Краіна актыўна ідзе да сітуацыі, калі «няма каму будзе працаваць»

Дэфіцыт работнікаў дасягнуў чарговага рэкорду. У цэлым па краіне на 17 ліпеня не хапае амаль 130 тысяч супрацоўнікаў. Гэта антырэкорд як мінімум з пачатку 2010 года.

Фота з entrepreneur.com

Фота з entrepreneur.com

На 17 ліпеня, па даных службы занятасці, у цэлым па краіне наймальнікам не хапае 129,3 тысячы работнікаў. Гэта чарговы рэкорд, дэфіцыт ніколі не падымаўся да такога ўзроўню, піша «Люстэрка».

Пры гэтым колькасць вакансій пастаянна расце. Для параўнання: на 25 траўня ў агульнарэспубліканскім банку вакансій было размешчана 120 065 прапаноў ад наймальнікаў, а на 14 лютага не хапала амаль 103 тысяч работнікаў.

Амаль 69,5 тысяч вакансій з агульнай колькасці, якія 17 ліпеня прапануюць наймальнікі — на заробак да 800 рублёў. Плаціць ад 2000 рублёў гатовы амаль па 10,2 тысячах вакансій. Пры гэтым трэба ўлічваць, што наймальнікі часцяком указваюць у аб'яве аб пошуку работнікаў зарплату да вылічэння падаткаў.

Глядзіце таксама

Цяперашняя колькасць вакансій — антырэкорд як мінімум са студзеня 2010 года (за больш ранні перыяд звесткі на сайце Мінпрацы не апублікаваны). Так, у студзені 2010-га было амаль 35,9 тысяч вакансій, што без малога на сто тысяч вакансій менш за цяперашні паказчык.

Па даных Мінпрацы, на 1 ліпеня афіцыйна беспрацоўнымі ў Беларусі лічыліся 4,9 тысяч чалавек. Месяцам раней — 5,6 тысяч. Размова пра тых людзей, якія вырашылі зарэгістравацца ў цэнтрах занятасці.

Пры гэтым фактычнае беспрацоўе, якое разлічваецца па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы, у Беларусі істотна перавышае афіцыйнае.

Глядзіце таксама