Айцішнікі застаюцца, астатнія — на выхад? Літва пагражае дэпартацыяй «небяспечным» беларусам

Літоўскія ўлады не хаваюць, што з дапамогай беларускіх айцішнікаў хацелі развіць сваю IT-сферу і мелі з гэтага шмат прыбытку. Але часы мяняюцца, і цяпер беларусы — не тое каб пажаданы кантынгент...

Чамадан, вакзал, турма? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Чамадан, вакзал, турма? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Тры гады таму Літва вітала тысячы беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій на радзіме. Цяпер, калі тэрмін падаўжэння віду на жыхарства скончыўся, беларусы знаходзяць атмасферу ў Літве нашмат больш варожай, піша ltr.lt.

Значны адток беларусаў у Літву адбыўся ў 2020 годзе пасля масавых рэпрэсій супраць пратэстоўцаў, незадаволеных фальсіфікацыяй выбараў Лукашэнкам. Тады Вільня з энтузіязмам падтрымлівала беларускую апазіцыю і вітала людзей, якія ратуюцца ад рэпрэсій.

У прыватнасці, Літва імкнулася прыцягнуць высокакваліфікаваных ІТ-спецыялістаў. Цэлыя беларускія тэхналагічныя кампаніі пераехалі ў Вільню, прывезлі з сабой тысячы сваіх работнікаў. Ім лёгка быў выдадзены часовы від на жыхарства, але праз тры гады прыйшоў час яго падаўжаць. І гасцінная атмасфера ў Літве значна змянілася.

Вільня мяркуе, што Беларусь у роўнай ступені нясе адказнасць за напад Расіі на Украіну, і таму ўвяла абмежаванні ў дачыненні да беларускіх грамадзян. Важна адзначыць, што тым, хто шукае візу або від на жыхарства, цяпер выдаецца спецыяльная анкета, прызначаная для праверкі іх лаяльнасці, з такімі пытаннямі наконт адказнасці за вайну ва Украіне і прыналежнасці Крыма.

Менавіта праз падазрэнні ў нелаяльнасці многім беларусам адхіляюць іх заявы.

«Грамадзяне Беларусі па-рознаму адказваюць [на анкету]. Некаторыя падтрымліваюць ваенныя дзеянні ва Украіне, некаторыя лічаць, што Крым належыць Расіі», — кажа Люцыя Войшніс, намесніца дырэктара Дэпартамента міграцыі.

Больш за тое, дадае яна, на мяжы пытаюцца пра вайсковую службу, і калі беларусы паказваюць, што служылі, гэта яшчэ адзін трывожны сігнал. «Гэта аснова для вывучэння і ацэнкі ўсёй гэтай інфармацыі і прыняцця адпаведных рашэнняў», — кажа яна.

«Выяўляецца мноства розных фактаў, што [заяўнікі] служылі ў рэпрэсіўных структурах, яны былі штатнымі супрацоўнікамі рэпрэсіўных структур, яны маглі быць уцягнутыя ў правакацыйную дзейнасць, гэта цэлы комплекс фактараў», — прыводзіць прыклады таго, чаму заява можа быць адхіленая. 


Глядзіце таксама

Многія беларусы па-ранейшаму атрымліваюць часовы від на жыхарства ў Літве: амаль 20 000 толькі за апошнія шэсць месяцаў.

Аднак колькасць адмоваў расце. Рэкамендацыі адмовіць у прадастаўленні віду на жыхарства часта зыходзяць ад Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (VSD), выведвальнага ўпраўлення Літвы, якое разглядае кожную заяву індывідуальна.

Дэпутат-кансерватар Лаўрынас Касчунас настойвае, што гэта нармальна, што многія людзі, якія раней атрымалі від на жыхарства, прызнаюцца непажаданымі ў краіне.

«У людзей, якія першапачаткова атрымалі від на жыхарства ў Літве, больш няма такой магчымасці, таму што яны, відавочна, думалі, што гэта пастаяннае рашэнне. Не, гэта не канчатковае рашэнне. Калі вы не можаце даказаць сваю лаяльнасць Літве сваімі дзеяннямі і калі вы сапраўды можаце служыць інтарэсам Расеі, вам не месца ў Літве», — кажа дэпутат.

Між тым Міністэрства эканомікі Літвы падкрэслівае эканамічныя выгады, якія Літва здабывае з прыцягнення высокакваліфікаванай беларускай працоўнай сілы. Менавіта з ініцыятывы міністэрства так шмат людзей змаглі лёгка атрымаць від на жыхарства тры гады таму.


Глядзіце таксама

«Мы падлічылі, што за апошні год дзяржава атрымала каля 90 мільёнаў еўра чыстага даходу толькі ад IT-сектара дзякуючы перамешчаным [беларускім] кампаніям, — кажа намеснік міністра эканомікі Караліс Жамайціс. — Праз занятасць, праз дадатковае спажыванне, праз падаткі [...]. Мы можам гаварыць пра вельмі прамыя эканамічныя выгады».

Аднак не ўсе ў гэтым перакананыя. Эканаміст Аляксандр Ізгародзінас з Універсітэта менеджменту і эканомікі ISM лічыць, што Літве варта шукаць ІТ-спецыялістаў з іншых краін.

«Нам трэба паралельна разгледзець магчымасць імпарту гэтых спецыялістаў з іншых дружалюбных краін і магчымасць вытворчасці гэтых спецыялістаў самастойна, —  кажа ён тэлеканалу LRT. — Беларусь, вядома, не з'яўляецца нейкім чароўным рэцэптам, які можа вырашыць усе нашы праблемы з недахопам ІТ».

Беларусы, якім адмоўлена ў выдачы віду на жыхарства, павінны пакінуць краіну на працягу месяца. Калі будзе прызнана, што іх наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы, яны будуць неадкладна дэпартаваныя.