Стваральнік Сусветаў з Мсціслаўшчыны

«Залаты век» навуковай фантастыкі. Шмат хто чуў гэты выраз. На розум адразу прыходзяць імёны Артура Кларка, Роберта Хайнлайна, і, канечне, Айзэка Азімава, «вялікай тройкі» НФ мінулага стагоддзя. Але не ўсе ведаюць, што найвядомейшы амерыканскі фантаст з’явіўся на свет на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў сям'і габрэяў беларускага паходжання.

Айзэк Азімаў на троне з сімволікай з яго работ. Крыніца: kulturologia.ru

Айзэк Азімаў на троне з сімволікай з яго работ. Крыніца: kulturologia.ru


Беларускі геній з Брукліна

Нарадзіўся Ісаак Юдавіч Озімаў, — менавіта так звалі будучага вялікага фантаста пры нараджэнні, — 2 студзеня 1920 года ў сяле Пятровічы. У той момант гэта быў Мсціслаўскі павет Магілёўскай губерні. Праз некаторы час палітычную карту вобласці перакраілі, і вёску аднеслі да Смаленскай вобласці Расіі. Калі Ісааку было тры гады, яго сям'я пераехала ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Яны сталі часткай той агромністай хвалі эміграцыі, якая накрыла Беларусь пасля Першай сусветнай вайны і каштавала ёй некалькіх сотняў тысяч чалавек.

Пры пераездзе на новае месца жыхарства амерыканскі мытнік пераклаў імя і прозвішча Ісаака ў дакументах на англійскую мову. Так з’явіўся Айзэк Азімаў. Сям’я пасялілася ў нью-ёркскім раёне Бруклін, дзе яго бацькі адкрылі невялікую краму прысмакаў. Жылі яны небагата, таму маленькі Айзэк наведваў адну са звычайных муніцыпальных школ Нью-Ёрка, куды бацькі адправілі яго ва ўзросце ўсяго толькі пяці гадоў. На той момант, па яго ж уласных успамінах, ён ужо даволі нядрэнна навучыўся чытаць, выкарыстоўваючы для таго вулічныя знакі ў сваім родным Брукліне.

Сямейная крама стала цэнтрам ранняга жыцця Азімава. Ён прысвячаў свой вольны ад школы час працы ў кандытарскай і пазней прыпісваў сваё ўменне рацыянальна выкарыстоўваць час гэтаму перыяду ранняй адказнасці. Адзінай светлай плямай у яго жыцці таго часу была газетная стойка, якая стаяла каля іх крамы. Гэты стэнд утрымліваў апошнія часопісы навуковай фантастыкі. Аднак бацька Азімава не ўхваляў інтарэсы сына, лічачы такое чытво «бульварным». Спатрэбіліся гады, перш чым юны энтузіяст фантастычнай літаратуры змог пераканаць бацьку дазволіць яму іх чытаць.

Азімаў скончыў сярэднюю школу вясной 1935 года, калі яму было ўсяго 15 гадоў. Затым ён паступіў у Калумбійскі ўніверсітэт, дзе, акрамя атрымання ступені бакалаўра па хіміі, напісаў сваё першае навукова-фантастычнае апавяданне.

У чэрвені 1938 года Азімаў пазнаёміўся з Джонам Вудам Кэмпбэлам-малодшым, рэдактарам часопіса «Astounding Science Fiction». Азімаў паказаў яму свой нядаўна закончаны твор. Кэмпбэл адразу ўбачыў у маладым аўтары вялікую перспетыву, і іх адносіны перараслі ў самае плённае супрацоўніцтва аўтара і рэдактара ў навуковай фантастыцы. Аб сваіх адносінах з Кэмпбэлам Азімаў пазней сказаў: «Ну, у нейкім сэнсе, я мяркую, што я быў ідэальным фонам для Джона Кэмпбэла... Я думаю, што вельмі многія іншыя пісьменнікі палічылі б яго занадта цяжкім для сябе — па меншай меры, каб сядзець і слухаць яго гадзіну за гадзінай. Але мне пашанцавала ў тым сэнсе, што ён шмат у чым быў падобны на майго бацьку. Я вырас, слухаючы размовы майго бацькі амаль такім жа чынам, як зараз Джона… Я мяркую, калі б вы патрацілі ўвесь той час, што я сядзеў там, слухаючы Джона, гэта лёгка каштавала б тыдня...»

