Сапраўднае контрнаступленне УСУ адбываецца не на поўдні Украіны, а ў Крыме?
Пра што могуць сведчыць апошнія ўдары УСУ ў раёне Крымскага паўвострава?
![marka_3.jpg marka_3.jpg](/img/v1/images/marka_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У апошнія тыдні на фронце ўсталявалася адноснае зацішша, затое рэзка вырасла актыўнасць на Чорным моры і ў Крыме. Пасля таго, як 17 ліпеня другі раз быў падарваны Крымскі мост, ударам ракет або дронаў падвяргаліся танкер у Азоўскім моры, масты і склады на тэрыторыі анексаванага паўвострава і нават база расійскага Чарнаморскага флоту. Усё гэта можа быць часткай стратэгіі УСУ, якая ўжо спрацавала мінулым летам і восенню. Пра гэта расказвае «Люстэрка».
Што адбываецца
6 жніўня 2023 года ўкраінскія сілы нанеслі ўдар крылатымі ракетамі Storm Shadow адразу па двух мастах, якія злучаюць анексаваны Крым з кантынентам — пераправах праз Чангарскі і Генічаскі пралівы. У абодвух выпадках удалося дамагчыся траплянняў, у выніку якіх расіянам давялося закрываць рух па гэтых напрамках.
Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны адзначылі, што пабітыя аб’екты — ключавыя аўтамабільныя масты, якія маюць важнае значэнне для сувязі Крыма з акупаванай РФ часткай Херсонскай вобласці. Эксперты дадаюць, што праз перакрыццё гэтых камунікацый расіянам давялося перанакіраваць рух у аб’езд праз заходнюю частку паўвострава — гэта ўскладняе лагістыку.
![Пасля трапляння ў Чангарскі мост (чырвоная пазнака ў правай частцы карты) рух з Крыма перанакіравалі на захад паўвострава, праз Армянск і Перакоп — гэта моцна падаўжае паездку. Карта: t.me/mintranscrimea Пасля трапляння ў Чангарскі мост (чырвоная пазнака ў правай частцы карты) рух з Крыма перанакіравалі на захад паўвострава, праз Армянск і Перакоп — гэта моцна падаўжае паездку. Карта: t.me/mintranscrimea](/img/v1/images/krym_dorogi.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пасля трапляння ў Чангарскі мост (чырвоная пазнака ў правай частцы карты) рух з Крыма перанакіравалі на захад паўвострава, праз Армянск і Перакоп — гэта моцна падаўжае паездку. Карта: t.me/mintranscrimea
Усяго за дзень да гэтага, 5 жніўня 2023 года, на поўдзень ад Керчанскага праліва падвергнуўся ўдару надводнага дрона і атрымаў прабоіну расійскі танкер «Сіг» водазмяшчэннем больш за 6 тысяч тон — у момант атакі судна стаяла на якары.
4 жніўня надводныя дроны атакавалі расійскі флот у гавані Новарасійска — гэта другая па значэнні чарнаморская ваенна-марская база Расіі пасля Севастопаля. Падчас атакі адзін з беспілотных катараў пашкодзіў вялікі дэсантны карабель «Аленегорскі гарняк» — той не затануў, аднак судну відавочна спатрэбіцца рамонт. За некалькі дзён да гэтага расійскі бок паведамляў яшчэ як мінімум пра дзве спробы атакаваць ваенныя караблі РФ безэкіпажнымі катарамі.
Глядзіце таксама
![Украінскі марскі дрон пашкодзіў рускі дэсантны карабель Украіна падарвала рускі дэсантны карабель](/img/v1/images/1691133195_9978.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
29 ліпеня быў, імаверна, пашкоджаны ракетамі Чангарскі чыгуначны мост — праз яго ідзе адна з трох чыгуначных магістраляў на паўвостраў (другая — на захадзе праз Краснаперакопск, трэцяя — праз Крымскі мост). Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда прызнаў факт атакі на мост, аднак заявіў, што ўсе ракеты ўдалося збіць, а аб’ект не пашкоджаны («пацвердзіўшы» свае словы фатаграфіяй з ракурсу, на якім не відаць сам мост). Выданне «Агенцтва» апублікавала іншы здымак, на якім відаць значныя разбурэнні чыгуначнага палатна.
