Рэжым пакрыўдзіўся на санкцыі і забараніў увозіць яблыкі з Польшчы. Пацерпяць ад гэтага пакупнікі

У пачатку лета ўрад Беларусі вырашыў, што са жніўня больш нельга ўвозіць у нашу краіну польскія яблыкі. Гэта так званыя контрсанкцыі супраць «недружалюбных» краін. Яшчэ месяц таму гэты фрукт быў у продажы. «Люстэрка» паглядзела, якая цяпер сітуацыя ў гандлі з польскімі яблыкамі. Некаторыя гандлёвыя сеткі, здаецца, знайшлі альтэрнатыву, але кошты кусаюцца.

jablyki_logo.jpg.webp


У дастаўцы «Алмі» сёння ёсць яблыкі трох гатункаў, усе яны з Польшчы. Прычым у ліпені іх было столькі ж, адбылося толькі невялікае змяненне па гатунках. Цэны на фрукт трымаюцца прыкладна на тым жа ўзроўні — ад 3,79 да 3,99 рубля.

«Гіпа» прадае чатыры гатункі яблыкаў, усе яны з розных краін — Беларусі, Паўднёвай Афрыкі, Чылі і Польшчы. Такой разнастайнасці яблыкаў у мінулым месяцы не было. Самыя танныя айчынныя — 3,16 рубля за кілаграм, за імі ідзе польскі фрукт «Рэд прынц» — 4,26 рубля, па 9,99 рубля прадаюць два гатункі, прывезеныя здалёк. Нагадаем, у ліпені ў гэтай гандлёвай сетцы былі ў продажы толькі польскія яблыкі.

У «Грын-дастаўцы» ёсць пяць гатункаў яблыкаў: чатыры імпартныя (але не пазначана, з якіх краін) і адзін беларускі. Цэны на фрукт ад 3,56 рубля (за айчынны) да 6,85 рубля. Адзначым, што ў ліпені самы высокі кошт фрукта быў 4,49 рубля.

За апошні месяц у «Е-дастаўцы» асартымент яблыкаў пашырыўся ў два разы: у ліпені было тры гатункі (два з іх — з Польшчы), а цяпер — шэсць. Польскіх яблыкаў з іх — чатыры віды, кошт за кілаграм — ад 3,26 да 6,49 рубля. У параўнанні з папярэднім перыядам цана на гатунак «Рэд прынц» падрасла з 2,99 да 3,39 рубля.

На віртуальным прылаўку застаюцца яблыкі з Малдовы па старым кошце 2,99 рубля, таксама з'явіліся раннія беларускія яблыкі коштам 3,03 рубля.

У магілёўскай інтэрнэт-краме «Скрыжаванне» прадаюць тры віды яблыкаў, усе яны з Польшчы. Кошты — ад 3,69 да 4,49 рубля. Даражэй за ўсё каштуе жоўты «Голдэн», раней яго кошт быў 4,02 рубля.

Па ўсім бачна, гандлёвыя сеткі распрадаюць рэшткі польскіх яблыкаў.


Глядзіце таксама

Нагадаем, контрсанкцыі, якія забараняюць увоз прадуктаў харчавання з «недружалюбных» краін, увялі 1 студзеня 2022 года ў адказ на абмежаванні Захаду. Пасля гэтага абмежаванні ўжо тройчы падаўжалі. Першапачаткова пад забаронай былі мяса свежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, свініны і хатняй птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука з мяса ці мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль. Але паступова некаторыя прадукты з яго выключалі. Сярод іх — абрыкосы, вішня, чарэшня, нектарыны, слівы, хурма.

У канцы чэрвеня гэтага года ўрад, калі ў трэці раз падаўжаў харчовыя контрсанкцыі, захаваў забарону на ўвоз з «недружалюбных» краін яблыкаў. Увозіць іх можна будзе толькі ў ліпені. Таксама ўводзіцца забарона на ўвоз з Літвы і Польшчы піва і слабаалкагольных напояў. Прадуктовае эмбарга працягнулі да 31 снежня 2023 года ўключна.

Характэрна, што польскія яблыкі раней ужо падпадалі пад харчовыя контрсанкцыі Мінска, аднак праз некаторы час гэты тавар выводзілі з-пад абмежаванняў. Часцей за ўсё ў продажы можна знайсці яблыкі менавіта з гэтай суседняй краіны. Часцяком яны таннейшыя, чым аналагі з іншых дзяржаў. У сітуацыі, калі нашы фермеры і іншыя вытворцы яблыкаў, а таксама гандаль не заўсёды могуць забяспечыць унутраны рынак айчыннай прадукцыяй, рытэйлу прыйдзецца шукаць іншыя варыянты, з якіх краін пастаўляць гэты тавар. Гэта можа адбіцца на рознічных цэнах, таму што польскія — адны з самых бюджэтных.