Новыя санкцыі ЗША: Ці давядзецца беларусам лётаць з Грузіі ў Мінск праз Маскву?
9 жніўня 2023 года — у гадавіну беларускіх пратэстаў 2020 года — ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць беларускіх кампаній, закрануць яны і «Белавія».

У спіс трапілі: Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі, авіяперавозчык «Белавія», Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь і яго кіраўніцтва, піша «Голас Амерыкі», і нагадвае, што 9 жніўня – «трэцяя гадавіна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, пасля якіх пачаліся адны з самых масавых пратэстаў у гісторыі Беларусі. Тады Аляксандр Лукашэнка заявіў, што менавіта ён перамог на гэтых выбарах, аднак заходнія краіны, у тым ліку і ЗША, не прызналі вынікі выбараў».
«Эхо Кавказа» нагадвае, што авіякампанія «Белавія», якая і так знаходзіцца пад санкцыямі пасля прымусовай пасадкі самалёта, лётае з Мінска ў Грузію, у прыватнасці, у Тбілісі, Батумі і Кутаісі. Пакуль невядома, ці забароняць грузінскія ўлады палёты ў краіну авіякампаніі, якая патрапіла пад амерыканскія санкцыі.
Глядзіце таксама

Адметна, што нядаўна грузінскія ўлады аднавілі палёты самалётаў у гарады РФ, што выклікала мноства пратэстаў. Як пісаў «НЧ», 10 траўня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін зняў забарону на палёты ў Грузію для расійскіх авіякампаній, а таксама скасаваў візавы рэжым для грузінскіх грамадзян з 15 траўня. Паміж краінамі адсутнічаюць дыпламатычныя адносіны — іх пасля вайны 2008 года разарвала Грузія.
Расія раней тройчы перарывала авіязносіны з Грузіяй. Апошні раз гэта адбылося летам 2019 года праз пратэсты ў Тбілісі, якія пачаліся пасля выступлення ў грузінскім парламенце дэпутата Дзярждумы РФ Сяргея Гаўрылава.
Глядзіце таксама
