Забароненыя, але жывыя: за што і як пераследавалі кнігі і іх аўтараў па ўсім свеце?
Часы вяртаюцца. Тое, што адбываецца зараз у Беларусі, — закрытыя і выціснутыя з краіны выдавецтвы, рэпрэсіі ў дачыненні да «нязручных» літаратараў і культурных дзеячаў, забарона і нават спальванне кніг, — заканамерны працэс развіцця дыктатуры, які мала чым адрозніваецца ад таго, што чалавецтва ўжо бачыла.
Калі хочаш кіраваць масамі, навучыся кіраваць іх думкамі — менавіта таму цэнзура заўсёды была дзейным інструментам улады. Пад забаронай кніг, «забаронай» аўтараў, «чорнымі спісамі» насамрэч заўсёды хавалася забарона думкі — часам яна была апраўданай (як у выпадку з «Майн Кампф» і іншай сапраўды экстрэмісцкай літаратурай), часам аўтары нашмат апераджалі свой час — і тады ім даводзілася абараняць свае творы ў судзе. Але ў большасці выпадкаў забарона азначала, што дзяржава «карэктуе» лад мыслення сваіх грамадзян.
Калі не разбірацца, выглядае на тое, што самым «забароненым» аўтарам у свеце ёсць Адольф Гітлер. Не дзіўна: кніга, якая стала апалогіяй нацызму і жудасных злачынстваў супраць чалавецтва, насамрэч доўгі час была забароненая ў многіх краінах, але на сённяшні дзень яна ўваходзіць у «экстрэмісцкія спісы» Беларусі і Расіі, у нашых суседзяў забарона знятая: у Польшчы гэтую кнігу можна свабодна чытаць з 1992 года, ва Украіне — з 2015-га. У Германіі першае з канца Другой сусветнай перавыданне аўтабіяграфіі Гітлера адбылося ў 2016 годзе — пасля таго, як выйшаў тэрмін дзеяння аўтарскіх правоў.
Акрамя «Майн Кампф», некананічных версій Бібліі і ўсімі любімага Оруэла самым забароненым тэкстам у свеце на дадзены момант з’яўляецца раман брытанскага пісьменніка індыйскага паходжання Салмана Рушдзі «Сатанінскія вершы» («The Satanic Verses», 1988). Як мінімум 14 краін свету, сярод якіх родная аўтару Індыя, а таксама Іран, Кувейт, Сінгапур, Пакістан, Тайвань і іншыя, забаранілі ў сябе гэтую кнігу за «блюзнерства»: прататыпам аднаго з герояў рамана стаў мусульманскі прарок Мухамед. Сказаць, што мусульмане абурыліся, — не сказаць нічога: іранская мусульманская супольнасць прысудзіла Рушдзі да смяротнага пакарання, і гэта не сімвалічны жэст — за галаву пісьменніка дагэтуль прызначаная ўзнагарода ў памеры амаль 4 мільёнаў долараў. Скандал атрымаўся настолькі гучным, што прывёў да разрыву дыпламатычных адносін паміж Вялікабрытаніяй і Іранам, а сам Салман Рушдзі доўгія гады вымушаны быў хавацца, ратуючы сваё жыццё.
Доўгі час планку аднаго з самых «непажаданых» і «амаральных» аўтараў нароўні з маркізам дэ Садам трымаў Уладзімір Набокаў. Яго нашумелы раман «Лаліта» («Lolita», 1955), які нікога не пакідае абыякавым, быў забаронены ў такіх «інфлюенсераў», як Францыя і Вялікабрытанія. «Ацанілі» кнігу таксама ў Канадзе, Аргенціне, Новай Зеландыі і ПАР. І гэта мы не гаворым пра Савецкі Саюз.
«Амаральны» спіс быў бы няпоўным таксама без «Каханка лэдзі Чатэрлей» («Lady Chatterley's Lover», 1928) Дэвіда Герберта Лоўрэнса — рамана, які быў забаронены да 1959 г. у ЗША, а ў Вялікабрытаніі нават знішчылі ўвесь надрукаваны наклад выдання — і забаранілі яго на цэлыя 32 гады. Асаблівы «знак якасці»: кніга забароненая ў Кітаі. Дарэчы, яшчэ адзін цікавы факт пра кітайскую цэнзуру: з меркавання, што «жывёлы не павінны размаўляць чалавечымі галасамі» і «нельга паказваць жывёл і людзей роўнымі», у 1931 г. у кітайскай правінцыі Хунань забаранілі «Алісу ў Краіне Цудаў» Льюіса Кэрала.
