Чаму беларускім уладам так даспадобы савецкія практыкі?
Цяперашняму рэжыму Лукашэнкі няма чаго прапанаваць людзям, таму ён звяртаецца да старых тэм часоў СССР. Лукашэнку прасцей пацягаць бервяно ці пасадзіць дрэўцы перад камерамі, чым збудаваць такую сістэму, у якой людзі могуць працаваць і зарабляць, тлумачыць гісторык Яўген Красулін.
Гісторык у інтэрв’ю «Филину» — пра тое, чаму беларускія ўлады так любяць практыку «ўсенародных будоўляў».
Беларускія ўлады надалі статус «усебеларускай моладзевай будоўлі» аб’ектам Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання — адпаведны ўказ 9 жніўня падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Новая арганізацыя ствараецца на базе Кобрынскага змацавання Брэсцкай крэпасці, дзе цяпер знаходзіцца філіял абласнога цэнтра моладзевай творчасці.
Паводле ўказа прыняць удзел у будоўлі могуць маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года, у тым ліку ў складзе студатрадаў, а БРСМ і абласным выканкамам загадана «забяспечваць прыцягненне». Першы сакратар БРСМ Аляксандр Лук’янаў заявіў: «Я ўпэўнены, што чароды добраахвотнікаў… будуць цягнуцца ва ўсенародным парыве, каб паўдзельнічаць у будоўлі гэтага знакавага аб’екта».
Пакуль жа на рэалізацыю праекта працягваюць збіраць грошы — таксама «ўсенародна»: 7 мільёнаў рублёў было вылучана са сродкаў, сабраных падчас рэспубліканскага суботніка, каля 550 тысяч «ахвяравалі дзяржаўныя і камерцыйныя арганізацыі», яшчэ 20 тысяч — «неабыякавыя грамадзяне». Пры тым вядома, што толькі першая чарга комплексу патрабуе каля 30 мільёнаў, таму збор працягваецца праз БРСМ, Саюз жанчын і іншыя праўладныя арганізацыі.
Летась пад маркай «усебеларускай моладзевай будоўлі» рэканструявалі мемарыяльны комплекс «Хатынь», раней такі ж статус атрымлівалі аб’екты ў Астраўцы і сама БелАЭС. Дый Нацыянальную бібліятэку ў свой час, помніцца, узводзілі «ўсенародна», здымаючы з бюджэтнікаў унёскі.
Чаму сённяшнім беларускім уладам так даспадобы савецкія практыкі і ці дазволяць «усенародныя будоўлі» Аляксандру Лукашэнку застацца ў гісторыі, «Филин» абмеркаваў з гісторыкам Яўгенам Красуліным.
— Цяперашнія ўлады іх таму і любяць, што гэта старыя савецкія практыкі. А цяперашнія ўлады маюць моцны падлеткавы імпрынтынг на савецкую эпоху, асабліва 1970-ыя гады, калі з кожнага праса гучала пра «саюзныя моладзевыя будоўлі», — зазначае спадар Яўген.
Пры адсутнасці свайго крэатыву і чаго-небудзь уцямнага, што можна прапанаваць людзям, цяперашні рэжым і звяртаецца да старых тэм.
Ёсць яшчэ і такі складнік, як практычна бясплатная праца на энтузіязме, дадае гісторык. Праўда, і імпэт гэты не тое каб уласны, ад сэрца — хутчэй, адбываецца прымушэнне да яго, як часта было і за савецкім часам.
— Некаторых добраахвотнікаў можна знайсці, каб яны самі далучыліся — гэта якраз адзін з нешматлікіх рэсурсікаў падобных рэжымаў. Астатняе — прымус і разнарадка. Такім чынам, вырашаецца праблема, так скажам, эканамічных выняткаў для падобных праектаў.
Бо калі за савецкім часам разлічвалі на нейкую выгаду ад моладзевых будоўляў, цяпер асабліва і іх няма. То-бок гэта спроба і на практыцы ідэалогію развіваць (у тым плане, што ўладам падаецца «развіццём»), і будаваць падмурак для далейшага ўмацавання гэтай ідэалогіі.
Спачатку мы арганізуем людзей, і пад працоўную мабілізацыю спадзяемся выхаваўчую працу правесці, каб на іх паўплываць — чым, уласна, і займаюцца таталітарныя рэжымы, якія спрабуюць змяніць людзей. А потым выкарыстоўваем пабудаваныя аб’екты дзеля таго, каб, тэарэтычна, апрацоўваць наступныя пакаленні.
— Адметна, як да гэтых будоўляў ставіцца Лукашэнка. Дваццаць год таму асабіста мяшаў бетон на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі, потым з малодшым сынам пазіраваў на будаўніцтве «Мінск-Арэны».
І далей панеслася: паліклінікі, радзільні, стадыён «Дынама», мемарыяльны комплекс «Хатынь» — не ў касцы і з цаглінай, дык на суботніку альбо з інспекцыяй будоўлі. Гэта кшталту «Ленін і бервяно», спроба застацца ў гісторыі?
— Уласна кажучы, так — як Ягор Летаў спяваў, «дедушка Ленин хороший был вождь». І ён паказаў прыклад з гэтым бервяном.
Хаця тут некалькі момантаў: і быццам бы блізкасць да народа; і папулізм — маўляў, я з вамі, хлопцы, а ўсе астатнія супраць вас; і нібыта прыклад, што трэба працаваць, не запытваць, што дзяржава для мяне зрабіла, а ўвесь час самому нешта для дзяржавы рабіць (зноўку, пажадана — бясплатна, бо ў дзяржавы ў сістэме, пабудаванай тым самым Лукашэнкам, асабліва грошыкаў няма).
Яму прасцей пацягаць бервяно ці пасадзіць дрэўцы перад камерамі, чым збудаваць такую сістэму, у якой людзі могуць спакойна працаваць і зарабляць. Гэта вывіхнутая савецкая сістэма, якая прадэманстравала сваю неэфектыўнасць.
Калі прыгадаць падобныя савецкія праекты, кажа Яўген Красулін, то пасля іх рэалізацыі «прайшло некалькі гадкоў, і ўся сістэма ляснулася», бо, як паказвае гістарычная практыка, яны былі неэфектыўнымі.
— Гэта тая самая гісторыя, якая паўтараецца як фарс, калі ўпершыню была трагедыяй. Успомнім: першыя такія будоўлі ў СССР — 1930-я гады, Беламорканал, які стаў сапраўднай трагедыяй для тых, хто туды трапіў. У 1970-я — на пачатку 1980-х — БАМ. Ужо фарсам для нас тая сітуацыя была, хутчэй нагодай пасмяяцца. А тое, што робіцца цяпер, увогуле суцэльны анекдот.