Пашкоджаныя два масты, якія злучаюць Крым з мацерыком
У выніку ракетных удараў, як сцвярджаецца, з боку Украіны днём 6 жніўня на акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях былі пашкоджаныя два масты, якія злучаюць анексаваны Крым з мацерыком.
Пра гэта паведаміла Радыё «Свабода» са спасылкай на прызначаныя Расеяй улады Крыму. У сеціве апублікаваныя фота і відэа наступстваў удараў. Мяркуючы па іх, праезд па мастах зараз немагчымы або прынамсі сур’ёзна абцяжараны.
Прызначаны Расеяй кіраўнік Херсонскай абласной адміністрацыі Ўладзімір Сальда спачатку напісаў аб пашкоджаньні мосту, які злучае горад Генічаск на поўдні вобласьці з Арабацкай стрэлкай. Затым расейскі кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў напісаў аб пашкоджаньні яшчэ аднаго мосту — Чангарскага — які злучае Херсонскую вобласьць непасрэдна з Крымам.
Украінскія вайскоўцы абстрэлы пакуль не камэнтавалі.
Аб ахвярах не паведамляецца, Сальда піша пра аднаго пацярпелага.
Мяркуючы па апублікаваных фота і відэа, масты не абрынуліся, аднак дарожнае палатно сур’ёзна пацярпела.
Чангарскі мост ужо падвяргаўся нападу з боку Украіны ў канцы чэрвеня. Тады сьцьвярджалася, што ўдар быў нанесены ракетамі брытанскай вытворчасьці Storm Shadow. Праз Чангар, як паведамілі тады ўкраінскія вайскоўцы, расейскае войска ажыцьцяўляе забесьпячэньне сіл, якія акупавалі паўднёвыя тэрыторыі Ўкраіны.
Пасьля пашкоджаньня двух мастоў уезд у Крым з тэрыторыі Херсонскай вобласьці па-ранейшаму магчымы праз два іншыя памежныя пераходы. Гэты маршрут цяпер выкарыстоўваецца часьцей, чым раней, з прычыны пашкоджаньня Крымскага моста.
Напярэдадні расейскія войскі нанесьлі масіраваны ракетны ўдар па тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку па аэрадроме Стараканстантынаў на захадзе краіны. На ім базуюцца самалёты Су-24 — носьбіты ракет Storm Shadow. Паводле паведамленьня расейскага Міністэрства абароны, «мэты ўдару былі дасягнутыя». Украінскі бок не паведамляў, ці была нанесеная нейкая шкода.
Расейскія ўлады раней пагражалі «ўдарамі па цэнтрах прыняцьця рашэньняў», калі ракеты Storm Shadow будуць выкарыстоўвацца для ўдараў па Крыме. Аднак абодва пашкоджаныя ў нядзелю масты геаграфічна знаходзяцца ў Херсонскай вобласьці.