«Духоўная цемра». Што чакае студэнтаў у ВНУ, калі адтуль сыдуць вартыя павагі выкладчыкі?
Апошнія месяцы ва ўстановах культуры і адукацыі ідуць масавыя звальненні. «Чысцяць» нязгодных, нелаяльных, настроеных крытычна да ўлады. Дырэктары тэатраў і музеяў, акторы, тэлевізійшчыкі — усяго каля трохсот чалавек страцілі працу за сваю пазіцыю. Балючы працэс развітання з любімай справай закрануў і супрацоўнікаў беларускіх вышэйшых навучальных устаноў.
На ўмовах ананімнасці «Новы Час» пагаварыў з адной з рэпрэсаваных выкладчыц. І першае нашае пытанне было: чаму звольненыя выкладчыкі адмаўляюцца публічна гаварыць пра гэта?
— Ды з розных прычын. Кагосьці запалохалі — а спосабаў запалохвання ёсць шмат: ад надавання сям’і статусу СНС (сацыяльна небяспечнага становішча, па-расійску СОП. — Заўв. НЧ) да крымінальнай адказнасці. Хтосьці спадзяецца, што пройдзе нейкі час, асфальтаўкладчык рэпрэсій пакоціцца назад і будзе шанец вярнуцца ў любімую аўдыторыю. Бо калі тваё прозвішча хоць раз загучыць у пэўным кантэксце, да яго непазбежна прыцягваецца ўвага адпаведных асоб, ад якіх цяпер больш, чым ад дэканаў і рэктараў, залежыць, ці будзеш ты працаваць у дзяржаўнай установе. А хтосьці проста не хоча расказваць пра свае праблемы, бо не прывык скардзіцца на жыццё ўсяму свету, або не жадае нават на нейкі момант зрабіцца публічнай асобай і нагодай для абмеркавання. І, на маю думку, ён мае на гэта права, нават калі тое, што з ім здарылася — важны для грамадства факт. Урэшце, ёсць жа такая з’ява, як асабістыя межы, на якія, не ў крыўду будзе вам сказана, СМІ часта не зважаюць.
— Як сябе паводзіла кіраўніцтва? Як адрэагавала ваша асяроддзе?
— Я ведаю, што калег з розных ВНУ звальнялі за рознае: за адседжаныя суткі, за відэавыступ супраць гвалту, за фотаздымкі з маршаў у сацсетках, за лайкі і каментары. Калі размаўлялі з дэканам пра неабходнасць напісаць заяву «па пагадненні бакоў», ён не растлумачыў прычыны, сказаў толькі, што я ў нейкіх спісах, якія прыйшлі «зверху». Калегі, у большасці сваёй, адрэагавалі спачувальна. Канешне, многія абураліся. Пару чалавек пайшлі на размову з дэканам з мэтай заступіцца за мяне, студэнты таксама хадзілі. Дэкан сам быў шчыра расстроены і не адзін раз спрабаваў паразмаўляць з адпаведнымі асобамі. Але больш за ўсё кранула стаўленне студэнтаў. Яны звычайна трымаюць дыстанцыю «навучэнец – выкладчык» і не выказваюць сваіх эмоцый. Асабліва гэта можна сказаць пра той курс, чый першы год навучання прыйшоўся на верасень 2020-га: яны стрыманыя, закрытыя, быццам асцерагаюцца давяраць свае пачуцці першаму-лепшаму. А тут нібы запруду прарвала, быццам хуткае пазбаўленне мяне статусу выкладчыка дазволіла ім гаварыць адкрыта, як яны да мяне ставяцца.
— Як вы сябе адчуваеце цяпер, як звальненне адбіваецца на вашым стане?
— Адчуваю сябе досыць спакойна. Адпаведна, прайшла ўсе стадыі прыняцця непазбежнага: шок, адмаўленне, гандаль, хіба што без асаблівай дэпрэсіі, бо за апошнія пару гадоў прыйшла да высновы, што не варта распланоўваць жыццё далей чым на тыдзень, калі ўсё можа памяняцца за гадзіну. А дэпрэсія з’яўляецца менавіта тады, калі жыццё перастае супадаць з тваімі планамі на яго. Так што цяпер я на стадыі ўпэўненасці, што ўсё будзе добра. Хаця планы на будучыню вельмі цьмяныя, а прапаноў працы пакуль няма.
— Калі пайшлі першыя навіны пра звальненні, выкладчыкаў пачалі абвінавачваць у тым, што не сышлі ў 20-м і «працавалі на рэжым». А што давала сілы заставацца? Якой была ваша матывацыя?
— О, гэтае пытанне патрабуе доўгага адказу. Не, насамрэч фармулёўкі абвінавачванняў былі менш глабальныя, але больш кропкавыя і таму балючыя. «Праца на рэжым» — гэты закід можна прад’явіць любому, хто працуе ў дзяржустановах і хто плаціць падаткі. Гэты закід усеагульны, а таму, падзелены на сотні тысяч працуючых асоб, не ўспрымаецца так блізка да сэрца. Нас жа абвінавачвалі не толькі ў тым, што не ўдзельнічалі ў забастоўцы, а ў тым, што не сталі побач са студэнтамі падчас пратэстаў і што потым не пайшлі на суды абараняць студэнтаў. Гэта нават не абвінавачванні, а тыповае абясцэньванне. Выстаўленае табе абвінавачванне ты можаш абвергнуць, а абясцэньванне — гэта тое, як цябе ўспрымаюць іншыя, незалежна аб твайго жадання, бо што б ты ні казаў у сваё апраўданне, цябе не будуць слухаць. Падобныя рэплікі закідвалі пераважна або прадстаўнікі СМІ, або людзі, якія зрабілі свой выбар на карысць эміграцыі.