У самім Крыме таксама пачасціліся выпадкі атак — па складах боепрыпасаў і іншых вайсковых аб’ектах пачалі рэгулярна прылятаць дроны ці ракеты. Так, раніцай 22 ліпеня выбухі прагрымелі на тэрыторыі старога вайсковага аэрадрома ў пасёлку Акцябрскае (прычым крымскае падполле расказала пра канцэнтрацыю там ваеннай тэхнікі яшчэ ў чэрвені), а 19 ліпеня ў паветра ўзляцеў склад на Старакрымскім вайсковым палігоне.
Пра што гэта сведчыць
З папраўкай на маштабы тое, што адбываецца ў Крыме і каля яго, вельмі нагадвае сітуацыю гадавой даўніны, калі расійская армія яшчэ займала частку правабярэжжа Дняпра з горадам Херсонам. Перайшоўшы раку, расіяне адразу трапілі ў залежнасць ад стану трох мастоў праз Днепр і аднаго — праз драбнейшую раку Інгулец. Усё забяспечанне шматтысячнай групоўкі «павісла» на гэтых мастах.
![Найважнейшыя для расійскай арміі пераправы па стане на лета 2022 года — тры масты праз Днепр і адзін праз Інгулец. Карта: Google Maps Найважнейшыя для расійскай арміі пераправы па стане на лета 2022 года — тры масты праз Днепр і адзін праз Інгулец. Карта: Google Maps](/img/v1/images/perepravy.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Найважнейшыя для расійскай арміі пераправы па стане на лета 2022 года — тры масты праз Днепр і адзін праз Інгулец. Карта: Google Maps
Да ліпеня 2022 года вялікіх праблем гэта не абяцала, але да сярэдзіны лета УСУ атрымалі і засвоілі высокадакладныя сістэмы залпавага агню HIMARS — і іх ракеты, апроч іншага, пачалі метадычна апрацоўваць Антонаўскі мост ля Херсона і іншыя пераправы праз Днепр. Зусім разбурыць капітальныя збудаванні параўнальна невялікія ракеты не маглі, але яны ўвесь час пашкоджвалі і пашкоджвалі іх — і абстрэлы не спыняліся.
Будаўніцтва пантонных пераправаў у дадатак да мастоў расіянам у выніку не дапамагло: амаль адрэзаная ад сваіх сіл групоўка войскаў на правабярэжжы ў лістападзе вымушаная была ачысціць плацдарм — і Херсон, адзіны абласны цэнтр Украіны, захоплены Расіяй з пачатку поўнамаштабнай вайны, быў вызвалены УСУ без бою.
Глядзіце таксама
![Пакоджаныя масты, што злучаюць Крым з мацерыком Пашкоджаныя два масты, якія злучаюць Крым з мацерыком](/img/v1/images/01000000_0a00_0242_f199_08db7307d553_w1023_r1_s.avif?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Мяркуючы з апошніх навінаў, цяпер сітуацыя, відаць, паўтараецца — але ў нашмат большых маштабах. У ролі ізаляванай ударамі па камунікацыях групоўкі, імаверна, аказваецца ўвесь Крым. Анексаваны дзевяць гадоў таму паўвостраў звязаны з Расіяй усяго некалькімі транспартнымі артэрыямі. Гэта мора вакол яго, Крымскі мост (аўтамабільны і чыгуначны), Чангарскі мост (аўтамабільны і чыгуначны), мост пад Генічаскам і аўтадарогі праз заходнейшыя Каланчак і Чаплінку. Яшчэ адзін лагістычны хаб, які не мае дачынення да Крыма, але важны для акупантаў, — порт акупаванага Бярдзянска, адкуль можа забяспечвацца групоўка войскаў на поўдні Украіны.
