Рада БНР: КДБ — «карны орган» і «незаконная злачынная арганізацыя»
Рада БНР выступіла з адмысловай заявай наконт прызнання яе беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем» і адзначыла, што «прыняла да ведама інфармацыю» пра ўключэнне ў спіс ад КДБ, але гэта ніяк не паўплывае на дзейнасць арганізацыі.
Сёння, 7 чэрвеня, стала вядома, што КДБ, відаць, унёс Раду БНР у спіс «экстрэмісцкіх фармараванняў». Самае адметнае, што ў рашэнні КДБ пазначана дата гэтага ўключэння — 2 ліпеня 2023 года — гэта значыць, здарыцца гэта толькі праз месяц, але сам спіс апублікавалі ў чэрвені. Зрэшты, больш верагодна, што дата — тэхнічная памылка.
У спіс КДБ таксама ўнесеныя сайт Рады БНР і старонкі ў сацсетках (Telegram, Facebook, YouTube, Instagram).
У заяве БНР адзначаецца: «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла да ведама інфармацыю аб сваім уключэньні ў спіс "экстрэмісцкіх фармаванняў" з боку КДБ Рэспублікі Беларусь — карнага органу, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народу.
Дадзенае рашэнне, прынятае незаконнай злачыннай арганізацыяй, якою з’яўляецца КДБ РБ, ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасць Рады БНР, якая будзе працягваць прадстаўляць суверэнныя правы беларускага народу‚ выяўленыя ў праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г. і зафіксаваныя Трэцяй Устаўной Граматай БНР.
Рада БНР заяўляе, што аўтарытарны палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выніку дзяржаўнага перавароту 1995–1996 гг. і ўзурпацыі ўлады з боку групы асобаў на чале з былым прэзідэнтам А. Лукашэнкам, з’яўляецца нелегітымным і не мае права прамаўляць ад імя народу Беларусі».
Нагадаем, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1919 года Рада БНР дзейнічае на эміграцыі і з’яўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года ў Германіі Віленская беларуская рада па даручэнні Луцкевіча дасягнула дамоўленасці з Літоўскай Тарыбай аб пераездзе Рады і ўрада БНР у Вільню. Апошняе пасяджэнне Рады БНР у Мінску адбылося 28 лістапада 1918-га, на якім была прынята Грамата з заклікам ствараць беларускія рады сялянскіх і рабочых дэпутатаў. 3 снежня 1918 года Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню.
Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасць з радай Усебеларускага з'езду 1917 года і застаецца самым старым у свеце «ўрадам у выгнанні». Раду БНР цяпер узначальвае Івонка Сурвіла.
А больш за год таму Рада БНР звярнулася ў Раду Еўропы і ПАПЕ з прапановай прызнаць фактычную акупацыю Беларусі Расіяй.