Патрыётаў якой краіны будзе выхоўваць Праграма патрыятычнага выхавання?

Перад самым Новым годам у Беларусі адмысловай урадавай пастановай была прынята дзяржаўная Праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022–2025 гады. Здавалася б, ну нарэшце пачуты ўладай у асобе прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі подумкі народныя, і пасля столькіх гадоў няўцямнай нацыянальнай палітыкі дзяржава ўсё ж павернецца тварам да беларускай культуры, мовы і гісторыі. Бо без гэтых трох складнікаў пра які патрыятызм можа ісці гаворка? Разважае Міхасць Скобла на nv-online.info.

_roznae__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

З блізкім да радасці спадзевам пачаў я чытаць тую праграму, але чым болей учытваўся, тым большала маё расчараванне і мацнела перакананне, што яе распрацоўшчыкі разумеюць патрыятызм неяк аж вельмі па-свойму. Гэта як кравец узяў бы разлічаны на ладны мароз кажух і перашыў яго на камізэльку для хатняга ўжытку. Прычым камізэльку тую могуць надзець і гаспадар, і госці – усім яна прыйдзецца якраз.
Праграма ажно стракаціць агульнымі фразамі без якога-кольвеч канкрэтнага зместу, яны звіняць, як пустыя чаркі, куды кожны можа наліць якое заўгодна пітво: «служение народу», «культурно-историческая среда», «знание истории», «единство народа», «единые национальные ценности» і г.д. Ажно ўзнікае пытанне: для беларусаў яе пісалі ці для жыхароў якога-небудзь Сыктыўкара?
Беларуская мова ў праграме патрыятычнага выхавання не згадваецца ні разу. Ні разочку! На паперы яна мае статус дзяржаўнай, а ў рэальным жыцці, як вядома, даўно на птушыных правах – і ў кабінетах улады, і ў дзяржаўных СМІ, і ў сферы адукацыі. Асабліва гэта відно на школьнай статыстыцы: у 2001 годзе на беларускай мове навучаліся 400.869 вучняў, у 2014-м – 135.100, а ў 2020-м іх засталося толькі 107.600 (9% ад агульнай колькасці). І гэтая відавочная русіфікацыя беларускай школы працягваецца.
Але дзяржаўная праграма патрыятычнага выхавання гэтага не ўлічвае! Дык патрыётаў якой краіны – Беларусі ці Расіі – яна будзе выхоўваць?
Ствараецца ўражанне, што праграма пісалася чыноўніцкім скорапісам, на патрэбу сённяшняга дня. Між іншым, у ёй гаворыцца: «Отличительная черта белорусского патриотизма – фокусировка на настоящем». Што гэта за патрыятызм – без ведання мовы і гісторыі? Гэта як дом, з-пад якога дасталі падмурак, ён абавязкова пахіліцца і заваліцца. Без падмурка можа стаяць хіба часовы будан, і то да першага ветру.
Што праўда, словазлучэнне «историческая память» у тэксце праграмы згадваецца неаднаразова. Але, зноў жа, што маецца на ўвазе? Неабходна «выбирать в качестве для подражания исторические личности», – прачытае ў праграме які-небудзь раённы ідэолаг і задумаецца. Якую канкрэтна гістарычную асобу трэба браць за прыклад? Каліноўскага, якога расійская ўлада павесіла? Суворава, якому ў Беларусі стаяць помнікі і якога ўзвялічвае дзяржаўны музей у Кобрыне? Ці – падымаць на шчыт Ігната Грынявіцкага, які кінуў бомбу ў цара?
Зрэшты, у такую даўнюю мінуўшчыну выканаўцам праграмы зазіраць, відаць, не прыйдзецца. Паколькі праз пару старонак агульнага малаўцямнага тэксту, як выратавальны круг, з’яўляецца і доўгачаканая канкрэтыка: «Центральное место в исторической памяти занимает Великая Отечественная война», «вклад белорусского народа в Победу – главный предмет национальной гордости».
Асмелюся выказаць здагадку: вайной усе і задаволяцца. І куратары, і выканаўцы. Паколькі наконт усяго астатняга дакладных інструкцый няма, а праявіш уласную ініцыятыву – можаш і гузака набіць.
А найбольш здзівіў мяне «сфокусированный на настоящем» наступны абзац праграмы: «Ряд иностранных государств, отвечая на вызовы, связанные с нехваткой высококвалифицированных работников и спадом численности населения, стремится приумножить свой человеческий капитал за счет трудовых резервов из Беларуси».


Але ж не чужаземцы, а беларускі Мінкульт звольніў знакамітага спевака Ілью Сільчукова з Опернага тэатра.
Не чужаземная сістэма аховы здароўя, а беларуская самахоць пазбавілася ад двух свяцілаў медыцыны – акадэміка-кардыёлага Аляксандра Мрочака і анестэзіёлага Уладзіміра Мартава.
Не чужаземныя, а беларускія сілавікі запіхнулі адну з лепшых баскетбалістак свету Алену Леўчанка на акрэсцінскія нары.
Не чужаземная, а беларуская ўлада выкінула на вуліцу тысячы спецыялістаў у розных галінах, фактычна выштурхоўваючы іх за мяжу. А вінаватымі зрабіла «ряд иностранных государств». Што называецца – з хворай галавы на здаровую.
Подпіс пад той праграмай – прэм’ер-міністра, але адказнасць за яе выкананне мусіць раздзяліць з ім Рэспубліканскі міжведамасны савет. Хто там у нас асноўныя профі ў патрыятычным выхаванні? Аказваецца, генерал-маёр Мікалай Карпянкоў – ад МУС. Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін – кіраўнік Міністэрства абароны. Генерал-лейтэнант Іван Церцель – шэф КДБ… Паміж генераламі не адразу і цывільнага Ігара Марзалюка пабачыш, хоць у любой другой кампаніі ён хлопец відны.
Адным словам, прачытаў я Праграму патрыятычнага выхавання і ўздыхнуў: беларускім патрыятызмам там і не пахне. Атрымалася, як у той прыказцы: быў у царкве, а малітвы не пачуў. А так хацелася пачуць…