Святлана Ціханоўская: «Беларусы не маюць тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў»
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да жыхароў Літвы са словамі падзякі за салідарнасць, дапамогу і гасціннасць, піша «Delfi».
Зварот Святланы Ціханоўскай.
«Беларусы ніколі не забудуць тую дапамогу, якую аказала нам Літва пасля 2020 года. Літоўская дзяржава і літоўскі народ падтрымалі беларусаў падчас масавых пратэстаў і выратавалі тысячы людзей, што ўцякалі ад тэрору, якога Беларусь не бачыла са сталінскіх часоў.
Сёння Беларусь перажывае гуманітарную і палітычную катастрофу. Пакуль Пуцін вядзе вайну супраць Украіны, яго марыянеткавы рэжым у Мінску працягвае вайну супраць беларускага народа. Рэжым Лукашэнкі помсціць беларусам, якія ў 2020-м выбралі свабоду і незалежнасць. Больш за 60 тысяч прайшлі праз турмы. Людзей у турмах катуюць і забіваюць. Нават цяпер штодня затрымліваюць у сярэднім 15-20 чалавек: за пратэст, нацыянальную сімволіку, падтрымку Украіны, урэшце за беларускую мову.
Яны знішчаюць не толькі медыя, грамадзянскую супольнасць, але і саму ідэнтычнасць беларусаў, спрабуючы зрабіць нас часткай «рускага свету». Яны разбураюць усё, што звязвае нас з Еўропай, уключаючы нашу мову, гісторыю, культуру. Я ведаю, што літоўцам не трэба тлумачыць, як і для чаго гэта робіцца — вы самі прайшлі праз савецкую акупацыю. Толькі нашых сіл сёння недастаткова, каб перамагчы. Нам патрэбны моцныя саюзнікі. І Літва паказвае прынцыповую і рашучую пазіцыю астатнім краінам Еўропы. Літва не пайшла на здзелку з Лукашэнкам, стала нашым голасам на міжнароднай арэне, а калі пачалася вайна, аднадушна падтрымала Украіну.
Падтрымка Літвы і літоўскага народа патрэбна сёння беларусам як ніколі, каб вырвацца з кіпцюроў расійскай тыраніі. Сёння рэжым Лукашэнкі помсціць Літве за яе паслядоўнасць. Міграцыйны крызіс, закрыццё літоўскіх школ, антылітоўская прапаганда, гульня з «вагнераўцамі» — гэта ўсё помста за вашу пазіцыю. Але мы не павінны дазволіць Пуціну і Лукашэнку пасварыць нашы народы. Трэба дакладна разумець: Лукашэнка — гэта не Беларусь. Не беларусы пагражаюць Літве, а рэжым і яго памагатыя. І наша сумесная задача — іх спыніць.
Тыя беларусы, якія прыехалі ў Літву, больш за ўсё на свеце хочуць вярнуцца дадому. Мы цэнім гасціннасць Літвы, але мы тут толькі часова. Беларусы ў Літве ў абсалютнай большасці ўдзельнічалі ў пратэстах або падтрымлівалі іх, падтрымліваюць Украіну. Несумненна, рэжым паспрабуе засылаць агентаў і правакатараў, але мы гатовы іх выяўляць. Ім не месца ні ў Літве, ні ў Еўрасаюзе.
Апошнім часам у літоўскіх медыя і інтэрнэт-рэсурсах абмяркоўваюць заявы невядомых правакатараў, якія прыніжаюць Літву і літоўскі народ. Падобныя антылітоўскія выказванні — маргінальныя для беларускага грамадства. Я хачу падкрэсліць нашу агульную пазіцыю: літоўская тэрыторыя і дзяржава належаць народу Літвы — і больш нікому. Межы непарушныя. Хто гаворыць інакш — той правакатар, той на баку агрэсара.
Беларусы не маюць і ніколі не будуць мець аніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў. Для нас веліч народа — у павазе, якой ён карыстаецца ў свеце, а ў першую чаргу — з боку суседзяў. Я перакананая, што і ў літоўскіх інтарэсах, каб суседкай Літвы была свабодная, незалежная і еўрапейская Беларусь, а не буферная зона Крамля. Мы будзем рабіць усё, каб гэта стала рэальнасцю. І я прашу вас працягваць падтрымліваць наш народ у гэтым імкненні.
Мяне турбуе дыскусія сярод палітыкаў, ці трэба ў адказ на прысутнасць «вагнераўцаў» узмоцніць абмежаванні і прыраўняць беларусаў да расійцаў. Сапраўды, пагроза з боку рэжыму ёсць, але міграцыйныя абмежаванні яе не вырашаць. Гэта можа ў першую чаргу ўдарыць па прадэмакратычна настроеных беларусах. Таксама гэта згуляе на руку Крамлю, які спрабуе сцерці розніцу паміж расійцамі і беларусамі. Але беларусы — не расійцы, а Беларусь — не Расія. І ніколі ёй не стане. Нягледзячы на ўсе намаганні Пуціна і Лукашэнкі, ім не ўдалося ўцягнуць наш народ і войска ў вайну супраць Украіны. Сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што большасць беларусаў не падтрымліваюць агрэсіўную палітыку ўзурпатараў. У Беларусі дзейнічаюць рэйкавыя партызаны і спыняюць расійскія эшалоны. Падпольшчыкі на пачатку года падарвалі дарагі расійскі самалёт. Сотні добраахвотнікаў паехалі ваяваць за Украіну. Тое, што няма масавых маршаў на вуліцах, не значыць, што няма пратэсту.
Я ўдзячная дэпутатам літоўскага Сейма, якія вясной вырашылі не ставіць знак роўнасці паміж беларусамі і расійцамі. Гэта быў выразны сігнал салідарнасці і падтрымкі. Я спадзяюся, што і ў новым законе не знойдуць месца шырокія абмежаванні супраць усіх грамадзян Беларусі. Я таксама спадзяюся на працяг палітыкі літоўскага ўрада ў дачыненні да Беларусі: ізаляцыя рэжыму, з аднаго боку, а з другога — падтрымкі беларусаў, якія змагаюцца за вызваленне сваёй краіны.
Беларусь пройдзе той шлях да свабоды і незалежнасці, які ўжо прайшла Літва. Мы адбудуем дэмакратычную дзяржаву еўрапейскага ўзору. У новай Беларусі будуць паважаць правы чалавека, нацыянальных меншасцей, паважаць суседзяў і недатыкальнасць дзяржаўных меж. Мы рашуча выступаем за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, якую ў 2014 годзе парушылі расійскія імперыялісты. Беларусь, як цяпер Літва, стане сябрам Еўрасаюза. Толькі садружнасць у Еўрасаюзе гарантуе нам рэальную незалежнасць і не дазволіць Крамлю ўзяць рэванш. Так, сёння гэта выглядае аддаленай мэтай, але мы да яе прыйдзем. І мы спадзяёмся на падтрымку Літвы на гэтым шляху. Чым мацнейшае будзе наша беларуска-літоўскае сяброўства, тым горш для нашага агульнага ворага, якім з'яўляецца расійскі імперыялізм.
У 1991 годзе, калі літоўцы выйшлі абараняць сваю свабоду ад савецкіх танкаў, сярод абаронцаў літоўскага парламента былі і беларусы. Аналагічна, у крытычныя моманты нашай гісторыі, і мы заўсёды адчувалі падтрымку літоўцаў. Хай так гэта і застаецца».