«Я проста не ведала, што ў Беларусі ёсць Беларусь»

Эвалюцыя адной беларускі, якая ў 2010 годзе з’ехала з шэрай і нуднай краіны, а пасля жніўня 2020 года шукае ў сабе тое, што робіць яе беларускай.

pryroda_bk_novy_chas__9__logo.jpg

З’ехала з шэрай і нуднай краіны

Пра сябе Алена распавядае, што належыць да першага пакалення мінчан. Яе бацькі прыехалі ў сталіцу з Заходняй Беларусі. Яна скончыла ў Мінску беларускую гімназію, затым эканамічны ўніверсітэт, а пасля ў 2010 годзе з’ехала ў Польшчу. 

Беларусь ёй здавалася тады шэрай і нуднай краінай, у якой сумна і нават непрыемна. І гэта нягледзячы на тое, што, будучы студэнткай, вяла актыўны лад жыцця, наведвала ў сталіцы канцэрты і выставы, самыя розныя мерапрыемствы. Але заўсёды перад ёй была нібыта сцяна, за якую немагчыма выйсці. Мая суразмоўца імкнецца нічога не хаваць і быць шчырай, відавочна ёй хочацца выказацца пра ўсё набалелае за доўгія гады. А я імкнуся больш слухаць і толькі зрэдку задаю пытанні. 

— Я тады яшчэ, калі вучылася, ездзіла ў ЗША па праграме Work and travel. І там мне вельмі спадабалася: усё такое яркае, усе шляхі перад табой адкрытыя, — з асалодай згадвае жанчына. — Гэта быў вельмі салодкі момант жыцця, і гэта мяне падштурхнула шукаць нешта іншае. 

У Польшчу паехала вучыцца — гэта быў самы зручны спосаб, каб з’ехаць за мяжу. Больш таго, у яе была карта паляка, што аблягчала жыццё ў гэтай краіне. Пасля эканамічнай адукацыі ў Беларусі пачала вывучаць у Польшчы польскую філалогію.

Бацькі, паводле Алены, хоць і не былі цалкам задаволеныя тым, што дачка пакідае іх, але ўсё ж не перашкаджалі, а наадварот дапамагалі чым маглі. Падчас вучобы яе не цягнула ў Беларусь, прыязджала толькі зрэдку, каб паказацца бацькам. 

— Наогул, мяне пачало цягнуць дадому толькі цяпер, калі туды не стала магчымасці ехаць, — дадае спадарыня Алена, але нічога пра гэта не тлумачыць.

Польшча адкрывала іншы свет

У Польшчы ёй падабалася. Алена — чалавек адкрыты, да ўсяго імкнулася ставіцца пазітыўна, шукала новых сяброў, і вучыцца ёй таксама было цікава. Паводле спадарыні, універсітэт у Польшчы вельмі розніцца ад тых, што ў Беларусі. 

Згадваючы сваю навуку ў Мінску, лічыць, што ВНУ там — гэта працяг школы. Упарадкаваны працэс, у якім студэнт практычна не можа ні на што ўплываць і ў адносінах з выкладчыкамі пачуваецца заўсёды, як падначалены. Дзе лекцыі запісваюць пад дыктоўку, хоць тое самае ёсць у падручніках, а потым яшчэ выкладчыкі спраўджваюць наяўнасць канспектаў.

— А ў Польшчы падыход быў зусім іншы. З кожным студэнтам выкладчыкі кантактавалі індывідуальна, цікавіліся: чаму ты тут, што шукаеш? — распавядае жанчына. — Калі выбіралі тэмы дыпломаў, маглі пісаць пра ўсё што заўгодна, а ў Беларусі мелі толькі абмежаваныя 60 тэм. Да тагож, іх можна было спісаць у тых, хто рабіў па гэтых жа тэмах дыпломы летась.

Адрознівалася яе жыццё і па-за ўніверсітэцкай аўдыторыяй. Як заўважае мая суразмоўца, атмасфера спрыяла, каб яна не толькі наведвала культурныя мерапрыемствы, а і сама іх стварала. Сама пачала рабіць выставы, удзельнічала ў арганізацыі канцэртаў, канферэнцый, здымала фільмы.

—  Усё гэта мяне развівала, — падкрэслівае спадарыня Алена. —  Я нават выступала ў мюзікле, які ў нас ствараўся. А на канікулах ездзіла ў Амерыку падзарабіць і пабачыць свет. 

Не ўяўляе, каб гэтыя гады давялося пражыць у Беларусі

Прызнаецца, што па доме не сумавала, але заўсёды сачыла за навінамі з Беларусі. Хвалявалася, калі была «Плошча», калі хапалі на акцыях з плясканнем у далоні. Кажа, тады мела вельмі горкае адчуванне: маўляў, зноў беларусаў крыўдзяць, прычым самі беларусы… 

Але яе жыццё ў Польшчы праходзіла ўдала. Пасля сканчэння філалогіі пайшла на магістарскую праграму пра інтэрактыўныя медыя і відовішчы, знайшла працу, выйшла замуж, набыла кватэру, нарадзіла дачушку… 

І цяпер працуе ў міжнароднай амерыканскай карпарацыі, робіць графічныя працы. Кажа, што не ўяўляе, каб гэтыя гады давялося пражыць у Беларусі. Праўда, заўважае, што ў Польшчы таксама хапае праблем, але тут яшчэ ўмеюць іх вырашаць. 

