Вяртанне да 2020-га: ці быў шанец на іншы сцэнар?
У гэтыя дні ёсць нагода прыгадаць падзеі трохгадовай даўніны і яшчэ раз паспрабаваць паразважаць, ці ўсё тады было зроблена слушна тымі, хто жадаў станоўчых перамен і дэмакратыі. Што б адбылося, калі б падзеі пайшлі па іншым сцэнары.
Канечне, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Справядлівасць гэтай фразы наўрад выклікае ў каго сумненні. Тым не менш, даволі часта даводзіцца чуць (ды і прамаўляць) нешта кшталту: эх, вось каб было зроблена вось так, а не гэтак… Пры гэтым заўвага такая можа тычыцца падзей як прыватнага, так і глабальнага ўзроўняў. Хтосьці выказвае такім чынам сваё шкадаванне з той падставы, што нешта пайшло не так, як магло б пайсці, хтосьці наадварот — радасць з гэтай нагоды. Часцяком падобны «ўмоўны лад» выкарыстоўваецца, каб падмацаваць сваю пазіцыю: маўляў, паслухалі б мяне, дык было б усім шчасце…
Прысутнічае ў такім падыходзе да гісторыі і элемент маніпулятыўнасці, і спекулятыўнасць амаль не мае абмежаванняў.
Але калі «падстаўляць» у якасці варыянтаў развіцця падзей нейкі парадак дзеянняў, кожнае з якіх мае свае імаверныя наступствы (з дастатковай ступенню прадказальнасці), дык можна, з аднаго боку, крытычна зірнуць на маніпуляцыі (па прынцыпе: не, даражэнькі, калі б дзейнічалі так, як ты прапануеш, была б увогуле суцэльная катастрофа), а з іншага — крыху абмежаваць прастору для спекуляцый. Тады можна будзе больш упэўнена казаць, ці былі зроблены памылкі і (калі былі) у чым? Што, у сваю чаргу, дазволіць больш адэкватна ацэньваць дзеянні ў мінулым (і тых, хто іх здзяйсняў) і зрабіць больш асэнсаваны выбар у будучыні.
Таму, думаю, будзе мець сэнс разгледзець некалькі «альтэрнатыўных» сцэнароў падзей канца лета 2020-га, у адпаведнасці з якімі гісторыя магла пайсці іначай. Ці не магла — такая магчымасць таксама існуе. Тым больш што замова на аналіз такіх сцэнароў (зразумела, з пэўнай умоўнасцю) існуе сярод людзей. Бо людзі жадаюць ведаць не толькі, што будзе, але і што было, і што магло б быць.
Дык як маглі б развівацца падзеі ў 2020-м, калі б асноўныя актары зрабілі іншы выбар і ажыццявілі іншыя дзеянні?
Са сферы ненавуковай фантастыкі
Што было б, каб выбары ішлі сумленна (хаця б адносна) і перамогу атрымаў іншы кандыдат, а не Лукашэнка? Ну, напрыклад, паверыўшы ў сваю вялікую папулярнасць і непераможнасць, ён бы дапусціў на выбары міжнародных назіральнікаў і загадаў зрабіць працэс максімальна празрыстым? Ну, тэарэтычна? Ці хто-небудзь з вонкавых гульцоў знайшоў інструмент такога ціску на яго, што яму б давялося зрабіць выбары сумленнымі міжволі? І пры гэтым, канечне, да ўдзелу ў іх ён бы быў вымушаны дапусціць усіх сваіх канкурэнтаў — Бабарыку, Ціханоўскага, Цапкалу.
Безумоўна, гэта самы фантастычны сцэнар, і ягоны разгляд таксама прадугледжвае вялікую долю фантазіі. Бо нават па паводзінах асноўных канкурэнтаў Лукашэнкі, якія былі на пачатак элекцыйнай кампаніі, відаць, што яны не асабліва разлічвалі на перамогу. У Ціханоўскага, магчыма, быў варыянт зняцца з выбараў, Бабарыка быў гатовы да паражэння і пераходу да стварэння сваёй партыі (то-бок разлік на гульню «ў доўгую»), у Цапкалы ж былі не самыя лепшыя элекцыйныя перспектывы: ягоная папулярнасць была куды меншай за папулярнасць двух першых кандыдатаў.