historic_astounding___science_fiction.jfif

Пачатак творчасці

У 1939 годзе Азімаў не толькі скончыў Калумбійскі ўніверсітэт, але і апублікаваў сваё першае апавяданне пад назвай «У палоне Весты». Гісторыя звязана з разбурэннем касмічнага карабля «Срэбраная каралева» астэроідам. Тры выжылыя члены экіпажа павінны паспрабаваць правесці невялікую ацалелую частку карабля да бяспечнай пасадкі на Весце, невялікім астэроідзе. У наступным годзе Азімаў апублікаваў апавяданне пад назвай «Робі», якое пакладзе пачатак дзесяцігадовай серыі надзвычай паспяховых апавяданняў аб робатах. Разам з яшчэ васьмю іншымі апавяданнямі «Робі» ўвойдзе ў знакаміты зборнік «Я — робат».

У гэтым зборніку разглядаюцца праблемы, якія вынікаюць з «Трох законаў робататэхнікі», сфармуляваныя Азімавым. Гэтыя законы, якія з'яўляюцца асновай маральнага кодэкса, абвяшчаюць, што робат не можа прычыняць шкоду чалавеку або дапускаць прычыненне такой шкоды, робат павінен падпарадкоўвацца загадам чалавека, за выключэннем выпадкаў, калі яны супярэчаць першаму закону, і робат павінен абараняць сваё існаванне, за выключэннем выпадкаў, калі гэта супярэчыць двум папярэднім законам. Пры разглядзе гэтых пытанняў аўтар выводзіць на першы план праблемы адносін паміж чалавекам і тэхналогіямі, і гэтыя праблемы набываюць усё большае значэнне па меры развіцця зборніка. Чытаючы «Я — Робат» можна падумаць, што Азімаў прыходзіць да высновы: робаты маральна вышэй за людзей і, такім чынам, здольныя кампенсаваць чалавечыя недахопы. Пра гэты зборнік Азімаў пазней сказаў: «Вядома, самымі першымі апавяданнямі, якія сапраўды задаволілі мяне і прымусілі мяне адчуваць сябе добра, былі мае апавяданні пра робатаў».

У 1941 годзе ён апублікаваў «Надыход ночы» — кароткае апавяданне, якое праз шмат гадоў ён пераробіць на раман. Пісьменнік Тэадор Стэрджэн назваў ідэю апавядання «безумоўна, адным з самых запамінальных канцэптаў навуковай фантастыкі». Сюжэт гісторыі паўстаў з гутаркі Азімава з Кэмпбэлам, у якой Кэмпбэл спытаў: «Як вы лічыце, што адбудзецца, Азімаў, калі людзі ўпершыню за тысячу гадоў убачаць зоркі?» Кэмпбэл лічыў, што гэты досвед звядзе людзей з глузду. Азімаў і рэалізаваў гэтую ідэю ў «Надыходзе ночы», стварыўшы планету пад назвай Лагаш, насельніцтва якой бачыць зоркі толькі раз у 2049 гадоў падчас месячнага зацьмення. У тым жа годзе, калі адбылася публікацыя, Азімаў атрымаў ступень магістра хіміі ў Калумбійскім універсітэце.

У лютым 1942 года, у Валянцінаў дзень, Айзек Азімаў сустрэўся на «спатканні ўсляпую» з Гертрудай Блюгерман. 26 ліпеня яны ажаніліся. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сын Дэвід і дачка Робін Джаан.

У тым жа годзе ён з'ехаў у Філадэльфію і працаваў там хімікам на вайсковай суднаверфі. На той самай верфі разам з ім працаваў Роберт Хайнлайн, будучы яго суаўтар і яшчэ адна легенда амерыканскай навуковай фантастыкі.