![Сухапутная сувязь Крыма з кантынентам. Чырвонымі колцамі абведзеныя злева направа: дарога на Чаплінку і Каланчак, дарога праз Чангар, мост ля Генічаска і Крымскі мост. Карта: Google Maps Сухапутная сувязь Крыма з кантынентам. Чырвонымі колцамі абведзеныя злева направа: дарога на Чаплінку і Каланчак, дарога праз Чангар, мост ля Генічаска і Крымскі мост. Карта: Google Maps](/img/v1/images/crimea_roads.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сухапутная сувязь Крыма з кантынентам. Чырвонымі колцамі абведзеныя злева направа: дарога на Чаплінку і Каланчак, дарога праз Чангар, мост ля Генічаска і Крымскі мост. Карта: Google Maps
За апошнія тыдні УСУ паказалі сваю здольнасць наносіць множныя ўдары па большай частцы гэтых камунікацый. Расійскі танкер «Сіг» быў пабіты ля самага Керчанскага праліва — то-бок украінскія надводныя дроны тэарэтычна здольныя блакаваць гэтую водную артэрыю.
![Месца атакі на танкер «Сіг» — яна адбылася на поўдзень ад Керчанскага праліва, усяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Керчы. Карта: t.me/moscowtimes_ru Месца атакі на танкер «Сіг» — яна адбылася на поўдзень ад Керчанскага праліва, усяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Керчы. Карта: t.me/moscowtimes_ru](/img/v1/images/tanker_sig.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Месца атакі на танкер «Сіг» — яна адбылася на поўдзень ад Керчанскага праліва, усяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Керчы. Карта: t.me/moscowtimes_ru
Яшчэ раней, 17 ліпеня, быў другі раз падарваны Крымскі мост — зноў жа з дапамогай надводных дронаў. Нават прарасійскія крыніцы пісалі, што адзін з сімвалаў пуцінскай эпохі «даб'юць рана ці позна».
Такім чынам, адзіным больш-менш бяспечным шляхам для расіян у анексаваны Крым застаюцца аўтамабільныя магістралі, якія праходзяць праз Каланчак і Армянск, а потым праз так званы сухапутны калідор — акупаваную тэрыторыю Украіны, што прылягае да ўзбярэжжа Азоўскага мора. Усе грузы ў гэтым выпадку давядзецца вазіць аўтатранспартам (гэта значна менш эфектыўна, чым перавозкі морам або чыгункай), бо адзіная прамая чыгунка ідзе акурат праз Чангар — і ў чыгуначны мост тут ужо прылятала ракета.
Глядзіце таксама
![Аляксей Арастовіч: полем бою стане сама Беларусь Аляксей Арастовіч: У планах расійскага камандавання — вайна на беларускім кірунку](/img/v1/images/1625826917_9_kartinkin_com_p_yadernii_vzriv_art_art_krasivo_9_1_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Як УСУ ўдаюцца дзейсныя ўдары па расійскіх камунікацыях
Вырашальнае значэнне ў ізаляцыі раёна баявых дзеянняў мае наяўнасць дальнабойных і высокадакладных узбраенняў, якія дазваляюць біць па глыбокіх тылах праціўніка. Раней на ролю такой зброі магла прэтэндаваць супрацькарабельная ракета Harpoon, якая лётае амаль на 300 кіламетраў і якую ЗША пастаўлялі Украіне — але пра поспехі гэтай зброі за мінулыя месяцы амаль нічога не было чуваць. Ужо доўгі час ідуць перамовы пра пастаўкі Украіне аператыўна-тактычных ракет ATACMS для РСЗА HIMARS — аднак пакуль справа не рухаецца.
У выніку там, дзе дапамагчы не змаглі ЗША, выручыла Вялікабрытанія — вясной Лондан адправіў Кіеву малапрыкметныя крылатыя ракеты Storm Shadow. Першапачаткова яны былі прызначаныя для запуску з брытанскіх самалётаў, але ўкраінцы здолелі адаптаваць іх да сваіх бамбардзіроўшчыкаў Су-24, якія засталіся з часоў СССР.
Storm Shadow — вельмі сучасныя крылатыя ракеты. Іх вартасцямі можна назваць далёкасць (ад 250 кіламетраў), прыстойную баявую частку на 450 кілаграмаў і малапрыкметнасць. Ракеты могуць ляцець над самай зямлёй, што ўскладняе іх перахоп нават вельмі моцнай СПА (а расійская супрацьпаветраная абарона, безумоўна, не са слабых).