Выбар — гэта адна з уласцівасцей чалавечага існавання. І ён робіцца не адзін раз у жыцці, а бясконца. Чаму вы абясцэньваеце мой выбар, чаму вы пазбаўляеце мяне майго права выбару? Мой выбар — заставацца са студэнтамі, пакуль я магу гэта рабіць, і паказваць ім магчымасць альтэрнатыўных карцін свету, а не толькі той адзінай, якую ім навязваюць — напрыклад, па тэлебачанні. Вы скажаце, сучасныя дзеці не глядзяць тэлебачанне, яны ўмеюць арыентавацца ў лічбавай прасторы. Але тое, што яны арыентуюцца ў свеце гаджэтаў, не робіць іх добрымі, ці маральна ўстойлівымі, ці ідэалагічна прасунутымі. Ім неабходныя маральныя прыклады і аўтарытэты, ці проста добрыя і шчырыя настаўнікі, бо дзеці адчуваюць, калі ім хлусяць. А што атрымаецца з дзяцей, якім хлусяць?
Ёсць дзве сферы дзейнасці, якія нельга адкідаць убок, якімі нельга грэбаваць, — медыцына і педагогіка. Нельга сказаць: «Добрыя людзі, сыходзьце адтуль. Чым хутчэй яны ляснуць, тым хутчэй лясне гэты маразм». Уявіце сабе, што будзе, калі лясне медыцына? Тое ж і з адукацыяй. Я разумею, што кажу занадта пафасна. Але пафас — ці адзінае, што падтрымлівае ў дадзенай сітуацыі.
У гэтай перманентнай спрэчцы адна з калег, якая аказалася ў такой жа, як у мяне, сітуацыі, выкарыстала імя Януша Корчака. Маўляў, той заставаўся з дзецьмі да апошняга. І мне гэты вобраз вельмі блізкі. Але тыя, хто абвінавачваў у «працы на рэжым», сталі гаварыць: «Менавіта, да апошняга! Ён пайшоў з імі на смерць, а вы чаму не пайшлі на пратэст?»
Справа ў тым, што маё разуменне трагедыі ў нашым грамадстве — гэта не толькі вязніца, куды кідаюць нашых студэнтаў, але і духоўная цемра, у якую трапяць усе, хто паступіць у ВНУ, калі адтуль сыдуць вартыя даверу і павагі выкладчыкі.
А вы ведаеце, што Януш Корчак — Генрык Гольдшміт — карыстаўся псеўданімам, каб не выклікаць праблем у чыноўнікаў, ад якіх залежаў дазвол на яго выступы на радыё? Бо тыя не жадалі выслухоўваць папрокаў, што з іх дазволу яўрэйскі педагог займаецца выхаваннем польскіх дзяцей. Корчак прыйшоў да прагматычнага рашэння, што лепш дзейнічаць ананімна, чым не дзейнічаць увогуле.
І яшчэ: адна справа — выйсці разам са студэнтамі, калі іх не стрымаць, калі яны аб’явілі табе, што сыходзяць з тваіх заняткаў на мітынг — тады ты проста абавязаны пайсці з імі, бо нясеш за іх адказнасць. Але падбіваць, падбухторваць і заклікаць на барыкады ты не маеш права. Ты маеш права вучыць іх думаць самастойна, але не маеш права ўнушаць ім свае думкі. Ці дарма французскія філосафы пасля сарбонскіх падзей 1968 г. паднялі пытанне пра маральную адказнасць інтэлектуала за свае словы?
— Ведаю, што вы любіце сваю працу. А ці няма ў вас жадання змяніць сферу дзейнасці?
— Мая сфера дзейнасці ніколі не прыносіла асаблівага прыбытку, але змяніць яе ў мяне ніколі не ўзнікала жадання. Магчыма, жыццё прымусіць — і змяню. Магчыма, гэта здарыцца вось ужо зусім хутка, як толькі я знайду новую працу, што дазволіць трымацца на плаву. Але я ведаю, што буду сумаваць па ўзаемадачыненнях са студэнтамі і вярнуся ў адукацыю пры першай магчымасці.
— Ці ёсць у вас прагноз, што будзе далей з сістэмай адукацыі і да чаго прывядуць гэтыя «чысткі»?
— «Чысткі» прывядуць да таго, што ў ВНУ паменее людзей, якія здольныя думаць і навучаць думаць. Многія кажуць: «Сістэма адукацыі лясне ― і добра, што лясне». А мне падаецца, што гэта адна з самых трывалых сістэм. Яна можа прагніць, але не лясне канчаткова. Разумныя дзеці перастануць паступаць у беларускія ВНУ, раз’едуцца па разнастайных замежжах, тады ў ВНУ набяруць «лепшых з горшых». Тыя атрымаюць дыпломы і будуць навучаць сабе падобных. Карціна мне малюецца, калі шчыра, апакаліптычная, таму і хочацца вярнуцца.