Грузія: Удзельнікаў акцыі супраць «рускага карабля» асудзілі да штрафаў, большых за сярэдні месячны заробак
Амаль усіх затрыманых на акцыі супраць «рускага карабля» батумскі гарадскі суд прысудзіў да штрафу ў дзве тысячы лары — прыкладна 780 долараў.
Акцыя была праведзена 31 ліпеня. У той дзень у порт у грузінскім Батумі зайшоў расійскі круізны лайнер «Astoria Grande», які здзяйсняў круіз з Сочы ў Турцыю.
Рускіх турыстаў тады сустрэлі пратэстоўцы з плакатамі і з грузінскімі, беларускімі і ўкраінскімі сцягамі.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», мэсэдж на плакатах «Крамлёўскія блазны, расійскі бот – спой Пуціну» — гэта самае мяккае, што было там напісана. Ну а пра лозунг наконт таго, куды трэба пайсці расійскаму караблю, і казаць не трэба.
Не абышлося падчас акцыі і без затрыманняў. Цяпер затрыманых на акцыі супраць «рускага карабля» судзілі ў батумскім судзе паводле артыкулаў аб дробным хуліганстве або непадпарадкаванні законнаму патрабаванню паліцыі.
Асацыяцыя маладых юрыстаў абараняла шэсць чалавек, у тым ліку двух грамадзян Украіны — усім суд прызначыў аднолькавае пакаранне: штраф у 2 тысячы лары, піша NGnewsgeorgia.
«Transparency International Georgia» абараняла траіх удзельнікаў акцыі. Двое аштрафаваныя, у трэцім выпадку даказалі, што абвінавачаны наогул не быў удзельнікам акцыі, а шукаў у тым месцы сябра.
Арганізацыя «Safari »вяла справы траіх затрыманых — ва ўсіх штраф.
Прыватны адвакат Малхаз Заідзэ абараняў семярых. Пяцёра прысуджаны да штрафу ў дзве тысячы лары, адзін з іх, Георгій Уклеба, сцвярджае, што проста праходзіў міма.
Яшчэ адзін абвінавачаны быў аштрафаваны на 2500 лары (амаль 1000 долараў) — пакуль гэта самы вялікі памер штрафу па справе аб «рускім караблі».
І суд адклаў на 7 верасня разгляд справы Іллі Антадзэ, сына дэпутата Вярхоўнага Савета Аджарыі.