Ужо ў чэрвені ўкраінцы праверылі гэта на практыцы, нанёсшы ўдар па тым самым аўтамабільным Чангарскім мосце. Цікава, што пасля трапляння расіяне аператыўна навялі паблізу, мяркуючы са спадарожнікавых здымкаў, пантонную пераправу — то-бок зрабілі дакладна гэтак жа, як падчас бамбардзіровак Антонаўскага моста пад Херсонам.
Мяркуючы з усяго, досвед выкарыстання крылатых ракет быў прызнаны ўдалым — 11 ліпеня пра пастаўку французскіх ракет SCALP-EG, ідэнтычных Storm Shadow, заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. А 6 жніўня з’явілася першае сведчанне, што ракеты SCALP-EG ужо ва Украіне — на адной з іх нават распісаўся прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
![Ракета SCALP-EG пад крылом бамбардзіроўшчыка Су-24. Фота: t.me/znua_live Ракета SCALP-EG пад крылом бамбардзіроўшчыка Су-24. Фота: t.me/znua_live](/img/v1/images/scalp_eg_raketa.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ракета SCALP-EG пад крылом бамбардзіроўшчыка Су-24. Фота: t.me/znua_live
Украінскае абароннае выданне Defense Express звярнула ўвагу, што SCALP-EG падвешаная пад крылом на пілоне ад спісанага брытанскага самалёта Tornado — відавочна, «здружыць» ракеты з Вялікабрытаніі і Францыі і самалёты з СССР удалося менавіта дзякуючы гэтым камплектавальнікам. Так ці інакш, цяпер украінцы ўпершыню атрымалі па-сапраўднаму «доўгую руку» з далёкасцю на сотні кіламетраў і пачалі эфектыўна выкарыстоўваць яе.
Расіяне гэта, хутчэй за ўсё, разумеюць і спрабуюць процідзейнічаць — 6 жніўня Мінабароны РФ дало справаздачу пра чарговы ракетны ўдар па авіябазе каля Стараканстанцінава, дзе нібыта базуюцца Су-24, якія могуць несці Storm Shadow. Пасля з’явіліся спадарожнікавыя здымкі пабітага аэрадрома — нават прарасійскія крыніцы прызналі, што поспеху аперацыя не мела.
Між тым неўзабаве ўкраінцы могуць атрымаць яшчэ больш дальнабойную зброю — уплывовая група нямецкіх дэпутатаў ужо заклікала ўлады ФРГ хутчэй адправіць Кіеву крылатыя ракеты Taurus: яны падобныя да SCALP-EG і Storm Shadow, але маюць яшчэ большую далёкасць — да 500 кіламетраў.
Другой «доўгай рукой» УСУ сталі надводныя дроны. Невялікія безэкіпажныя катары-камікадзэ з зарадамі выбухоўкі ўпершыню былі выкарыстаныя яшчэ летась — напрыклад, у кастрычніку імі атакавалі ваенна-марскую базу ў Севастопалі. Аднак сістэмай на той момант такія атакі не сталі, і доўгі час пра надводныя дронах ўспаміналі толькі зрэдку. Усё змянілася гэтым летам — цяпер катары-беспілотнікі наносяць удары ледзь не штодня. Імаверна, рэч у тым, што канструкцыю надводных дронаў атрымалася ўдасканаліць — так, OSINT-аналітык, вядомы пад нікам H I Sutton, падрыхтаваў матэрыял пра тое, як мянялася аблічча ўкраінскай марской зброі.
![Эвалюцыя марскіх дронаў Украіны пачынаючы з іх першага выкарыстання летам 2022 года і да сёння. Калаж: hisutton.com Эвалюцыя марскіх дронаў Украіны пачынаючы з іх першага выкарыстання летам 2022 года і да сёння. Калаж: hisutton.com](/img/v1/images/evolyuciya_morskikh_dronov_vsu.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Эвалюцыя марскіх дронаў Украіны пачынаючы з іх першага выкарыстання летам 2022 года і да сёння. Калаж: hisutton.com
Цікава, што якраз у канцы ліпеня ўкраінцы ўпершыню паказалі свае надводныя дроны «афіцыйна», пусціўшы на паказ журналістаў CNN, якія і зрабілі пра іх сюжэт. Паводле апошняга, дроны маюць прыкладна пяціметровую даўжыню, выкананыя ў выглядзе лодкі і могуць рухацца з хуткасцю 80 кіламетраў у гадзіну на адлегласць да 800 кіламетраў. Падабраўшыся да варожай цэлі, беспілотны катар падрывае яе баявой часткай вагой прыкладна 300 кілаграмаў.
