За дзвярыма пакоя № 101. Джордж Оруэл і яго знакаміты раман «1984»

8 чэрвеня 1949 года брытанскі пісьменнік Джордж Оруэл атрымаў першы наклад свайго новага рамана — антыўтопіі «1984», — які мусіў стаць працягам ужо вядомай «Фермы», але стаў цалкам самастойным творам. І больш за тое, лепшым у жыцці пісьменніка, які, на жаль, неўзабаве памёр.

orwell.png


Існуе меркаванне, што лепш за ўсё наша жыццё адлюстроўвае рэалістычная літаратура — найменш схільная да эксперыментаў і прыдумак аўтара. Доля праўды ў гэтым ёсць, але я б паспрачалася: мне падаецца, найлепш нашу рэальнасць адлюстроўваюць антыўтопіі.

Калі можна мастацкую літаратуру перакласці на іншыя сферы дзейнасці, то антыўтопіі — гэта маніфест праваабаронцаў, людзей, якім не ўсё адно на свабоду, годнасць і права выбару. Гісторыя рухаецца па спіралі, з кожным вітком удасканальваючы час і прастору — як у жыцці, так і ў смерці, здольнасці чалавецтва разбурацца, заканчвацца, забіраць з сабой усё больш і больш, і больш... Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, калі Яўген Замяцін пісаў свой раман «Мы», гэтае «мы» было пра нас — нас цяперашніх, якія гэтак жа плююць на жыццё, свабоду і правы іншых людзей, што і сто гадоў таму. Так што ў Джорджа Оруэла не было ні аднаго шанца не напісаць свой галоўны твор: па-першае, яго настаўнікам быў Олдас Хакслі, аўтар іншай сусветна вядомай антыўтопіі — «О дзіўны новы свет». Па-другое, раман Замяціна настолькі ўразіў Оруэла, што ўсю яго канву і некаторыя дэталі апошні, мінімальна маскіруючы, перанёс у «1984». Па-трэцяе, ні грамадзянская вайна ў Іспаніі, ні Другая сусветная, ні таталітарнасць homo soveticus, вядома, не маглі прайсці бясследна. Такі агромністы масіў матэрыялу, перажытага і адрэфлексаванага, павінен быў выліцца ў штосьці знакавае. І гэтым знакавым стаў раман «1984».


Яго першая публікацыя адбылася 74 гады таму. За гэты час кнігу паспелі перакласці на шэсць з паловай дзясяткаў моў і выдаць мільённымі тыражамі па ўсім свеце (дарэчы, беларускі пераклад, зроблены Сяргеем Шупам у 1992 годзе, пабачыў свет зусім нядаўна — у 2020 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч», і быў не толькі раскуплены, але і нават неафіцыйна забаронены ў дзяржаўных кнігарнях).

Не трэба быць прарокам, каб сказаць, што людзі забівалі адно аднаго ў войнах і будуць працягваць забіваць, прыгняталі адно аднаго і будуць працягваць прыгнятаць. Гвалт і прага ўлады ляжаць у аснове чалавечай прыроды і, на жаль, часцей авалодваюць людзьмі, чым больш складаныя эмацыйныя канструкцыі. Пытанне для пісьменніка стаіць не ў тым, каб сказаць пра гэта, а ў тым, як сказаць. Антыўтопія можа падацца даволі лёгкім, шаблонным жанрам, у якім усё вядома загадзя: таталітарны свет, дзе пануе несправядлівасць і жорстка падаўляецца воля людзей; дзе ёсць герой ці гераіня, не такія, як усе, не гатовыя мірыцца з зададзенымі правіламі гульні; ёсць іх антаганісты, «вялікае зло», якія гэтыя правілы ўстанаўліваюць; і ёсць фінал, у якім зазвычай чалавецтву выносіцца несуцяшальны вырак. Можна падставіць у гэтую схему сюжэт любой вядомай антыўтопіі — і будзе ледзь не стоадсоткавае супадзенне. Толькі ўсё адно нешта тут не тое: у сусветнай літаратуры былі дзясяткі (а можа, і сотні) спроб напісаць антыўтопію — але «стрэлілі» ўсё адно адзінкі.


