Перамагчы рак чацвёртай ступені
Святлана з 2020 года жыве ў Літве. Каля двух гадоў яе непакоілі дробныя праблемы са здароўем. А ў 2022-м у жанчыны выявілі рак чацвёртай ступені. Святлана расказала «Свабодзе», як перамагла хваробу.
Беларуска Сьвятлана выехала за мяжу да дня апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта быў пачатак жніўня 2020 году.
«Шукала працу. Адначасова хацела адпачыць і падумаць: што і як мне рабіць у жыцьці. Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты, актыўна ўключылася ў дзейнасьць супраць уладаў. Удзельнічала ў розных акцыях спачатку ў Кіеве, затым у Вільні; раздавала шмат камэнтараў для мэдыя. У выніку да маіх бацькоў у Беларусі прыйшла міліцыя. Сказалі, што на мяне заведзеная нейкая справа. Бацькі параілі не вяртацца», — узгадвае суразмоўца.
Яна кажа, што за сваё жыцьцё асабліва ня мела праблемаў са здароўем, апроч ангіны ці грыпу. Але «трывожныя званочкі» пачалі зьяўляцца яшчэ ў Беларусі.
«Я асабліва не зьвяртала ўвагі. Ну стамілася, ну баліць часам галава. Думала, нэрвы. Пачаўся дэрматыт, сьвярбела цела. Лекарка выпісала мазь. Недзе ўтварэньне ўдавалася «патушыць» мазьзю, потым яно зьяўлялася ў іншай частцы цела. Зноў жа сьпісвала ўсё на стрэс. Бо на працы, тады яшчэ ў Беларусі, было трохі неспакойна. Спачатку пандэмія, затым напруга з начальствам, бо прымушалі падтрымліваць уладу. Я ж была супраць яе», — тлумачыць Сьвятлана.
Пазьней яна зразумела, што дэрматыт быў прадвесьнікам анкалягічнай хваробы. Як і розныя інфэкцыі, ад якіх хварэла беларуска.
«Часта былі інфэкцыі вушэй. Потым неяк звалілася з ровара, і гематома не праходзіла каля двух месяцаў. Я пачала думаць, што нешта тут ня тое, так доўга банальная гематома трымаецца», — кажа беларуска.
Увесну 2022 году пачаўся кашаль. Але Сьвятлана думала, што гэта чарговая прастуда.
«І зноў жа думала і пра стрэс. Бо перажывала праз вайну ва Ўкраіне, дапамагала розным ініцыятывам як валянтэр, працавала з гуманітарнай дапамогай», — дадае яна.
Урэшце намацала на ключыцы «нешта цьвёрдае», падобнае да «лішняй косткі». Жанчына падумала, што зламала ключыцу, але потым заўважыла, што над ёй узвысілася пухліна, у якой было некалькі «каменьчыкаў». «Каменьчыкі» рознага памеру былі і на шыі, справа ды зьлева, а пад пахай вырасла «нешта» зусім вялікае, да двух-трох сантымэтраў.
«Заўважыла, што і ў грудзях нешта ненармальнае, быццам як мячык там качаецца. Стала цяжка падымацца па лесьвіцы. У ніжняй частцы горла нешта перашкаджала дыхаць», — дадала Сьвятлана. Усё гэта змусіла зноў зьвярнуцца да лекараў.
«Содні ці больш плакала»
Сьвятлана расказвае, што мела права на бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне ў Літве, бо сама плаціла за абавязковае мэдычнае страхаваньне «Sodra» каля 50 эўра ў месяц. За некалькі тыдняў да таго, як ёй паставілі дыягназ, жанчына падала дакумэнты на атрыманьне статусу ўцекача. Ініцыятыву, зь якой яна супрацоўнічала, беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкаю».
