хранічна не сябраваў з тэхнікай і паўдня квяціста мацюкаўся і гнеўна мітусіўся, намагаючыся знайсці вінаватага і прымусіць яго прыбраць надпіс, бо сам не ўмеў.

Мойша і Цыля

Мы ведалі напамяць інтанацыі ўсіх ягоных Мойшаў, Цыляў ды іншых персанажаў, якія бясконца ажывалі ў ягоным выкананні:

«— Золото есть? — Да, 120 кг. Розочка, золотко, вставай, за тобой пришли!»

«— Изя, закрой окно, на улице холодно. — А что, если я закрою окно, на улице станет теплее?..»

Нават калі ніхто ўжо ў соты раз не смяяўся, Гену гэта не засмучала — яму прыносіў задавальненне сам працэс.

kesner_05.png

Уначы піянеры аднеслі яго соннага разам з ложкам на могілкі

Гена і сам быў хадзячым анекдотам, нават у сваіх фобіях. Адзін з яго каронных расповедаў быў пра тое, як ён быў важатым у лагеры, і ўначы піянеры аднеслі яго соннага разам з ложкам на могілкі, а ён прачнуўся сярод крыжоў і «ледзь не даў дуба са страху».

У вёсцы ў маёй бабулі, куды мы прыехалі кампаніяй на некалькі дзён, Гену вельмі непакоіла пустая і цёмная хата Юзіка насупраць. А па начах Гену палохалі «засушаным польскім жаўнерам» у адной з бабуліных старых шафаў. Гена падскокваў, нервова ішоў паліць на двор, але вельмі хутка вяртаўся, бо там жа ж хата Юзіка…

Пры «геаграфічным ідыятызме» цудоўна памятаў, дзе хто ляжыць

Думаю, найшчасліўшымі гадамі для Гены былі тыя, калі мы ўсе, яшчэ бессямейныя, тусаваліся адной кампаніяй і на працы, і па-за ёй. З цягам часу ўсё мянялася. Думаю, яму цяжка было змірыцца з тым, як радзеюць шэрагі былых «тусоўшчыкаў» — шмат нашых знаёмых заўчасна памерлі, многія завялі ўласныя сем’і, знайшлі іншую працу, часу на старых сяброў заставалася ўсё меней.

Не было сумневаў, што Гена баіцца смерці. Можа, і з-за гэтага таксама ён ініцыяваў усе нашы сумесныя паездкі на могілкі на Радаўніцу. Думаю, для яго гэта была не толькі нагода сустрэцца і паўзгадваць былыя часы, але яшчэ і спроба перамагчы нейкія страхі. Мы штогод абыходзілі магілы нашых агульных сяброў і знаёмых на Паўночных могілках: Валодзі Сакульскага, Юрася Бушлякова, Віталя і Валянціна Тарасаў, Аляксея Караля, Генадзя Грушавога… Тут Гена, пры ўсім сваім заяўленым «геаграфічным ідыятызме», цудоўна памятаў, дзе хто ляжыць.

kesner_06.png

«Я ж гастранамічны шапаголік»

У апошнія гады мы зноў сталі бачыцца часцей. Чаго тут хаваць — часткова з-за таго, што стала ясна: справы кепскія. Я шмат вазіла яго па шпіталях. Ён заўсёды спадзяваўся на лепшае, дзяліўся планамі, перажываў, якую групу інваліднасці яму аформяць, каб была магчымасць уладкавацца на працу. Ніякага ныцця, ніякіх скаргаў. Часам ехаў назад змрочны, калі нешта кепскае паказвала абследаванне ці казалі дактары. Але праз хвілін 20 ён зноў «вырульваў» на пазітыў і клопат. Перажываў, ці не задоўга я чакаю яго, ці не зарана-задалёка ехаць і г.д.

