Патрыятызм і дармавая праца. «Усебеларуская будоўля» патрыятычнага цэнтра — чарговы падман дзяржавы?

Дзяржава, якая зляцела з катушак пасля 2020 года, падсела на канёк «патрыятызму» і актыўна яго эксплуатуе. Як вядома, патрыятызм — апошні прытулак нягодніка, і сёння мы гэта цудоўна бачым.

Брэсцкая крэпасць. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Брэсцкая крэпасць. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Доўгі час стварэнне патрыятычнага цэнтра ўспрымалася як выключна лакальная ініцыятыва актывістаў у Брэсце. Першыя спробы прывесці ў парадак пустуючыя ўжо два дзясяткі гадоў памяшканні закінутых армейскіх казарм, дзе раней размяшчаўся штаб артылерыйскага палка ў Брэсцкай крэпасці, павярнуліся нават судовымі разглядамі, піша «Deutsche Welle».

Штраф за самавольнае добраўпарадкаванне

Упершыню пра ідэю стварыць на месцы казарм патрыятычны цэнтр загаварылі ў 2008 годзе актывісты ваенна-гістарычнага клуба «Гарнізон», які існуе пры Брэсцкім гарадскім камітэце «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» (БРСМ). Публічна ідэю агучылі праз пяць гадоў: на словах праект атрымаў адабрэнне з боку высокапастаўленых чыноўнікаў, але асаблівага рэзанансу ў гісторыі не было.

Тады брэсцкія актывісты наважыліся дзейнічаць самастойна. Адзін з будынкаў быў рэканструяваны пад абласны моладзевы патрыятычны цэнтр, а ў 2018 годзе вакол закінутых казарм правялі добраўпарадкаванне, спілавалі дрэвы і хмызнякі. Пры гэтым разбітыя вокны ў казармах закрылі банерамі з выявамі салдат Чырвонай арміі і германскага вермахта, а таксама цытатамі сталінскіх часоў.


Глядзіце таксама

На гэтыя лозунгі звярнулі ўвагу прадстаўнікі брэсцкай грамадскай ініцыятывы «За свой горад» і палічылі, што падобная «рэканструкцыя» нанесла шкоду гісторыка-культурнай каштоўнасці Брэсцкай крэпасці. З такімі довадамі пагадзіліся ў Міністэрстве культуры Беларусі.

У выніку справа дайшла да суду і ад актывістаў ваенна-гістарычнага клуба «Гарнізон» запатрабавалі прыбраць усе надпісы і банеры з фасада казармы. Акрамя таго, лідар гэтай арганізацыі Пётр Піцко атрымаў штраф. Піцко, які на першым часе ўзначальваў абласны Моладзевы патрыятычны цэнтр, вядомы ў Брэсце і як арганізатар акцыі «Несмяротны полк».

Пра патрыятызм успомнілі пасля пратэстаў 2020 года

Зноў за ідэю стварэння патрыятычнага цэнтра ў маштабах усёй краіны афіцыйны Мінск ухапіўся пасля пратэстаў 2020 года, каб на гэтай тэме выхоўваць «правільную» моладзь. Першапачаткова праект планавалася ажыццявіць сіламі армейскага ведамства, прычым не толькі беларускага.

У лютым 2022 года (за тры тыдні да пачатку вайны ва Украіне) у Брэсцкую крэпасць прыязджалі міністры абароны Расіі і Беларусі Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін. Як паведамлялася, яны азнаёміліся і з планамі развіцця патрыятычнага цэнтра.

Аднак праз год падчас свайго штогадовага паслання Аляксандр Лукашэнка фактычна выказаў незадаволенасць, як праект рэалізуецца армейскім ведамствам: «Што тычыцца Брэсцкага патрыятычнага цэнтра, я ў курсе справы. Прапанова была, але яны там заламалі такую суму...»


Глядзіце таксама

Тады ж Аляксандр Лукашэнка паабяцаў вывучыць пытанне, каб стварэнне цэнтра атрымала статус усебеларускай моладзевай будоўлі. Пасля гэтых запаветаў праект стаў выглядаць маштабна: да яго падключыліся дзяржаўныя органы і лаяльныя ўладам грамадскія арганізацыі на чале з БРСМ.