Вельмі высокая далёкасць ходу беспілотнікаў дазваляе ўкраінцам наносіць удары ў раёне Керчанскага праліва, Крымскага моста і нават Наварасійска — то-бок расіяне практычна нідзе ў Чорным моры не могуць адчуваць сябе ў бяспецы. А ў спалучэнні з пастаяннымі ўдарамі крылатымі ракетамі ізаляцыя Крыма ўжо не выглядае такой неверагоднай.
Глядзіце таксама
![Уладзімір Пастухоў: Пазбегнуць вайны з Расіяй пасля распаду СССР было цяжэй, чым не пазбегнуць Уладзімір Пастухоў: Пазбегнуць вайны з Расіяй пасля распаду СССР было цяжэй, чым не пазбегнуць](/img/v1/images/1the_collapse_of_russia_1.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Як могуць пайсці падзеі далей
Гэта залежыць ад таго, ці здолее Украіна далей наносіць удары па расійскіх аб’ектах з ранейшай інтэнсіўнасцю. Абстрэл Антонаўскага і іншых мастоў ракетамі HIMARS доўжыўся месяцы — але цяпер УСУ трэба каардынаваць ўдары з паветра і мора на адлегласцях сотняў кіламетраў. Ці здолее Расія, якая адправіла большую частку ваеннай тэхнікі, уключаючы СПА, на фронт, абараніць масты і склады ў Крыме ад атак, невядома.
Тое ж датычыць і вайны на моры. У знішчэнні асобна ўзятага беспілотнага катара для расійскага флоту нічога складанага няма — аднак гэты катар трэба своечасова выявіць (мяркуючы з паводзінаў караблёў РФ падчас атакі дронаў на Новарасійск, з гэтым вялікія праблемы). Калі ж украінскія надводныя беспілотнікі зладзяць блакаду, знішчаючы расійскія судны, што перавозяць вайсковыя грузы, іх давядзецца неяк канваяваць ваенным флотам. Наколькі гэта магчыма цяпер, сказаць цяжка.
![Крым, від з космасу. Фота: NASA, commons.wikimedia.org Крым, від з космасу. Фота: NASA, commons.wikimedia.org](/img/v1/images/krym_kosmos_poluostrov.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Крым, від з космасу. Фота: NASA, commons.wikimedia.org
Украінскі ваенны аналітык Аляксандр Каваленка таксама адзначаў, што становішча расійскіх войскаў на поўдні Украіны і ў Крыме падобнае да сітуацыі, у якую трапілі вайскоўцы РФ на правым беразе Дняпра. Паводле яго, як і год таму, УСУ пачынаюць з разведкі боем, потым прасоўваюцца ўглыб першай лініі абароны — а пасля ў паветра пачынаюць узлятаць масты. «Нешта здараецца з Крымскім мостам, Чангарскім мостам, і гэта толькі прэлюдыя. У той жа час будзённа і руцінна штодня гараць склады з БК [боекамплектамі], ГЗМ [гаруча-змазачнымі матэрыяламі], падрываецца МТЗ [матэрыяльна-тэхнічнае забяспечанне], парушаецца забяспечанне перадавых падраздзяленняў і іх кіраванне, прасядае лагістыка», — піша ён.
Зрэшты, пакуль гэта толькі тэорыя — многае залежыць і ад таго, ці здолеюць расіяне прыдумаць эфектыўны адказ. У гэтай вайне ўжо здараліся эфектныя ўдары, што наносілі ворагу страты, але пазней не паўтараліся — як падрыў верталётаў у Пскоўскай вобласці або ўдары савецкімі беспілотнікамі па стратэгічнай авіяцыі Расіі. Ці здолеюць украінцы скарыстацца перавагай і забяспечыць ізаляцыю анексаванага паўвострава, стане зразумела ў наступныя тыдні.