Высокі заробак не ратуе: у чэрвені Беларусь страціла яшчэ 6 тысяч працоўных
Розніца прынятых і звольненых у чэрвені значна меншая, чым месяцам раней. Але пры гэтым захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння занятасці.
Белстат апублікаваў даныя аб прынятых і звольненых на рынку працы Беларусі ў чэрвені гэтага года. За першы летні месяц было прынята на працу 59,5 тысяч чалавек, а колькасць звольненых склала амаль 65,9 тысяч.
З пачатку года сумарны разрыў найму і звальненняў ужо падышоў да парога ў 47 тысяч чалавек. Гэта ніжэй за значэнні мінулага года (за студзень-чэрвень 2022-га перавышэнне звальненняў над найманнем складала 55 тысяч чалавек), але назваць вынікі першага паўгоддзя 2023-га пазітыўнымі язык не павернецца, канстатуе «Кошт урада».
Цяпер эканоміка праходзіць сезонныя пікі скарачэння колькасці занятых у такіх буйных галінах, як ахова здароўя і адукацыя. На гэта накладваюцца ўстойлівыя неспрыяльныя тэндэнцыі ў ІТ, транспарце і гандлі. Усё гэта робіць рынак працы дэпрэсіўным, але разам з тым і канкурэнтным, паколькі бізнес адчувае дэфіцыт кваліфікаваных кадраў на фоне эміграцыйных і дэмаграфічных праблем і вымушаны шукаць працоўныя рукі, падтрымліваючы адносна прывабны ўзровень аплаты працы.
Антылідарам па звальненнях у чэрвені заставалася сталіца (мінус 3,1 тысячы чалавек), а лепш за ўсё сябе паказалі Гродзенская і Мінская вобласці («усяго» па мінус 0,2 тысячы чалавек). Па астатніх рэгіёнах: Брэсцкая вобласць — мінус 0,4 тысячы, Віцебская — мінус 1,1 тысячы, Гомельская — мінус 0,9 тысячы, Магілёўская — мінус 0,5 тысячы чалавек.
Як складваецца сітуацыя на рынку працы па асобных галінах.
Аснову беларускай эканомікі складае сфера прамысловасці. Тут у чэрвені страты працоўных рук склалі 0,4 тысячы чалавек. У папярэднія месяцы адток кадраў быў мацнейшы. Так, у красавіку бягучага года перавышэнне звальненняў над колькасцю прынятых складала 5,8 тысячы, а ў траўні 1,8 тысячы. Тым не менш, нягледзячы на некаторае паляпшэнне, «адмоўны рост» занятасці захоўваецца.
Запаволенне адтоку кадраў можа быць звязана са спробамі ўрада рэанімаваць эканоміку праз імпартазамяшчальныя праекты за расійскія крэдытныя рэсурсы і праз напампоўку грашыма эканомікі для запуску новага інвестыцыйнага цыкла.
У чэрвені працягнуўся адток у сферы «інфармацыя і сувязь», аснову якой складаюць айцішнікі. Перавышэнне звальненняў над найманнем тут склала 591 чалавек. З аднаго боку, у бягучым годзе адток месяц за месяцам запавольваецца. З іншага боку, Белстат перастаў публікаваць дэталёвыя даныя асобна па сферы IT, у выніку чаго зразумець рэальныя маштабы адтоку айцішнікаў больш складана. Высокая верагоднасць таго, што карціна размываецца больш прыгожымі данымі па «неайцішных» спецыяльнасцях, якія ўваходзяць у сферу «інфармацыя і сувязь».
У чэрвені заставаліся высокімі страты занятасці ў сферы дзяржкіравання. За месяц розніца прынятых і звольненых на карысць адтоку кадраў тут склала 130 чалавек. Палова адтоку прыйшлася на занятых у сферы дзяржаўнага кіравання ў сталіцы (мінус 72 чалавекі).
Дарэчы, колькасць чыноўнікаў зніжаецца ў Мінску ўжо восьмы месяц запар, а вось кузня беларускіх кіраўнічых кадраў — Магілёўская вобласць — наадварот, трэці месяц мае станоўчы баланс прынятых і звольненых у гэтай сферы.
Гандаль страціў у траўні больш за 1 тысячу чалавек. Адток тут па-ранейшаму дзіўны, бо паказчыкі тавараабароту ў эканоміцы цяпер носяць устойліва станоўчы характар. Аснову адтоку склалі страты рабочых рук у рознічным гандлі, тады як аптовы гандаль і гандаль у аўтасферы ў чэрвені набіралі кадры. Усяго з пачатку года сфера гандлю страціла каля 8 тыс. занятых.
Дынаміка занятасці ў сферы будаўніцтва працягвае выклікаць пытанні. З аднаго боку, у чэрвені тут у чарговы раз фіксуецца перавышэнне звальненняў над найманнем (адток кадраў склаў 298 чалавек). Але на гэтым фоне ў чэрвені фіксуецца рост жыллёвага будаўніцтва і рост інвестыцый у асноўны капітал. Усё гэта тлумачыць запаволенне падзення занятасці, але не тлумачыць, чаму не адбываецца росту, бо перавышэнне колькасці звольненых над нанятымі ў будаўніцтве адбываецца ўжо 35 месяцаў запар.
Нарэшце, транспартная сфера. У чэрвені адток тут склаў больш за 500 чалавек. Зараз гэтая сфера — адна з найбольш праблемных. Хоць яна, як ніякая іншая, магла б быць відавочным драйверам росту з-за выгаднага геаграфічнага становішча, асабліва на фоне аднаўлення гандлю пасля пандэміі. Замест гэтага мы бачым яшчэ больш праблем у гэтай сферы, асабліва на фоне верагоднага поўнага закрыцця меж з усімі суседзямі па ЕС разам.