Кнігі, якія можна слухаць і заўжды вазіць з сабой
З 2020 года рынак беларускіх аўдыёкніг значна пашырыўся, і цяпер ёсьць некалькі пляцовак, якія выпускаюць кнігі па-беларуску ў аўдыёфармаце — зручным для таго, каб недаступныя для распаўсюду творы траплялі ў Беларусь.
Неўзабаве можна будзе паслухаць «Плошчу Перамогі» Бахарэвіча, «Палёт над гняздом зязюлі» Кізі, «Дарогу» Макарці. У плянах — выдаць усю кніжную сэрыю «Амэрыканка». «Свабода» пагаварыла з заснавальнікам праекту audiobooks.byМікітам Белаглазавым.
Беларускі айцішнік Мікіта Белаглазаў пасьля заканчэньня факультэту прыкладной матэматыкі БДУ ўладкаваўся працаваць у кампанію «Google» і пераехаў у ЗША. Пражыў там 9 гадоў. А месяц таму перабраўся ў Варшаву, каб быць бліжэй да Беларусі, куды абяцае абавязкова вярнуцца.
Аўдыёкнігі Мікіта слухае з 2014-га. Слухаў спачатку па-ангельску. Прызнаецца, што ня памятае, калі апошні раз прачытаў папяровую альбо электронную кнігу. Але аўдыёкніг у яго атрымліваецца слухаць па 30 за год.
«Вось я люблю бегаць, і падчас бегу слухаць аўдыёкнігі ідэальна. Калі я еду на працу і з працы, я слухаю. Дый доступ да аўдыёкніг лягчэйшы, чым да папяровых», — перакананы Мікіта.
Ён расказаў, як у 2020 годзе пачаў шукаць менавіта беларускамоўныя кніжкі сучасных аўтараў. Высьветлілася, што іх вельмі мала.
«Я быў не зусім у тэме, але мне здавалася, што аўдыёкніжкі больш-менш вядомых аўтараў ёсьць. Размаўляў у 2020-м з адной знаёмай. Яна якраз чытала кнігу Віктара Марціновіча "Мова". Я захацеў яе паслухаць, і высьветлілася, што такой аўдыёкнігі няма. Захацелася неяк выправіць сытуацыю. Вось і зьявілася ідэя запісваць аўдыёкнігі», — прызнаецца Мікіта.
Кошт аўдыёкнігі — ад 500 да 1 тысячы даляраў
Суразмоўца «Свабоды» кажа, што аднадумцаў знайшоў у асноўным сярод сваіх калег-матэматыкаў.
«Я вырашыў, што магу частку заробку аддаваць на выпуск аўдыёкніжак. У нас атрымліваецца ня вельмі дорага: выдаткі на адну аўдыёкнігу складаюць ад 500 да 1 тысячы даляраў, у залежнасьці ад памеру кніжкі. Кніжка начытваецца адным голасам, і мы не падкладаем ніякай музыкі», — кажа Мікіта.
Некаторыя аўдыёвыдаўцы аздабляюць аўдыёкнігі музыкай, начытваюць рознымі галасамі (да прыкладу, дзіцячае выдавецтва «Кніжны воз»). Такія кніжкі абыходзяцца даражэй. Звычайна начытваюць кнігі прафэсійныя акторы добра пастаўленымі галасамі — напрыклад, «купалаўцы» Алег Гарбуз, Крысьціна Дробыш.
«Мне ня так важны тэмбар голасу, мне важна, каб чалавек чытаў не занудна. Як людзі вымаўляюць, якая манера чытаньня. Бо часам бывае, калі самі аўтары начытваюць і ў іх атрымліваецца ня вельмі добра», — тлумачыць Мікіта.
Каб выдаць аўдыёкнігу, патрэбны дазвол аўтара альбо праваўладальніка. Нядаўна выдалі сэрыю зь пяці аўдыёкніжак Васіля Быкава — дамаўляліся з агенцтвам, якое мае на іх правы, атрымалі дазвол на 4 гады. Здараюцца і адмовы, прызнаецца Мікіта.
«Мы зьвярталіся ў 2022 годзе да Віктара Марціновіча, пісалі яму, але ён ня мог, хоць быў зацікаўлены. Трэба яму зноў напісаць. Звычайна аўтары адкрытыя і ня супраць, каб мы запісалі аўдыёкнігу».