Калі ж дапусціць, што перашкод няма і ўсе апаненты Лукашэнкі ўдзельнічаюць у элекцыйнай гонцы, вынік быў бы, судзячы па настроях грамадства, у перамозе найбольш моцнага кандыдата, якім на той момант з'яўляўся Бабарыка. Магчыма, быў бы другі тур. Але ў любым выпадку Бабарыка ў яго трапляў, і ў любым выпадку ён перамагаў, хто б ні быў ягоным супернікам. Лукашэнка супраць яго не меў бы аніякіх шанцаў.
І што тады? Вось не думаю я, што Бабарыка быў бы гэтакім жа адданым саюзнікам Расіі, як і Лукашэнка. Таму, імаверна, Лукашэнка і захоўвае дагэтуль сваю ўладу. Але калі б замена яго Бабарыкам адбылася, апошні меў бы за сабой моцную падтрымку з боку беларусаў. Што і давала б новаму кіраўніку Беларусі пэўную самастойнасць. Нават пры моцнай прывязанасці да якой-небудзь замежнай структуры. Бо падтрымка прэзідэнта краіны з боку народа — той рэсурс, з якім і расійскае кіраўніцтва вымушана лічыцца. Іначай давядзецца губляць свой рэсурс, неабходны для іншых спраў.
З іншага боку, Бабарыка ў той час не меў акрэсленай антырасійскай пазіцыі, і чакаць ад яго рэзкіх геапалітычных разваротаў не выпадала. Беларусь па-ранейшаму засталася б ва ўсіх «саюзах» — што дзяржаўных, што мытных, што абарончых. Не змянілася б ні моўная палітыка, ні нацыянальная ў цэлым. А гэта значыць, што шлях у «русский мир» працягнуўся. Іншая справа, што сітуацыя з правамі чалавека і свабодай выказванняў змянілася б, хутчэй за ўсё, у лепшы кірунак. Прынамсі, было б не горай за першыя гады кіравання Лукашэнкі. Гэта давала б больш свабоды грамадству, у тым ліку — у прасоўванні беларускай нацыянальнай павесткі.
І вось тут пытанне: што было б з роляй Беларусі ў поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны? Тое, што гэтая агрэсія адбылася б, няма аніякіх сумненняў — гэта даўно зроблены гістарычны выбар расійскага кіраўніцтва. І Расія, безумоўна, ціснула б на свайго па-ранейшаму бліжэйшага саюзніка (і геаграфічна бліжэйшага да Кіева) дзеля выкарыстання ягонай тэрыторыі сваімі войскамі.
Бабарыка (у адрозненне ад Лукашэнкі) наўрад ці быў бы ў замілаванні ад ідэі паўдзельнічаць у расійскім «парадзе перамогі» ў Кіеве. Але наколькі эфектыўным быў бы ягоны супраціў уцягванню Беларусі ў крамлёўскія планы?
Тут магчымыя некалькі варыянтаў, але, падаецца, з аднолькавым фіналам.
Першы— Бабарыка не пагаджаецца. І тады Расія магла б здзейсніць які-небудзь «вайсковы пераварот» па прыкладзе тых, якія адбываліся ў краінах былога СССР у 90-х, калі там да ўлады прыходзілі рэжымы з антырасійскімі настроямі. Пратэсты грамадзян, у такім выпадку, былі б задушаны пры дапамозе той жа расгвардыі. Але Беларусь была б яшчэ менш надзейным тылам, чым цяпер. Іншая справа, што ў беларусаў не было б такога моцнага прадстаўніцтва за мяжой, як цяпер. І наколькі эфектыўна можна было б адстойваць інтарэсы беларусаў і будучай Беларусі, залежыла б ад таго, хто з лідараў здолеў бы з’ехаць з краіны.