У выніку 31 ліпеня на пасяджэнні «штаба патрыятычных сіл» (створаны на фоне пратэстаў 2020 года) было абвешчана пра адкрыццё збору сродкаў на будаўніцтва патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці.

Цэнтр для падлеткаў 12-16 гадоў з Беларусі і Расіі

Фармальна першыя ахвяраванні на гэты праект з'явіліся яшчэ ў красавіку 2023 года, калі ў Беларусі прайшоў рэспубліканскі суботнік. Улады абвясцілі, што ў бюджэт ад суботніка паступіць больш за 14 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 4,1 мільёна еўра), а палову гэтай сумы накіруюць на будаўніцтва цэнтра ў Брэсцкай крэпасці.

Аднак, як расказала DW крыніца, знаёмая з праектам будаўніцтва, гэтых грошай хопіць толькі на першачарговыя патрэбы, уключаючы падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і ўзвядзенне інжынерных сетак. «Паводле папярэдніх падлікаў, на рэалізацыю першай чаргі праекта спатрэбіцца каля 45 мільёнаў беларускіх рублёў (больш за 13 мільёнаў еўра), — кажа суразмоўца. — Я не выключаю, што бюджэт яшчэ будзе карэктавацца, але ў любым выпадку выдаткі прадугледжаныя вялікія».


Глядзіце таксама

Праект будучага цэнтра прадугледжвае рэканструкцыю будынкаў і збудаванняў, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі на плошчы каля 3 гектараў. Чакаецца, што патрыятычны цэнтр прыме падлеткаў ва ўзросце 12-16 гадоў не толькі з усёй Беларусі, але і з Расіі. Працаваць ён будзе круглы год: для гэтага павінны з'явіцца два інтэрнаты. Акрамя таго, у летні перыяд задуманы яшчэ і намётавы гарадок на 200 чалавек.

Такім чынам, калі дзейны цяпер цэнтр, маючы лакальны статус, прымае прыкладна 450 чалавек у год, то са з'яўленнем новага аб'екта там хочуць размясціць да 500 чалавек штомесяц. Праектам прадугледжана таксама стварэнне комплексу для вольнага часу, куды ўвойдуць цір, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі.

Увесь спадзеў на бясплатную працу

Пакуль пошук фінансавання застаецца самай актуальнай праблемай для ажыццяўлення ідэі будаўніцтва патрыятычнага цэнтра. Акрамя збору ахвяраванняў і адкрыцця дабрачынных рахункаў беларускія ўлады разлічваюць і на прыцягненне сродкаў з бюджэту «Саюзнай дзяржавы». А яшчэ брэсцкія чыноўнікі вывучаюць досвед узвядзення аналагічных аб'ектаў у рэгіёнах Расіі: адна з нядаўніх паездак была ў Башкартастан.

І ўсё ж галоўным становіцца пытанне прыцягнення ўнутраных працоўных рэсурсаў. На ўмовах ананімнасці адзін з былых прадстаўнікоў БРСМ, які займаўся развіццём студэнцкіх атрадаў, паведаміў, што пра статус усебеларускай моладзевай будоўлі гаворка зайшла нездарма.  

«Калі казаць шчыра, то гэта дае магчымасць прыцягваць бясплатную працоўную сілу. І ў кіраўніцтве БРСМ гэтага не хаваюць, расказваючы, што будуць "дні ўдарнай працы", патрыятычныя акцыі і разнастайныя суботнікі», — адзначае былы супрацоўнік гэтай арганізацыі.

Узвесці патрыятычны цэнтр у Брэсцкай крэпасці мяркуецца на працягу трох гадоў, прычым найбольш актыўна працэс будаўніцтва павінен ісці ў 2024-2025 гадах. Аднак, як лічыць экс-прадстаўнік БРСМ, цяперашняя сітуацыя ў краіне і вайна ва Украіне не даюць упэўненасці ў тым, што праект не будзе замарожаны і не падвергнецца сур'ёзным зменам.