«Калі я ўпершыню зьвярнулася ў паліклініку, мяне нават не хацелі запісваць да лекара. Маўляў, ну павялічыліся лімфатычныя вузлы, што тут такога? Але я настойвала, і мяне запісалі. Чакаць у чарзе давялося тры тыдні. Лекарка трапілася добрая, размаўляла па-расейску, таму лягчэй было паразумецца. Уважліва выслухала мяне, глядзела з спачуваньнем. Адправіла на аналіз крыві і здымак лёгкіх», — кажа Сьвятлана.
Пасьля жанчына трапіла да пульманоляга, ад яе атрымала накіраваньне на кампутарную тамаграфію, два тыдні чакала вынікаў.
«І вось лекарка тая мне патэлефанавала і сказала, што ў мяне рак, і ён распаўсюджваецца. Прапанавала хутка ўзяць накіраваньне і ехаць да іх. Я плакала ўвесь дзень, калі назвалі дыягназ. Плакала ўначы і ранкам, пакуль ехала ў шпіталь. Плакала і там, бо ня ведала, што са мной будзе далей. Як я буду жыць і ўвогуле ці буду? Хто мне дапаможа? Дзе буду браць сродкі на жыцьцё, калі не змагу працаваць?» — узгадвае беларуска.
«Лекарцы расказала і аб пратэстах, і пра дэрматыт «ад нэрваў»
Сьвятлана кажа, што ёй вельмі спадабалася лекарка, да якой яна трапіла ў аддзяленьне пульманалёгіі. Бо спачатку мэдыкі палічылі, што яна мае рак лёгкіх.
«Але я спадзявалася, што раптам памылка, раптам — не, і мне скажуць: «Выбачайце, мы памыліліся». Лекарка мне адразу спадабалася. Я ёй расказала пра сябе літаральна ўсё. І аб пратэстах, і пра «дэрматыт ад нэрваў». Карацей, пра ўсе мае два гады жыцьця. Менавіта яна вельмі дапамагла мне паверыць у выздараўленьне. Яна паклікала да мяне псыхоляга, сацыяльнага работніка, падчас аглядаў імкнулася неяк пажартаваць, разьвесяліць. Дзякуючы ёй я пачала верыць, што ніхто тут мне памерці ня дасьць», — кажа беларуска.
У выніку дасьледаваньняў у шпіталі мэдыкі паставілі дыягназ «клясычная лімфома Ходжкіна (надулярны склероз) чацьвёртай стадыі» і перавялі Сьвятлану ў гематалягічнае аддзяленьне.
«Выпалі валасы, бровы і вейкі, але ўсё адрасло ўжо!»
Сьвятлана кажа, што ўмовы ў шпіталі былі прымальныя: у пульманалягічным аддзяленьні чатыры чалавекі ў палаце, зручны ложак, тумбачкі і шафы, побач з палатай прыбіральня, душ на калідоры. У гематалягічным усё тое самае, толькі душ і туалет у палаце. У аддзяленьні былі мікрахвалёўка, імбрык, лядоўня, паліца з кнігамі на літоўскай, ангельскай, польскай і расейскай мовах, размалёўкі-антыстрэс. Кармілі таксама добра.
Пасьля вызначэньня дыягназу Сьвятлана мела размову з онкапсыхолягам аддзяленьня, якая дапамагала ёй.
«Яна давала мне розныя заданьні, я іх выконвала. Напрыклад, вяла дзёньнік, дзе запісвала — што са мной добрага здарылася на працягу дня, хто мяне пахваліў, зрабіў камплімэнт. У цяжкія часы я перачытвала гэта, і мне рэальна дапамагала», — кажа беларуска.
У гематалягічным аддзяленьні аглядалі хворых маладыя лекары-рэзыдэнты. Яны ўважліва распытвалі пра стан здароўя, наагул прысьвячалі пацыентам шмат часу. Пачалася хіміятэрапія. Было чатыры курсы. У шпіталі Сьвятлане ставілі кропельніцы і калолі іньекцыі, дома яна прымала таблеткі — да васямнаццаці ў дзень. Хіміятэрапію яна атрымлівала бясплатна, а выдаткі на антыбактэрыяльныя і гарманальныя прэпараты, што купляла ў аптэцы, кампэнсаваў літоўскі Чырвоны Крыж.
