Як у Батумі сустрэлі расійскі карабель. Фотафакт
Раніцай 31 ліпеня ў порт Батумі прыбыў расійскі круізны лайнер Astoria Grande, які плыве з Сочы ў Турцыю. Гэта другі рэйс за апошнія сем гадоў. Першы адбыўся 27 ліпеня, тады ў порце расійскія турысты казалі, што «Расія вызваліла Абхазію ад грузінаў».

Таму цяпер турыстаў сустрэлі мясцовыя жыхары з плакатамі, грузінскімі, беларускімі і ўкраінскімі сцягамі. Тым больш, што па паведамленнях, на борце знаходзіліся расійскія прапагандысты і спевакі, што падтрымліваюць вайну ва Украіне. Дарэчы, па непацверджаных даных, на борце лайнера быў беларускі спявак і вядоўца Дзмітрый Калдун.

Гэтым разам пратэстоўцы сталі збірацца ў порце бліжэй да паўночы, за пяць гадзін да прыбыцця лайнера. Потым з’явілася інфармацыя, што, каб пазбегнуць «ласкавай сустрэчы», паром выйшаў з папярэдняга порту раней.
Паліцыя перакрыла доступ да прычала, ачапіўшы яго агароджамі і размясціўшы там свае аўто.

Усю ноч ля прычала ішло супрацьстаянне з супрацоўнікамі паліцыі, некалькі актывістаў затрымалі. Сярод пратэстоўцаў быў лідар апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Леван Хабеішвілі, перад журналістамі выступіў рэжысёр Атар Катамадзэ.

Побач з грузінскімі і ўкраінскімі сцягамі былі і беларускія бел-чырвона-белыя сцягі з «Пагоняй».
Некаторыя пратэстоўцы былі з плакатамі. І мэсэдж «Крамлёўскія блазны, расійскі бот – спой Пуціну» — гэта самае мяккае, што было там напісана. Ну а пра лозунг наконт таго, куды трэба пайсці расійскаму караблю, і казаць не трэба.

НЧ, Салідарнасць