Інтэлектуальны «экстрэмізм». Як у Беларусі змагаюцца з кнігамі
Оруэлаўскае «думказлачынства» пачынаецца з «няправільных» людзей побач і «няправільных» кніг. І з тымі, і з другімі дзяржава змагаецца не на жыццё, а на смерць. І апошнім часам — усё больш актыўна.
З беларускіх кнігарняў і бібліятэк тысячамі канфіскуюць кнігі. Прычым не толькі прызнаныя «экстрэмісцкімі», але і школьныя падручнікі і кнігі на замежных мовах.
«Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» складаецца з больш як 2750 пазіцый. Гэта кнігі, кампакт-дыскі, інтэрнэт-сайты, каналы ў Telegram і іншых мэсэнджарах. Спіс на сёння займае 1093 старонкі, а папаўняецца ледзьве не штодня. Раней рашэнні аб прызнанні выданняў «экстрэмісцкімі» прымалі адмысловыя экспертныя камісіі, цяпер гэта робяць раённыя суды — кшталту Жыткавіцкага ці Лідскага.
Прафесар Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук, былы выкладчык БДУ Павел Баркоўскі тлумачыць гэта «Свабодзе» такім чынам.
«Мы бачым, як, з аднаго боку, забараняюць тэлеграм-каналы з трыма падпісчыкамі проста таму, што камусьці не падабаецца назва. З іншага боку, улады хочуць запляміць усю судовую сістэму, таму яна прыцягвае да выканання сваіх даручэнняў (а інакш гэта не назавеш) суддзяў з усіх раённых цэнтраў, мястэчак, каб яны сваімі рукамі заплямілі сваю рэпутацыю як суддзяў.
Зразумела, што ні пра якую кваліфікаваную экспертызу гаворкі не ідзе. Гаворка пра рэпрэсаванне ўсяго, што не згодна з палітыкай сённяшніх уладаў. Навошта ім экспертыза? Яна будзе проста замінаць працэсу», — кажа філосаф.
Знішчэнне кніг сведчыць пра тое, што дзяржава ўзяла за прыклад таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы мінулага, у шэрагу якіх сама сябе бачыць, перакананы прафесар Павел Баркоўскі.
«Прыйшлі двое ў цывільным, самі шнарылі па паліцах»
Шукаюць «экстрэмісцкія» выданні не толькі ў публічных бібліятэках і кнігарнях, але і ў кватэрах беларусаў. Гэта адбылося з жыхаром Кобрына, якога за кнігу Уладзіміра Арлова «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» ў кніжнай шафе арыштавалі на 10 сутак. У пратаколе пазначылі, што адбылося «пікетаванне».
Бестсэлеры кшталту «Сабак Эўропы» і «Апошняй кнігі пана А.» Альгерда Бахарэвіча, «Выбраных твораў» Уладзіміра Някляева, Вацлава Ластоўскага, Алеся Петрашкевіча з «Беларускага кнігазбору» і нават «Балада пра маленькі буксір» нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага яшчэ нядаўна прадаваліся ў дзяржаўных кнігарнях. У «Белкнізе», «Акадэмкнізе», «Цэнтральнай кнігарні» і «Падпісных выданнях», што па суседстве з КДБ.
Склад камісій, якія прыходзяць у бібліятэкі, кнігарні, букіністычныя крамы з праверкамі, невядомы. Іх удзельнікі звычайна не прадстаўляюцца падчас візітаў, расказалі «Свабодзе» некалькі крыніц у кніжнай сферы. Калі такія людзі знаходзяць непажаданую літаратуру, загадваюць тэрмінова спісаць і «ўтылізаваць».
Прадавачка сталічнай букіністычнай кнігарні расказала, як у траўні туды прыйшлі два чалавекі ў цывільным і доўга размаўлялі з загадчыцай.
«Яны самі шнарылі па паліцах. У нас жа няма партый кніг, толькі адзінкавыя выданні. Знайшлі прыкладна пяць выданняў. Дзве кнігі былі барвовага колеру, пазнавальныя — з серыі "Кнігазбор". Загадчыца пісала нейкія акты на спісанне. Кнігі "камісія" забрала з сабой», — расказала суразмоўца.
«Гэтага ў бібліятэцы быць не павінна»
Са школьных бібліятэк масава забіраюць старыя падручнікі па гісторыі, замежных мовах, метадычную літаратуру, расказала былая загадчыца бібліятэкі брэсцкай гімназіі Тацяна (імя змененае дзеля бяспекі). Праверка прыйшла ў гімназію ў 2023 годзе.
