Ці з'явіцца ў Кіеве вуліца Уладзіміра Караткевіча?
Украінскі пісьменнік, перакладчык ды літаратуразнаўца Вячаслаў Лявіцкі прапанаваў адну з вуліц Кіева перайменаваць у гонар Уладзіміра Караткевіча.
Пра
гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку і адзначыў, што пытанне перайменавання
вуліц для яго вельмі істотнае як для кіяўляніна. Сёння распачалося рэйтынгавае
галасаванне наконт новых назваў вуліц.
Сярод вуліц Кіева, якія плануюць пераназваць, ён прапанаваў вуліцу Дабралюбава перайменаваць у гонар славутага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Вячаслаў Лявіцкі адзначыў, што гэту ягоную прапанову падтрымалі і эксперты.
«Паўтару сваю аргументацыю, што пераканала экспертаў, — гаворыцца ў допісе Вячаслава Лявіцкага, — ушанаванне гэтага таленавітага літаратара і прынцыповай асобы важнае як для дыялогу Украіны з дэмакратычна арыентаванай беларускай грамадскасцю, так і для актуалізацыі недаацэненых фактаў культуры Кіева. У адрозненне ад Дабралюбава, не ўкаранёнага ў гісторыю нашага горада, Караткевіч — выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта, ён любіў сталіцу Украіны і пісаў пра яе больш выразна, чуйна і этычна, чым большасць іншых урбаністаў. Да таго ж, гаворка ідзе пра вуліцу ў мясцовасці, дзе разгортваюцца трагічныя падзеі найбольш кіеўскай аповесці Уладзіміра Караткевіча "Лісце каштанаў". Гаворка ідзе пра частку Пячэрска, які Караткевіч у мініпаэме "Размова з Кіева-Пячэрскім сланом" называў сваім улюбёным раёнам. Уласна, кажацца пра чалавека, чыя філасофія (свабода, годнасць, жыццялюбства, уменне сябраваць і зацятасць у апраўданай нянавісці як найвышэйшыя цноты) яўна адбілася на каштоўнасцях усіх беларусаў, якія цяпер бароняць Украіну. І сфарміравалася гэтая філасофія менавіта ў Кіеве, перадусім ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях і калідорах, бібліятэчных чытальнях, тэатральных залах, на паваенным велатрэку і ў чароўных наддняпроўскіх парках».