У чым сакрэт? Д’ябал, як вядома, заўсёды хаваецца ў дэталях. Менавіта дэталі ствараюць атмасферу рэалістычнасці аповеду, набліжаюць мастацкі сюжэт да той рэчаіснасці, у якой ён найлепш прачытваецца. За 74 гады існавання не толькі раман «1984» стаў пагалоскай — алегарычным зрабілася і імя яго аўтара. «Гэта чысты Оруэл», — гаворым мы, калі ў чарговы раз чытаем навіны, маючы на ўвазе той самы свет Акеаніі, з яе чорным, вывернутым у белае, карнымі міністэрствамі, бясконцай вайной і галечай... З яе татальнай несвабодай асобы.

«1984» даў жыццё такім паняццям, як «Вялікі брат», «навамоўе», «думказлачынства», — знаёмым сёння любому жыхару Беларусі, нават калі ён ніколі не чытаў гэтай кнігі. І справа не ў тым, што раман Оруэла стаў дапаможнікам для дыктатараў — усё якраз наадварот: папярэджанне пісьменніка спрацоўвае безадмоўна і менавіта гэтым страшнае. Чалавек не мяняецца, гаворыць Оруэл. Заўсёды будуць тыя, на каго апрануць нашыйнікі, і тыя, хто будуць трымаць павадкі. Заўсёды галеча і голад будуць найлепшымі сябрамі ахвочых да ўлады, а вайна — рэальная ці ўяўная — будзе дапамагаць ім трымаць уладу ў сваіх руках. І якія б важныя мэты ні дэклараваліся такімі кіраўнікамі, па-за іх спінамі заўсёды будзе пакой №101, дзе адбываецца тое, што горш за ўсё на свеце.

У самыя цяжкія часы хочацца, каб сталі рэальнасцю супергероі і сваімі звышсіламі змянілі канцоўку нешчаслівай гісторыі. Такім супергероем амаль да самага канца падаецца Уінстан Сміт — звычайны чалавек, здольны, аднак, разумець, бачыць і адчуваць больш за іншых. Пагружаны ў беспрасветнасць Акеаніі, чытач укладае ў яго ўвесь свой спадзеў на справядлівасць, усю веру ў чалавецтва, усю любоў, якую мае. «Зло павінна быць пераможана і пакарана», — гаворым мы, чытачы гэтай кнігі. «Але гэта вам не казка, — спрачаецца з намі аўтар. — Зло нікому нічога не павінна, так што глядзіце самі». У гэты момант раскрываецца клетка з пацукамі, і яны зжыраюць не толькі волю Сміта, але і надзею чытача. Ніякай літасці гэтаму свету, дэкларуе Оруэл — і не пакідае анічога, што магло б служыць апраўданнем чалавецтву на ўмоўным божым судзе. Ні адной індульгенцыі — а гэта значыць, і магчымасці для існавання.


Сёння мы самі змешчаныя ў матрыцу «1984», таму ўсе метафары рамана прачытваюцца лёгка і ўражваюць сваёй прарочасцю (нават калі ўжо тысячу разоў перачытаныя і разабраныя). Быццам Біблію падпарадкавання, чытаем мы гэтую кнігу і між радкоў шукаем таемныя коды, якія дапамогуць нам самім пратрымацца і выжыць. Нягледзячы на тое, што Оруэл не пашкадаваў сваіх герояў, ён тым не менш пашкадаваў людзей — і яго папярэджанне выглядае вялікім актам любові да свету, які лёгка можа сябе знішчыць, загуляўшыся ў вайну. Менавіта ў гэтай любові, схаванай за болем і жахам, і ёсць апошняя надзея на выратаванне. Верагодна таму, нават прымушаючы свайго героя здрадзіць ёй, аўтар не ставіць кропку.

Бо тое, што адбываецца за дзвярыма пакоя №101, можа быць максімум пратаколам допыту, але на фінал не цягне — а значыць, патрабуе іншай развязкі.