Нобелеўскія лаўрэаты па-беларуску: ад Кіплінга да Эрно
У Міжнародны дзень перакладчыка згадваем, што якія пераклады лаўрэатаў і лаўрэатак Нобелеўскай прэміі ёсць у беларусаў.
Рэдзьярд Кіплінг
Брытанскі пісьменнік, які нарадзіўся ў Індыі, у дарослым жыцці аб'ехаў палову свету, а таму меў выдатны матэрыял для стварэння сваіх знакамітых казак. Бацька Маўглі, Балу і Багіры, ён з'яўляецца самым маладым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры (і першым англічанінам, які атрымаў гэтую ўзнагароду). На аснове яго апавяданняў і казак створаны мультфільмы, якія многія з нас памятаюць і любяць з дзяцінства — прычым як замежныя, так і савецкія.
На беларускую Кіплінга таксама перакладалі нямала, але ў асноўным ва ўсё тыя ж савецкія часы. Калі пашукаць, то можна знайсці «Маўглі. З "Кнігі джунгляў"» у перакладзе Сяргея Міхальчука і «Чаму ў слоніка доўгі нос» у перакладзе Васіля Хомчанкі. Больш рарытэтнымі будуць выданні «Рыкі-Цікі-Таві» (1938) і «Казкі» (1939). З сучаснага на прасторах інтэрнету можна сустрэць пераклады вершаў брытанца і асобныя яго казкі.
Сельма Лагерлёф
Шведская пісьменніца, першая з жанчын літаратуры, хто атрымала «нобелеўку». Сябра Шведскай акадэміі, чалавек, якая дапамагала іншым ратавацца ад пераследу нацыстаў і на гэтыя мэты нават ахвяравала залаты медаль Нобелеўскай прэміі (праўда, яго вярнулі) — усё гэта пра яе. А яшчэ яна была цудоўнай дзіцячай пісьменніцай, цалкам сабе сур'ёзным празаікам і паэткай. Яе «Дзіўнае падарожжа Нільса Хольгерсана па Швецыі» (у рускім варыянце — «Чудесное путешествие Нильса с дикими гусями») чытаюць дзеці па ўсім свеце, глядзяць мультфільмы, кіно і нават спектаклі, знятыя па ім.
На беларускую, на жаль, гэтая кніга не перакладзеная, затое перакладзеная іншая, дарослая, з раманамі — «Пярсцёнак Лёвеншольдаў» (1997). Яна, дарэчы, даступная онлайн. Таксама ў зборніку містычных апавяданняў «Вусцішны пакой», які калісьці зрабіла каманда часопіса «Прайдзісвет», можна знайсці апавяданне «Партрэт маці» ў перакладзе Алесі Башарымавай.
Рабіндранат Тагор
Бенгальскі паэт і філосаф яшчэ пры сваім жыцці стаў культавым у Беларусі. Ім зачытваліся, перакладалі яго вершы на беларускую, пісалі па іх рэцэнзіі. Сярод тых, хто спрабаваў адаптаваць паэзію сусветна вядомага бенгальца, — Якуб Колас, Сяргей Грахоўскі, Янка Сіпакоў, Алесь Разанаў, Язэп Семяжон, Аркадзь Мардвілка. Тагор натхніў на ўласныя вершы першага сапраўднага беларускага філосафа Ігната Канчэўскага, а таксама «ўзвышаўца» Язэпа Пушчу, які напісаў да прыезду набеліята ў Мінск верш-прывітанне.
Сярод беларускіх перакладаў, якія можна пашукаць, — «Садоўнік» (1927) у перакладзе Аркадзя Мардвілкі, раман «Крушэнне» (1958), які пераклаў Сяргей Грахоўскі. У 1976 годзе пяцітысячным накладам выйшла «Выбранае» з перакладаў Тагора, а праз 30 гадоў «Мастацкая літаратура» выдала яго «Гітанджалі». Апошняе, што было выдадзена па-беларуску са спадчыны нобелеўскага лаўрэата — невялічкі томік у серыі «Паэты планеты» выдавецтва «Зміцер Колас» (2018) і «"Мая залатая Бенгалія" на мовах народаў свету», якую выдаў Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа ў тым жа 2018-м годзе.
Рамэн Ралан
Французскі пісьменнік, музыказнаўца, антываенны дзеяч, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя падзеі ў Расійскай імперыі, сустракаўся са Сталіным, быў ганаровым сябрам Акадэміі навук СССР — такі вось цікавы і неадназначны персанаж атрымаў у 1915 годзе Нобелеўскую прэмію «за высокі ідэалізм літаратурных твораў, за спачуванне і любоў да ісціны».