Другі варыянт— Бабарыка не пагаджаецца, і вайскоўцы яго падтрымліваюць. Тады недзе ў Беларусі раптам узнікае нейкі прарасійскі рух, які патрабуе тэрміновай абароны ад азвярэлых ад апалячання беларусаў. І паколькі «рускія сваіх не кідаюць» (у тым выпадку, калі трэба ўмяшацца ва ўнутраныя справы суседзяў), дык адбываецца ўварванне расійскіх войскаў (магчыма, па тым жа сцэнары, што і на Данбасе ў свой час). Беларуская армія, як у свой час армія Бельгіі, не можа доўга процістаяць агрэсару — яе проста змінаюць. Вынік — расійскія войскі могуць нанесці ўдар па Украіне, але тыл — крайне ненадзейны.
Трэці варыянт — Бабарыка пагаджаецца. Але ў такім выпадку грамадзяне, якія ўжо глытнулі адноснай свабоды, выйшлі б на пратэсты. Бо наўрад ці настрой беларускага грамадства за гэты час настолькі б павярнуўся ў бок інтарэсаў Масквы, што яны зрабіліся б гатовымі за іх ваяваць супраць украінцаў. Далей — як у папярэдніх версіях: разгон пратэстаў з утварэннем ненадзейнага тылу ў расійскіх войскаў на поўначы Украіны.
Ці была б выратавальнай маленькая хлусня?
Шмат хто з аналітыкаў пасля падзей 20-га казаў, што ўсё было б іначай, калі б Лукашэнка настолькі нахабна не прыпісаў сабе 80+ адсоткаў галасоў. Маўляў, надта відавочнай была гэтая хлусня. Вось калі б ён напісаў сабе якіх 56 адсоткаў, тады народ мог бы пагадзіцца з гэтай лічбай, і далейшыя падзеі пайшлі б іначай.
Сапраўды, пасля элекцыйных кампаній даныя незалежных сацыялагічных даследаванняў паказвалі, што за Лукашэнку галасавала больш за 50% тых, хто прыйшоў на выбары. Напрыклад, на выбарах 2010-га, калі таксама адбыліся масавыя пратэсты, незалежныя сацыёлагі «далі» яму па выніках апытанняў пасля галасавання 51,1%, у 2006-м — 63,1%. На выбарах 2015-га, якія былі самымі «ціхімі», за Лукашэнку, па даных сацыёлагаў, прагаласавалі 50,8% тых, хто прыйшоў на выбары.
Незалежна ад дакладнасці лічбаў відавочны трэнд на падзенне электаральнай падтрымкі Лукашэнкі, які не мусіў змяніцца да 2020-га. Наадварот, сітуацыя складалася для яго неспрыяльная (варта прыгадаць тую ж рэакцыю на кавід). Да пікета па зборы подпісаў за вылучэнне ягоных апанентаў людзі стаялі ў кіламетровых чэргах. І, канечне, арышты гэтых апанентаў таксама не дадавалі яму сімпатый і папулярнасці.
Палітычная мабілізацыя беларусаў у 2020-м значна перавышала любую папярэднюю ў гісторыі краіны. Гэта лёгка можна было вызначыць і без сацыялагічных апытанак: па тых жа чэргах, ланцугах салідарнасці, актыўных наладжваннях гарызантальных сувязяў, а пасля рэгістрацыі Ціханоўскай — па масавых мітынгах у ейную падтрымку.
Пасланне «Я іду, каб правесці свабодныя справядлівыя выбары» вельмі добра лягло на чаканні і жаданні беларусаў. Таму такая ўвага была і да арганізацыі працэсу гэтых выбараў. І на стадыі гэтай арганізацыі ўжо зрабілася відавочным, што сумленнага падліку галасоў не будзе. Таму людзі загадзя былі гатовыя да фальсіфікацый.