Увогуле абвінавачанне ў «непрыстойнайсці» было самым папулярным што да цэнзуры (пакуль не прыйшла эпоха таталітарных рэжымаў). Забаранялі творы Гюстава Флабера, Шарля Бадлера, Оскара Уайльда, Уолта Уітмена, Джэймса Джойса. Студэнтам філфакаў вядомая гісторыя пра тое, як амерыканскія маракі закупаліся раманам «Тропік рака» Генры Мілера ў Францыі, дзе ён упершыню быў надрукаваны, — таму што ў ЗША кнігу забаранілі за шматлікія натуралістычныя апісанні інтымнага жыцця героя.
У Злучаных Штатах ад «чысткі» ў абарону «прыстойнасці» літаратуру выратавалі Першая папраўка да Канстытуцыі і... суды. Суды на кнігамі. Узгаданага вышэй Генры Мілера ў ЗША сталі выдаваць пасля судовых працэсаў над паэмай «бітніка» Алена Гінзберга «Вопль» («Howl», 1955) і раманам «Голы сняданак» («Naked Lunch», 1959) Уільяма Сьюарда Бероўза. Менавіта тэксты «контркультуры» сталі краевугольным каменем свабоды слова і свабоды друку, у якіх нецэнзурная лексіка, табуяваныя тэмы і непрыхаваная натуралістычнасць паўсядзённасці сталі важнай сацыяльнай з’явай, важным фактам культуры, пасля чаго «амаральнасць» перастала быць падставай для цэнзуры.
Асобна трэба сказаць пра ідэалагічны бок забароны кніг. У аўтарытарных і таталітарных грамадствах Італіі, Іспаніі, Германіі і Савецкага Саюза існавалі свае «спісы» — і вельмі часта ў іх траплялі «нязручныя» для рэжымаў людзі (як, напрыклад, забаронены ўздоўж і ўпоперак Саветамі Салжаніцын).
Акрамя прадказальна чаканых Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса нацысцкая Германія забараніла Зігмунда Фройда, Чарльза Дыкенса і Вальтэра Скота (маўляў, у «Оліверы Твісце» і «Айвенга» надта добрымі паказваюцца яўрэі), Джэка Лондана, Бертольда Брэхта, Стэфана Цвейга і Эрыха Марыю Рэмарка. Раман «На Заходнім фронце без перамен» («Im Westen nichts Neues», 1929) не любілі, дарэчы, не толькі служкі Гітлера — пры рэжыме Мусаліні ў Італіі ён таксама быў кнігай нон грата. Як і кнігі іншага прадстаўніка «страчанага пакалення» Эрнеста Хэмінгуэя: «Бывай, зброя» («A Farewell to Arms», 1929), забароненая ў Італіі пры Мусаліні, і «Па кім звоніць звон» («For Whom the Bell Tolls», 1940) у Іспаніі пры рэжыме Франка. Што цікава, апошні раман забаранялі таксама ў Ірландыі.
Франкісцкая Іспанія не любіла Джорджа Оруэла за «Прысвячэнне Каталоніі» («Homage to Catalonia», 1938), «Уліс» Джэймса Джойса і «Другі пол» («Le Deuxième Sexe», 1949) Сімоны дэ Бавуар (за распаўсюд ідэй фемінізму). Цалкам быў забаронены іспанскі паэт Фэдэрыка Гарсія Лорка, якога толькі пасля смерці Франка выкраслілі з «чорных спісаў».
Не адставала ад сваіх «паплечнікаў» і дыктатура Піначэта ў Чылі. Дасталося Джэку Лондану, Томасу Ману, Герберту Уэлсу, Оскару Уальду, Францу Кафку, Эрнесту Хэмінгуэю і нават чамусьці Аляксандру Пушкіну. Асаблівай «любоўю» былі адзначаныя Габрыэль Гарсія Маркес (яго дакументальная кніга «Таемныя прыгоды Мігеля Ліціна ў Чылі» («La aventura de Miguel Littín clandestino en Chile», 1986) была канфіскаваная па ўсёй краіне і спаленая па ўласным загадзе Піначэта) і Пабла Неруда, абкрадзены і фактычна даведзены да смерці.