«У мяне былі стэрэатыпы наконт „хіміі“. Што буду ўвесь час ванітаваць, што выпадуць валасы, вейкі, што я буду сябе вельмі дрэнна адчуваць. Але амаль нічога не збылося. Праўда, і валасы, і вейкі, і бровы выпалі цалкам. Але пасьля «хіміі» яны празь некалькі месяцаў пачалі расьці — і адрасьлі! Былі дні, калі было цяжка і фізычна, і псыхалягічна. Здаралася, балела ўсё цела, цягліцы, косткі, я адчувала сябе слабай і плакала. У іншы дзень — лягчэй. Я нават запісалася падчас лекаваньня на курсы акторскага майстэрства і хадзіла на іх. Мае знаёмыя дзівіліся, што ў мяне анкалёгія, але я пайшла вучыцца акторскаму майстэрству», — узгадвае беларуска.
«Хімія» працягвалася каля трох месяцаў. «У мяне быў добры адказ арганізму пасьля першых двух курсаў. І ў выніку мне лекары рабілі КТ і ўбачылі, што ніякіх асяродкаў больш не засталося. Мне яны сказалі: «Віншуем, вы больш не пацыентка нашага аддзяленьня», — кажа Сьвятлана. Усе абсьледаваньні і аналізы ёй таксама рабілі за кошт літоўскай дзяржавы.
«Я занялася ёгай, маляваньнем, танцамі, знайшла новую працу»
Сьвятлана кажа, што хвароба шмат чаго зьмяніла ў яе жыцьці, прычым да лепшага. Расказвае пра вялікую падтрымку як ад лекараў, так і ад блізкіх людзей, сяброў.
«Мае сябры прывозілі мне перадачы ў шпіталь. Потым прапанавалі пажыць у іх, бо мне было цяжка на «хіміі». Клапаціліся пра мяне, пакуль не нармалізаваўся стан здароўя. Мне дапамагло перамагчы рак усё ў сукупнасьці — добрыя лекары, падтрымка блізкіх і псыхоляга, правільны настрой. Я за гэты час пачула вельмі шмат добрых словаў. Лічу, усё гэта дапамагло мне вылечыцца», — кажа Сьвятлана.
Цяпер жанчына рэгулярна правярае здароўе. Беларуска кажа, што ў яе вельмі добрая і ўважлівая сямейная лекарка, якой можна задаць любое пытаньне. Апошнія абсьледаваньні паказалі, што ўсё добра, арганізм паціху аднаўляецца пасьля хіміятэрапіі. Сьвятлана раіць людзям сачыць за сваім здароўем: здаваць базавыя аналізы, больш есьці «нармальнай» ежы — садавіны, гародніны, займацца спортам.
«І больш пазытыўных эмоцыяў! Не дапускаць зашмат стрэсу ў жыцьці. Добра спаць і менш сядзець у хаце — так бы параіла», — дадала беларуска.
Яна зьмяніла сваё жыцьцё: пачала маляваць, што так любіла ў школе, пачала рабіць «хуткія замалёўкі» ў групе такіх жа аматараў, пайшла вучыцца танцам, граць на барабанах і займацца ёгай.
«Больш стала чытаць кніг. Як мастацкую літаратуру, так і псыхалягічную. Яшчэ я зрабіла ўпершыню пірсінг. Менавіта хвароба падштурхнула мяне спрабаваць нешта новае і цікавае ў жыцьці».
Сьвятлана таксама знайшла новую працу — у сфэры лягістыкі, хоць раней мела гуманітарную спэцыяльнасьць.
«Мне падабаецца новая праца. І я магу падзякаваць хваробе за тое, што гэта ўсё са мной адбылося», — дадала Сьвятлана.