Што і атрымала пацвярджэнне, калі замест вывешаных (як таго патрабуе закон) пратаколаў грамадзянам, якія прыйшлі пасля завяршэння галасавання да сваіх участкаў, давялося сутыкнуцца з АМАПам. А потым — атрымаць у свой бок стрэлы, светлашумавыя гранаты, дручкі, нечалавечыя катаванні затрыманых і выцісканне з краіны Ціханоўскай. І ўсё гэта — да абвяшчэння «афіцыйных» вынікаў.
Дык якія 56, 54, 50,1% маглі ў той сітуацыі прымусіць людзей паверыць у тое, што Лукашэнка такі перамог? Наадварот, людзі б успрынялі гэта як прызнанне Лукашэнкам паражэння, і сітуацыя для яго зрабілася б яшчэ больш цяжкай. Іншая справа, што пратэсты ўсё роўна былі б задушаны, толькі, можа, на гэта спатрэбілася б больш сілы. І калі б яе не хапіла ў самой Беларусі, Расія, як ведаем, была гатовай накіраваць на дапамогу Лукашэнку сваю.
Зброя офіснага пралетарыяту
Нарэшце, альтэрнатыўны сцэнар, які вылучаюць, бадай, часцей за ўсё: пратэсты набылі гвалтоўны характар. Колькі разоў мы ўжо чулі з самых розных бакоў — і ад суайчыннікаў, і ад нашых суседзяў (у першую чаргу, паўднёвых), што толькі гвалтам можна «скалупнуць» цяперашні беларускі рэжым. І з гэтага робіцца выснова, што, маўляў, калі б у 2020-м людзі ішлі не «з кветачкамі» і не здымалі б абутак перад тым, як залезці на лавачку, дык вораг даўно быў бы зрынуты і пакуты беларусаў скончыліся б ужо тады.
Давайце паспрабуем уявіць, што было б, калі б беларусы ў 2020-м замест кветачак і балёнікаў выходзілі на пратэсты са зброяй. І першае пытанне, якое ўзнікае пры гэтым, гучыць так: а дзе б беларусы ўзялі зброю, і якую?
Па даных даследавання, праведзенага ў 2017-м швейцарскім Інстытутам міжнародных даследаванняў і развіцця, на руках у беларусаў знаходзілася каля 130 тыс. зарэгістраваных адзінак зброі і 451 тыс. незарэгістраваных. Амаль 600 тыс. адзінак — гэта ж каласальная лічба! Чаму б не выйсці ўсім тым, хто валодае зброяй? Тут рэжыму і канец прыйдзе!
Не, не прыйдзе. І не толькі праз тое, што мабілізаваць усіх уладальнікаў зброі на ўдзел у пратэстах практычна немагчыма. Валоданне беларусамі зброяй рэгулюецца адмысловым законам аб зброі. Не думаю, што тут варта падрабязна аналізаваць яго змест. Дастаткова сказаць, што зброя баявая і службовая звычайным грамадзянам недаступныя. Роўна як і зброя аўтаматычная, здольная страляць чэргамі. То-бок проціпаставіць спецыяльным аддзелам разнастайных «сілавых» структур пратэстоўцы, якія абралі гвалт, маглі, у лепшым выпадку, зброю спартовую, абарончую і паляўнічую. Супраць баявой зброі яна, мякка кажучы, неэфектыўная. Ды і сярод незарэгістраванай зброі наўрад знойдзецца дастатковая колькасць тых адзінак, якія могуць канкурыраваць з баявой зброяй міліцыі, спецслужбаў і арміі.
Тут хтосьці можа запярэчыць, што, маўляў, па «Законе аб унутраных органах Рэспублікі Беларусь» (у рэдакцыі, якая дзейнічала да чэрвеня 2021-га) «сілавікам» было забаронена выкарыстоўваць агнястрэльную зброю для задушэння пратэстаў. Але, як казаў у свой час прэзідэнт Мексікі Плютарка Кальес, «усю падтрымку і разуменне — маім сябрам, увесь цяжар закону — маім ворагам». Ды і, як заўважыў адзін іншы палітычны дзеяч, часам бывае «не да законаў». Тым больш што 12 кастрычніка 2020-га намміністра УС Генадзь Казакевіч казаў, што міліцыі дазволена пры задушэнні пратэстаў прымяняць баявую зброю. Акрамя таго, баявая зброя прысутнічала і ў вайскоўцаў, выведзеных падчас пратэстаў на вуліцы Мінска.