Калі праязджалі ля рынку, часцяком прасіў заехаць пашвэндацца каля вітрын з прадуктамі. «Я ж гастранамічны шапаголік», — апраўдваўся Гена, які заўсёды на нешта ў выніку клаў вока. Нават калі ён ужо не мог размаўляць, пісаў свае гастранамічныя пажаданні на паперцы, упаўнаважваючы мяне весці перамовы з прадаўцамі.

Праўду кажуць: пакуль не сутыкнешся з выпрабаваннем, не даведашся да канца, хто ты. Наш камічны безабаронны Гена аказаўся мужным байцом, застаўшыся пры гэтым сабой на 100%…

Мне яго страшна не хапае.

Валянцін Цішко, журналіст, калега па грамадскім актывізме ў J4T

Звычайна згадваюць пра памерлага так: «Як чырвонаю стужкаю праз усё яго жыццё прайшла тэма…» і г.д. Я не люблю такога. Думаю, і Гена не любіў. Узгадаю яго чалавекам. Простым і знаёмым кожнаму.

Любая сустрэча з Генам — свята для душы. Яго бясконцыя гісторыі з жыцця журналістаў на беларускім радыё або кур’ёзы з працы не давалі сумаваць нікому.

cishko_valyancin.jpg

«Тыц табе мая радасць, што робіцца»

З Генам мы пазнаёміліся на сустрэчы праваабарончай ініцыятывы «J4T — Журналісты за талерантнасць». Гэта было на пачатку станаўлення супольнасці J4T. У той час Гена быў для мяне зусім яшчэ незнаёмым.

Дзе б мы ні бачыліся — ці Вільня, ці Стакгольм, ці Кіеў — Гена заўжды быў з мясцовай газетай і ноўтбукам. Ён ні на хвіліну не спыняўся сачыць за навінамі. І час ад часу выдаваў чарговы перл, кшталту »Тыц табе мая радасць, што робіцца».

«Гена, якая земляніка? Я сплю»

Вільня. Дзявятая гадзіна раніцы, я сплю. Раптам грукат у дзверы. Аказалася, гэта Гена прынёс суніцы, якія паспеў купіць на рынку.

— Гена, якая земляніка? Я сплю, 9 раніцы…

— Як? — здзівіўся Гена. — Яшчэ так рана? Але ладна, ты паспрабуй, яна такая смачная.

— Ге-е-ена-а… я сплю, — абураюся я.

— Я тут пакіну, ля дзвярэй. Я пэўна яшчэ раз збегаю на рынак, — адказвае Гена і знікае.

У той дзень Генка на рынак бегаў разоў пяць.

Такім вот простым і незвычайным ў сваёй звычайнасці, як казаў Хрушчоў, чалавекам быў Гена… Такім і застанецца ў нашых успамінах.

«Не страшна памерці, страшна падумаць, ці згадае мяне хто добрым словам»

Апошні раз з Генам я бачыўся ўжо падчас хваробы. Гэта было ў Беларусі. Гена быў не зусім той, што раней. Крэпка заселі ў галаве ягоныя словы: «Не страшна памерці, страшна падумаць, ці згадае мяне хто добрым словам?»

Усім стала сумна. Мы запэўнівалі Гену, што згадаем і не раз.

Дзве просьбы пасля смерці

Гена папрасіў зрабіць дзве рэчы пасля яго смерці. Першая — згадаць пра яго, распавесці, якім ён быў. Другую ягоную просьбу ажыццявіць пакуль немагчыма. Ён паставіў пэўныя умовы.

Але я памятаю пра тваю просьбу, Гена…

Навіна пра яго смерць напаткала мяне ў эміграцыі. Мы сабраліся з калегамі, якія Гену ведалі, узгадалі яго, пераказвалі яго гісторыі.

Чакаючы магчымасці вярнуцца на Радзіму, я складаю план таго, што хачу зрабіць. Спярша — прыйду на могілкі да тых, каго лічу калегамі і добрымі знаёмымі.

І з кожным днём тых магілаў стае ўсё больш…