Яшчэ адным «арыгінальным вынаходніцтвам» служак чылійскага дыктатара было выкарыстанне кніг (пераважна, марксісцкіх) у якасці туалетнай паперы для вязняў канцэнтрацыйных лагераў. «Культурнае зацямненне» закранула і звычайных чылійцаў: адны бібліятэкі гарэлі, іншыя добраахвотна, супрацоўнічаючы з рэжымам, вынішчалі кнігі; чылійскія салдаты ладзілі вогнішчы з «нязручнай» літаратуры, і многія сем’і палілі свае бібліятэкі, каб пазбегнуць арышту.
Спальванне кніг — не вынаходніцтва Піначэта. За «ўпадніцтва» і «маральнае раскладанне» нямецкія студэнты, паслядоўнікі нацыянал-сацыялізму, з уласнай ініцыятывы палілі творы Генрыха Мана, Эрыха Марыі Рэмарка, Герберта Уэлса, Стэфана Цвейга, Бертольда Брэхта, Яраслава Гашэка, Джэка Лондана, Густава Майрынка, Томаса Мана, Анры Барбюса і іншых аўтараў. Распаўсюджанае меркаванне — што гэта было дзяржаўнай палітыкай, але ні Гітлер, ні Гебельс ніколі не аддавалі такога загаду, гэта была «нізавая ініцыятыва» — і ад таго яшчэ больш страшная.
Гэты артыкул быў бы няпоўным без Савецкага Саюза, які быў чэмпіёнам не толькі па колькасці тэрыторый, але і прэтэндаваў на першынства па колькасці забароненых кніг і рэпрэсаваных літаратараў. Амаль немагчыма скласці спіс аўтараў, якіх пераследавалі праз цэнзуру, таму што гэта было не проста дзяржаўнай палітыкай — цэнзура была ладам жыцця, ёю былі прасякнутыя ўсе сферы, і не толькі культура. Даносы і цкаванне мелі масавы, часта добраахвотны, характар. «Пад раздачу» траплялі спачатку відавочныя праціўнікі сістэмы, пасля — тыя, да каго яшчэ не дацягнуліся, і ў рэшце рэшт сістэма зжырала «сваіх» жа.
Незайздросны лёс выпаў Барысу Пастарнаку, Аляксандру Салжаніцыну, Яўгену Замяціну, Міхаілу Зошчанку, Даніілу Хармсу, Іосіфу Бродскаму, Міхаілу Булгакаву, Яўгеніі Гінзбург, Ганне Ахматавай, Ісааку Бабелю, Марыне Цвятаевай — і гэта толькі некаторыя, «гучныя», імёны, а было іх шмат-шмат больш, і ў кожнай з савецкіх рэспублік — свае.
Беларуская «расстраляная літаратура» налічвае дзясяткі прозвішчаў, сярод якіх — Валерый Маракоў, Мойшэ Кульбак, Юлій Таўбін, Тодар Кляшторны, Алесь Дудар. Праз рэпрэсіі прайшлі Францішак Аляхновіч, Ларыса Геніюш, Сяргей Грахоўскі, Андрэй Мрый, Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Уладзімір Дубоўка, Цішка Гартны і іншыя. Многія іншыя.
Часы вяртаюцца. Тое, што адбываецца зараз у Беларусі, — закрытыя і выціснутыя з краіны выдавецтвы, рэпрэсіі ў дачыненні да «нязручных» літаратараў і культурных дзеячаў, забарона і нават спальванне кніг, — заканамерны працэс развіцця дыктатуры, які мала чым адрозніваецца ад таго, што чалавецтва ўжо бачыла. Добрая навіна ў тым, што так ці інакш гэта скончыцца, як заканчвалася паўсюль, дзе спрабавалі душыць свабоду. І слова — надрукаванае ці прамоўленае, паэтычнае ці празаічнае, — рана ці позна знойдзе свайго чытача.