«Адкуль гэтыя людзі, нам не сказалі. У гімназіі быў вялікі "шухер", усе рыхтаваліся. Акрамя кабінетаў гісторыі, іх цікавіла бібліятэка. Да мяне прыйшлі два чалавекі. Адзін мясцовы, другі — з Мінска. А таксама дырэктарка школы. Мінскі паказвае здымак у смартфоне з нейкай выявай. "Дзе паліца з гістарычнымі кнігамі? Ёсць такая кніга?" Я кажу: "Не памятаю, усё спісана даўно". "Ну, паглядзім, у іншых школах ёсць такое". Ну і знайшлі падручнікі і кнігі 1990-х гадоў. "Гэтага ў бібліятэцы быць не павінна. Тэрмінова спісвайце!" — крычаў ён. Такая гістэрычная рэакцыя была на кнігі — быццам бы гэта выбухоўка! Я кажу: "Яны ж афіцыйным шляхам прыйшлі — з міністэрства, не я ж іх прынесла!"» — жанчына не хавае эмоцый.
Паводле слоў суразмоўцы «Свабоды», у выніку дырэктарка загадала акты аб спісанні зрабіць «заднім чыслом» — за два месяцы да праверкі. Нават метадыстка здзівілася. Бібліятэкарка расказала, што такая ж сітуацыя і ў іншых школах.
«Калегі пісалі метадыстцы, каб нас азнаёмілі са спісам забароненых кніг. Тая скінула спіс, але ў ім былі зусім іншыя кнігі. Тых, што ў спісе, у школьных бібліятэках не было.
І мы яшчэ аказаліся крайнімі: нібыта мы павінны былі патрабаваць дакументы ў той камісіі — дзе напісана, якія кнігі не павінны быць у бібліятэцы. А нам паказалі фота ў смартфоне!» — абураецца Тацяна.
Мемарыяльная функцыя
Суразмоўца кажа, што спісванне кніг у бібліятэках — звычайная з'ява. Спісваюць старыя, «ветхие» кнігі. Што да школьных падручнікаў, іх век — 5 гадоў. Цягам гэтага тэрміну падручнікі перадаюць з класа ў клас, а потым спісваюць.
«Паводле закону, спісаныя падручнікі і кнігі здаюцца ў макулатуру (на кілаграмы), і нават нейкія грошы залічваюцца на рахунак школы. Але нельга спісваць усё да апошняга экземпляра — бібліятэкі ж нясуць мемарыяльную функцыю. Адзін асобнік абавязкова павінен захоўвацца ў бібліятэцы. Гэтаму мяне вучылі на бібліятэчным факультэце. Я сказала пра гэта і дырэктарцы, і камісіі. Маіх пярэчанняў пра апошні экземпляр ніхто не пачуў», — кажа былая бібліятэкарка.
Паводле яе слоў, настаўнікі і вучні-алімпіяднікі часта карысталіся падручнікамі розных гадоў: некаторыя тэмы там лепш распрацаваныя. Раней у гімназіі былі платныя заняткі па польскай мове. На паліцах стаялі падручнікі польскай мовы для 1–3 класаў. Пасля той праверкі ў 2023 годзе курсы закрылі, падручнікі прыбралі, расказала былая бібліятэкарка брэсцкай гімназіі.
«Арышт» для кнігі па-беларуску
Былы палітзняволены, які нядаўна вызваліўся з наваполацкай калоніі № 1, расказаў, што раней там была вельмі прыстойная бібліятэка: шмат кніг, часопісаў, перыёдыкі на беларускай мове. Таксама было нямала кніг на замежных мовах. У 2023 годзе ўсе іх забаранілі.
«Калі размаўляеш на беларускай мове — ага, "змагар"! Нельга! І кнігі ўсе канфіскавалі на беларускай мове. Да таго ж, у бібліятэцы было шмат падручнікаў па замежных мовах, размоўнікаў: на англійскай, іспанскай, нямецкай. Канфіскавалі нават пару кніг на кітайскай. Мы прыколваліся, маўляў, "кітайцы ж нашы сябры". Правялі ператрусы па ўсіх атрадах. У калоніі бываюць раз на паўгода кніжныя кірмашы, людзі самі куплялі. Канфіскавалі і асабістыя кнігі. Мы запыталіся, што з імі зробяць. Канваір цынічна адказаў, што спаляць», — расказаў былы вязень Андрэй.