«Задача — вырашаць праблему для тых, хто ў Беларусі»
Што да прынцыпаў адбору твораў для агучваньня, бывае па-рознаму, кажа суразмоўца. Спачатку аўдыёвыдаўцы зьвярнуліся да прафэсіянала, які добра разьбіраецца ў беларускай літаратуры, ён зрабіў сьпіс папулярных кніг за апошнія 10–15 гадоў. Некаторы час ішлі па гэтым сьпісе. А цяпер збольшага запісваюць новыя кнігі, якія выйшлі ня так даўно ў выдавецтвах па-за межамі Беларусі.
«Атрымліваецца, што кніжкі, якія выходзяць у выдавецтвах за мяжой, у самой Беларусі складана пачытаць. І таму мы будзем гэтую праблему вырашаць. Калі зьявіцца аўдыёкніга, любы чалавек у Беларусі зможа купіць, спампаваць і паслухаць яе. Такім чынам, наша задача — пашыраць сьпіс аўдыёкніжак і вырашаць праблему для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі», — кажа Мікіта Белаглазаў.
Ужо запісаныя і неўзабаве выйдуць аўдыёкнігі «Пасажыры карабля Тэсэя» Сьцяпана Стурэйкі, «Плошча Перамогі» Альгерда Бахарэвіча, якую начытаў Сяргей Шупа. У працы кніга «Дарога» Кормака Макарці, якую выдаў Андрэй Янушкевіч год таму. Аўдыёвыдаўцы падпісалі дамову з праваўладальнікамі раману «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі ў перакладзе на беларускую Аляксея Знаткевіча, ён сам начытвае кнігу.
«Я б хацеў выдаць усе пяць кніг з сэрыі "Амэрыканка" (гэта першая, якую будзем выдаваць). Працуем яшчэ над праектам "Народнай аўдыёкнігі", дзе валянтэры-беларусы з розных куткоў сьвету начытваюць кніжку "Мальцы выходзяць з-пад кантролю", якую выпусьціла выдавецтва "Скарына". Над гэтым праектам працуем з Крысьцінай Дробыш і яшчэ некалькімі людзьмі. Амаль усе тэксты запісалі, ідзе мантаж запісаў. Шмат цікавага будзе», — дзеліцца найбліжэйшымі плянамі Мікіта Белаглазаў.
Дзе шукаць аўдыёкнігі
На думку Мікіты, цяпер па-беларуску выдаецца даволі шмат аўдыёкніг. Пасьля 2020 году сытуацыя зьмянілася ў лепшы бок.
«Да 2020 году аўтабіяграфічныя аўдыёкніжкі выходзілі ў "Радыё Свабода". І, мабыць, усё. Цяпер мы выдаём кніжкі (па адной на месяц), "Кніжны воз" актыўна выдае дзіцячую літаратуру, шмат выдае "Камунікат"», — кажа Мікіта Белаглазаў.
Але ёсьць яшчэ адна праблема: людзям складана знайсьці, дзе паслухаць беларускія аўдыёкніжкі. Таму выдаўцы зрабілі сайт audiobooks.by, на якім можна знайсьці спасылкі на розныя пляцоўкі.
«Калі гаварыць пра Захад, там ёсьць некалькі буйных аўдыёкніжных крам, ты знаходзіш аплікацыю, дзе гэтая кніжка будзе. У нас такога яшчэ няма.
Наагул няма ніякіх беларускіх мабільных праграм. Ёсьць "Кніжны воз", у іх ёсьць свая ўласная аплікацыя, але гэта абмежавана толькі дзіцячай літаратурай. Або на падкастах трэба слухаць, або на "YouTube", або мы распаўсюджваем кніжкі празь некаторыя іншыя крамы, такія як "Google Play Books", "Apple Books". Але яны не такія папулярныя і знаёмыя беларусам. Такая праблема: мы вельмі фрагмэнтаваныя па ўсім інтэрнэце, і людзям, магчыма, складана арыентавацца, дзе гэтыя аўдыёкніжкі шукаць», — кажа Мікіта Белаглазаў.