Зноўку можна казаць, што пры дапамозе той зброі, якая была даступна пратэстоўцам, можна было б пазахопліваць склады і адтуль узяць баявую зброю. Але нават калі б гэта атрымалася, рэсурс рэжыму быў бы ўсё роўна большым. Нават калі ў дадатак да арсеналаў пратэстоўцы захапілі б умоўныя пошту, тэлеграф ды іншыя важныя будынкі. Супраць захопленых аўтаматаў былі б задзейнічаны кулямёты, гарматы, авіяцыя. Урэшце, свае войскі ў Беларусь была гатова накіраваць Расія. І я вельмі сумняваюся, што ў беларусаў хапіла б рэсурсаў процістаяць расійскай арміі, нават у захопленых аддзяленнях Белпошты. А «хаймарсаў» беларусам дакладна ніхто бы не даў.
Такім чынам, калі б беларусы ўзялі ў рукі зброю дзеля «нямірных» пратэстаў, яны, у любым выпадку, былі б у куды меней выгадным стане, чым «сілавікі». Апошнім не было б надта цяжка заліць вуліцы беларускіх гарадоў крывёй, і колькасць ахвяра ішла б не на дзясяткі, а на тысячы. І сітуацыя з палітзняволенымі была б горшай, як дэманструе прыклад тых краін, дзе для барацьбы супраць дыктатарскага рэжыму народ узяўся за зброю. І стаўленне да пратэстаў у свеце было б іншым. Відавочна, што такога захаплення беларусамі, якое было ў 20-м, мы б не ўбачылі. А гэта значыць, не было б і такога пазітыўнага стаўлення да беларускіх дэмакратычных сіл на міжнароднай арэне. І выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі супраць іншых краін было б значна прасцей: грамадства было б відавочна слабейшым, чым цяпер.
*****
Як бачым, альтэрнатыўныя сцэнары не даюць падстаў думаць, што ў 2020-м усё магло пайсці неяк іначай і ў лепшым (ці менш драматычным) варыянце. Гэтаму замінае цэлы шэраг фактараў, сярод якіх такія, як наяўнасць Расіі і прага ейнага кіраўніцтва аднавіць імперыю. Дзеля чаго яму патрэбны і Беларусь, і Украіна. Другі фактар — катэгарычнае нежаданне Лукашэнкі развітвацца з уладай, якіх бы ахвяр сярод беларусаў гэта не каштавала (памятаеце: «Я буду абараняць сваю ўладу да апошняга беларуса»?). Трэці — пэўная негатоўнасць саміх беларусаў зразумець, які выбар будзе слушным і эфектыўным для нармалёвага развіцця краіны.
Гэта прыводзіць да высновы, што ў 2020-м у беларусаў не было добрых варыянтаў, і з усіх альтэрнатыўных той, што актуалізаваўся, выглядае найбольш спрыяльным. Прынамсі, чалавечыя страты маглі быць горшымі пры тых жа палітычных выніках.
Канечне, гэта не значыць, што ў далейшым сітуацыя не пачне развівацца такім чынам, што Беларусь усё ж акажацца ў вайне — ці ў грамадзянскай, ці ў сусветнай. Але існуюць і шанцы, што такіх варыянтаў атрымаецца пазбегнуць. І мы, урэшце, здолеем правесці неабходныя перамены, каб у Беларусі было камфортна жыць. А той перыяд, які застаецца нам да гэтага моманту, добра было б выкарыстаць на выхаванне ў нас адэкватнага стаўлення да палітыкі, палітыкаў і сябе. Каб у далейшым рабіць адэкватны выбар і не шкадаваць аб ім.