Роберт Хайнлайн, Л. Спрэг дэ Камп і Айзек Азімаў. 1944 г.

Роберт Хайнлайн, Л. Спрэг дэ Камп і Айзек Азімаў. 1944 г.

«Заснаванне». Надыход славы

Менавіта ў гэты перыяд у Філадэльфіі Азімаў пачаў працаваць над адным з самых уплывовых навукова-фантастычных серыялаў усіх часоў. Пачынаючы з 1942 года і да 1951 года Азімаў напісаў шэраг навэл, якія цяпер вядомыя як трылогія «Заснаванне», твор які атрымаў прэмію Х'юга Сусветнага навукова-фантастычнага таварыства і ўвайшоў у залаты фонд амерыканскай НФ як лепшы серыял усіх часоў у 1966 годзе.

Трылогія складаецца з «Заснавання» (1951), «Заснавання і імперыі» (1952) і «Другога Заснавання» (1953). Азімаў паслядоўна публікаваў іх у «Astounding Science Fiction» на працягу васьмі гадоў. Такім чынам, трылогія не прызначалася аўтарам для публікацыі ў выглядзе адзінага тэксту, што многія крытыкі часта выпускаюць з-пад увагі, спяшаючыся паказаць на неадпаведнасці сюжэту.

У разгар напісання «Заснавання» Азімаў атрымаў доктарскую ступень па хіміі Калумбійскага ўніверсітэта. Апроч шырокай фармальнай адукацыі, пісьменнік таксама займаўся пастаяннай самаадукацыяй. Ён быў начытаны па вялікім мностве прадметаў, што надала яму такія адкрытасць розуму і шырыню ведаў, з якімі маглі параўнацца нямногія іншыя вучоныя. У 1949 годзе Азімаў прыняў прапанову выкладаць біяхімію ў Медыцынскай школе Бостанскага ўніверсітэта. Аб гэтай працы Азімаў прызнаўся: «Я не адчуваў неабходнасці казаць ім, што ў мяне ніколі не было асаблівай прагі да біяхіміі. Да 1951 года я пісаў па ёй падручнік і, нарэшце, зразумеў, што адзінае, кім я сапраўды жадаю быць, гэта пісьменнік».

Хоць Азімаў прызнаў, што стаміўся пісаць аб сусвеце «Заснавання», у яго наступных двух асобных раманах ён узнікае зноў. Дзеянне «Каменьчыку ў небе» (1950) і Зорак як пыл» (1951) адбывалася ў свеце трылогіі. «Каменьчык» узнімае тэму расізму. У ім паказана далёкая будучыня нашай планеты, якой пагарджае астатняя частка Імперыі. Людзі іншых планет адчуваюць прадузятасць супраць зямлян, таму што яны «проста не любяць Зямлю». Хаця ўсе людзі выйшлі з Зямлі, дзеянне рамана адбываецца так далёка ў будучыні, што гэтая канцэпцыя была страчана. Такім чынам, жыхары Зямлі з'яўляюцца прадметам дыскрымінацыі з боку людзей, якія не ўсведамляюць свайго агульнага паходжання. Дзеянне «Зорак як пыл» адбываецца ў Імперыі да стварэння Першага Заснавання і займаецца пытаннямі міжпланетнага імперыялізму.

Малады Азімаў. Крыніца: fantlab.ru

Малады Азімаў. Крыніца: fantlab.ru

У 1954 годзе Азімаў паспрабаваў новую камбінацыю, злучыўшы навуковую фантастыку і дэтэктыў у «Сталёвых пячорах». Раман быў вынікам прапановы Гарацыя Голда, рэдактара «Galaxy Science Fiction», расследаваць забойства з дапамогай дэтэктыўнага дуэта чалавека і робата. Дзеянне гэтага рамана адбываецца ў будучыні, дзе ўсе жыхары Зямлі зноў лічацца ізгоямі астатняй часткай галактыкі. На Зямлі забіваюць вядомага навукоўца. Элайджа Бейлі, дэтэктыў з Нью-Ёрка, бярэцца за справу і атрымлівае заданне працаваць з партнёрам са Знешняга свету, робатам Р. Дэніэлам Аліва. Працуючы разам, выкарыстоўваючы інтуіцыю Бейлі і аб'ектыўнасць Аліва, пара паспяхова раскрывае справу. «Сталёвыя пячоры» працягваюць дэманстраваць талент Азімава да стварэння светаў. Па словах Голдмана, «апісанні тут ані не менш эфектыўныя, чым апісанні ў серыі "Заснаванне", і яны пераконваюць чытача ў тым, што ён сапраўды бачыць свет, які зведаў вялікія змены і адаптаваўся да гэтых змен».