— Што мяне ўражвае заўсёды ў паляках — яны на ўсё маюць свой пункт погляду, — кажа жанчына. — І сапраўды могуць яго адстаяць, нават паканфліктаваць, але пазітыўна, з карысцю для справы, каб вырашыць праблему. 

І глыбока пасля гэтага ўздыхае.

Сваёй у Польшчы не стала, але…

Цікаўлюся — ці стала яна сваёй тут? 

— Не. Мой муж і я — мы абодва з Беларусі, і нам, магчыма, не трэба было так глыбока інтэгравацца ў польскае грамадства, — тлумачыць яна. — У мяне мала сяброў-палякаў. Калі я доўга размаўляю, то людзі чуюць акцэнт. Але я не ўспрымаю гэта як недахоп — гэта хутчэй мая разынка, бо я не такая, як усе, а трохі іншая полька

Што датычыцца Беларусі, то многае са штодзённага жыцця ўжо забылася: апошні раз была ў Беларусі чатыры гады таму. 

Той жнівень — першы раз за ўвесь час, калі захацелася вярнуцца ў Беларусь

Цікаўлюся ў спадарыні — адкуль у яе такая натуральная беларуская мова? Алена скончыла ў Мінску беларускую нацыянальную гімназію №4, усе прадметы вывучала па-беларуску. І насамрэч, па яе прызнанні, застаўся вялікі сантымент да бела-чырвона-белай Беларусі. 

— У мяне сапраўды гэтая школа была вельмі нацыянальная: заўсёды былі нашы сцягі, падручнік гісторыі з Пагоняй, — хвалюючыся і са слязьмі кажа суразмоўніца. — І калі ў 1995 годзе знянацку гэта змянілі — я пачула абразу. За гэтыя тры гады ўва мне пасялілі гэта так глыбока, Пагоня, бел-чырвона-белы сцяг, ВКЛ — гэта росквіт Беларусі. І я цяпер вельмі ўдзячная і здзіўленая, што ў мяне ўсё гэта засталося...  

У жніўні 2020 года, калі спадарыня Алена пабачыла, што адбывалася ў Мінску, была гатова ехаць туды. У яе раптам ўсплыло ўсё тое, што некалі заклалі ў той беларускай гімназіі. Глядзела, як людзі ў яе краіне пад дручкамі, выбухамі гранат, гумовымі кулямі нястомна трымаюць у руках бел-чырвона-белыя сцягі з Пагоняй — усё гэта перавярнула яе сутнасць.

— Гэта быў першы раз за ўсе гады, калі я захацела вярнуцца туды, — праз слёзы кажа яна. — Таму што я не ведала, што ў Беларусі ёсць Беларусь. Увесь час, калі я там жыла, гэта было ціхае падполле: усе хаваліся, ніхто не хацеў аб гэтым размаўляць, ніхто не любіў гэты рэжым і ніхто нічога не хацеў рабіць… 

Ужо ў 2020 годзе ў Польшчу пасля пратэстаў прыехала шмат беларусаў. Алена знаходзіла іх у сваім горадзе і размаўляла. Размаўляла аб усім: і аб пратэстах, і проста аб жыцці. Праўда, прызнаецца, недзе ўнутры адчувала, што не належыць да гэтай супольнасці.

— Я не перажыла тое, што яны, і не магу да канца зразумець, што яны думаюць, што ім дарадзіць, не магу ім штосьці такога сказаць, — сумна кажа жанчына.

Але для сябе яна, напэўна, першы раз пасля таго, як з’ехала з краіны, зразумела, што Беларусь ёсць, і беларусы ёсць, і верыць, што беларусы здолеюць пабудаваць новую краіну. Раптам прыйшло разуменне, што і яна, і многія беларусы насілі сваю беларускасць недзе глыбока ў торбе, а цяпер сталі яе даставаць і вешаць на грудзі.

— Гэта мне вельмі падабаецца, і я таксама стараюся паказваць гэта, стараюся шукаць гэта ў сабе, — ізноў праз слёзы кажа яна. — Толькі дзе яно — я не ведаю. І адчуваю, што шмат хто не ведае. Але хоча гэта знайсці…  

Спадарыня Алена пераканана, што цяпер з’явіўся шанец знайсці тое, што яднае ўсіх беларусаў, каб збудаваць сваю незалежную краіну. 

— Ведаеце, я ніколі не сустракала такога беларуса, які не лічыў бы сябе беларусам, — кажа жанчына. — Калі нават не крычыць, не паказвае, што ён беларус, але ніколі не скажа, што ён рускі, украінец альбо паляк. Таму гэтае штосьці ў нас ёсць.

І, трохі падумаўшы, дадае: 

— Мы павінны ў сабе гэта знайсці…