Ад часоў інквізіцыі да Беларусі 2020 года
Прафесар Інстытуте філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук, былы выкладчык БДУ Павел Баркоўскі тлумачыць, што ў дзяржавах, дзе рэзалі ці палілі кнігі, усталяваны моцны ідэалагічны рэжым, які змагаецца з іншадумствам.
«Свядома знішчаць кнігі пачалі яшчэ ў часы інквізіцыі, калі ў спіс забароненых кніг траплялі творы, якія лічыліся царквой вальнадумнымі. Кнігі публічна палілі на вогнішчах.
У нацысцкай Германіі вогнішчы распальваліся таксама на плошчах. У Савецкім Саюзе гэта таксама было, але ўжо менш тэатральна — усё-ткі паліць ці знішчаць кнігі не лічылася дасягненнем, каб так публічна справаздачыцца. Кнігі знішчаліся ціха, таемна», — паглыбляецца ў гісторыю філосаф Баркоўскі.
У гісторыі Беларусі знішчэнне кніг таксама адбываецца не ўпершыню: 87 гадоў таму, на пачатку чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР, які падпарадкоўваўся НКВД, загадаў выключыць з бібліятэк і кнігарняў 421 кнігу беларускіх аўтараў, у тым ліку творы класікаў. У загадзе тлумачылася, што кнігі трэба прапусціць праз рэзальныя машыны ці спаліць.
У незалежнай Беларусі прызнаваць літаратуру «экстрэмісцкай» пачалі, мабыць, пасля Плошчы — 2010. Збольшага гэта кнігі, якія беларусы ўвозілі з-за мяжы — мытнікі праяўлялі пільнасць.
У лістападзе 2012 года ў «Каменным Логу» ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча забралі 41 асобнік альбома «Прэс-фота Беларусі — 2011», накіравалі на экспертызу. Адмысловая камісія пастанавіла, што «друкаваная прадукцыя прызнаная незаконнай і падлягае знішчэнню».
У 2013 годзе ў сябра АГП Аляксандра Малочкі ашмянская мытня забрала кнігу Валерыя Карбалевіча «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт», выдадзеную ў 2010 годзе. Раней экспертыза з гродзенскіх ідэолагаў наогул не знайшла ў кнізе нічога крамольнага і рэкамэндавала вярнуць выданне ўласьніку. Кнігу спадару Малочку не вярнулі.
У красавіку 2014 года ў палітыка Паўла Севярынца на памежным пераходзе «Брузгі» канфіскавалі кнігі Зянона Пазняка «Terra Dei», «Развагі», «Парсіваль», якія ён вёз з Польшчы. Накіравалі ў тую ж гродзенскую камісію аблвыканкама па супрацьдзеяньні экстрэмізму.
Праз 3 месяцы Севярынцу вярнулі 25 кніг з 26, адну пакінулі сабе.
Аднак у красавіку 2016 года дзве кнігі Зянона Пазняка — «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» — Брэсцкі суд прызнаў «экстрэмісцкай літаратурай».
У 2016 годзе ў гісторыка Уладзіміра Валодзіна ашмянскія мытнікі канфіскавалі кнігу «Смяротнае пакаранне ў Беларусі». Крыху раней гродзенскія «эксперты» ўжо шукалі экстрэмізм у гэтай кнізе, але не знайшлі.
Якім чынам цяпер будуць «утылізаваць» небяспечныя кнігі?
Раней, калі беларускія ўлады знішчалі кнігі, іх раздушвалі бульдозерамі і трактарамі, а таксама палілі, кажа прафесар Павел Баркоўскі.
«Зразумела, могуць выкарыстаць цэлы спектр магчымасцей. Можна ўкачваць бульдозерам — расійцы паказалі прыклад падчас прадуктовых санкцый, нават адмысловыя машыны прыдумалі. Тут не так важна, як будуць знішчаць. Важна, што наогул знішчэнне кніг (нават калі яны не падабаюцца табе па змесце) лічыцца нармальнай і добрай практыкай у ХХІ стагоддзі. Гэта проста паказвае, наколькі далёка ў мінулае нас зацягнулі памагатыя гэтага рэжыму. Гэта ўжо не толькі 1937-мы, чыноўнікі рэжыму гатовыя вярнуцца да вогнішчаў інквізіцыі. Гэта проста ганебная старонка беларускай гісторыі. Знішчаць кнігі — гэта злачынства», — кажа прафесар філасофіі Баркоўскі.