Публіцыстычная дзейнасць

Найбольш прадуктыўны перыяд творчасці Азімава ў жанры фантастыкі прыпаў на 1950-я гады. Пасля 1957 года ён пачаў пісаць у асноўным навукова-папулярныя творы, выкарыстоўваючы сваю здольнасць «прачытаць тузін сумных кніг і зрабіць з іх адну цікавую». Тэмы дакументальнай літаратуры Азімава часта былі сканцэнтраваныя на касмічных з'явах і іншых астралагічных канцэпцыях, якія ён асвятліў у «Даданні вымярэння» (1964), «Сонечная сістэма і назад» (1970) і «Квазар, квазар, ззяй ярчэй» (1977).

Праца Азімава ў дакументальнай літаратуры выклікала захапленне галоўным чынам тым, што ён мог растлумачыць складаныя канцэпцыі звычайнаму чалавеку простымі словамі. Азімаў заяўляў: «Я гару жаданнем растлумачыць, і больш за ўсё шчаслівы, калі гэта нешта дастаткова складанае, што я магу растлумачыць крок за крокам». Яго выдатныя таленты былі адзначаны прэміяй Джэймса Т. Грэдзі Амерыканскага хімічнага таварыства ў 1965 годзе і прэміяй Вестынгаўза Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі ў 1967 годзе.

Айзэк Азімаў. Крыніца: fantlab.ru

Айзэк Азімаў. Крыніца: fantlab.ru

Канец шляху

У 1972 годзе мэтр ненадоўга вярнуўся да напісання навуковай фантастыкі, апублікаваўшы кнігу «Самі багі», якая таксама атрымала прэмію Х'юга ад Сусветнага таварыства навуковай фантастыкі і прэмію Неб'юла ад амерыканскіх пісьменнікаў-фантастаў.

У 1976 годзе Азімаў стварыў яшчэ адзін уражвальны навукова-фантастычны твор, аповесць «Двухсотгадовы чалавек». Тут зноў уздымаюцца пытанні, да якіх ён звяртаўся ў сваіх ранніх працах аб робатах, і таксама атрымала як прэмію Х'юга, так і прэмію Неб'юла.

Азімаў быў сапраўды пладавітым пісьменнікам, які апублікаваў больш за 500 твораў. Мервін Ротштэйн у некралогу пісьменніка так тлумачыць велізарны аб'ём твораў, якія той напісаў: на стварэнне першых 100 кніг у яго спатрэбілася 237 месяцаў ці амаль 20 гадоў, да кастрычніка 1969 года. Яго другая сотня, вяха, якую ён дасягнуў у сакавіку 1979 гады, заняла 113 месяцаў ці каля 9,5 гадоў. Азімаў змог здзейсніць гэты подзвіг, часткова перапісаўшы ўсяго адну толькі кнігу.

Сам гранд-майстар сусветнай фантастыкі тлумачыў гэта так: «У мяне ёсць шмат рэчаў, якія я збіраюся напісаць, і калі я затрымаюся, я ўвогуле больш не змагу гэтага рабіць». Ён працаваў кожны дзень, даводзячы блізкім, што «нядзеля — мой лепшы дзень: ні пошты, ні тэлефонаў. Маё адзінае жаданне — пісаць. Нават размаўляць — спыненне».

Праект помніка Айзэку Азімаву. Крыніца: mirf.ru

Праект помніка Айзэку Азімаву. Крыніца: mirf.ru