У Беларусі ў асноўным перакладаўся да Другой сусветнай вайны. Урыўкі з аповесці «Кала Бруньен» у 1936 годзе пераклаў Янка Скрыган (перавыданне выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў 2001 годзе), а ў 1938-м былі надрукаваныя ўрыўкі з рамана «Жан-Крыстоф». Таксама быў перакладзены яго артыкул «Застольныя гутаркі з Бетховенам» (1937).
Кнут Гамсун
Імя нарвежскага пісьменніка Кнута Гамсуна на слыху ў чытачоў у сувязі з дзвюма рэчамі: яго раманам «Голад» і адкрытай падтрымкай нацыстаў. Ранняя творчасць Гамсуна была папулярнай сярод творцаў Расійскай імперыі, цікавасць да раманаў і аповесцяў пісьменніка падагрэла і Нобелеўская прэмія 1920 года. Але неўзабаве ўсё было страчана: і цікавасць, і прызнанне, і слава — варта было толькі вітаць прыход нацыстаў да ўлады. Нішто з таго, што здзяснялі гітлераўцы, не засмучала Гамсуна — да такой ступені, што той самы залаты медаль «нобеля» ён падарыў міністру прапаганды Гебельсу. Заканчэнне вайны стала сумным часам не толькі для нацысцкіх злачынцаў, але і для пісьменніка: яго судзілі за калабарацыянізм. Што праўда, Кнут Гамсун, якому тады было ўжо ажно 88 гадоў, праз узрост пазбег зняволення, аднак страціў значную частку сваёй маёмасці.
На беларускую перакладзены два яго творы: «Царыца Саўская» (надрукавана ў часопісе «Крыніца», 1996) і «Голад» (выдавецтва «Янушкевіч», 2017).
Уільям Батлер Ейтс
Выбітны ірландзец, грамадскі дзеяч, які стаяў ля вытокаў літаратурнага адраджэння сваёй радзімы, за даволі кароткі тэрмін стаў адным з самых вядомых англамоўных паэтаў. Сваю Нобелеўскую прэмію ён атрымаў у 58 гадоў, і яна дапамагла яму падтрымліваць маладыя таленты, чым Ейтс займаўся, у прынцыпе, усё жыццё.
На беларускую перакладзены фрагменты з яго дзённікаў (часопіс «Крыніца», 1998) і «Выбраныя вершы» (серыя «Паэты планеты», выдавец Зміцер Колас, 2017). Некаторыя пераклады вершаў Ейтса можна пачытаць тут.
Томас Ман
Нямецкі пісьменнік і эсэіст, майстар псіхалагізму, аўтар буйных раманаў, у тым ліку знакамітага філасофскага рамана «Доктар Фаўстус». Свой першы вядомы раман «Будэнброкі» выдаў у 26 гадоў — і за яго ж больш чым праз чвэрць стагоддзя атрымаў Нобелеўскую прэмію. Пісьменнік быў даволі супярэчлівай асобай: палову жыцця суперажываў імперскім поглядам, але ў 1930-я стаў антыфашыстам і эміграваў з Германіі; быў жанаты і меў шасцярых дзяцей, хаваў сваю гомасэксуальнасць і напісаў раман «Смерць у Венецыі», у цэнтры сюжэту якога — каханне немаладога пісьменніка да 14-гадовага хлопчыка. За адмову вяртацца ў Германію нацысты пазбавілі яго грамадзянства, якое ён так і не аднавіў.
З усёй немаленькай спадчыны Томаса Мана на беларускую перакладзены яго раман «Доктар Фаўстус», над якім працаваў Васіль Сёмуха (1989), «Смерць у Венецыі» («Янушкевіч», серыя «Noblesse Oblige», 2018) і навелы (1996).
Іван Бунін
Апальнага рускага класіка, Нобелеўскага лаўрэата 1933 года беларускія перакладчыкі таксама не абмінулі ўвагай. Аўтар аднаго з найлепшых рускіх раманаў «Жыццё Арсеньева» ў нас друкаваўся пераважна зборнікамі выбранага, сярод якіх, што праўда, ёсць і вершы.
Першае «Выбранае» ў перакладзе Янкі Скрыгана выйшла ў 1958 годзе, і яго наўрад ці цяпер лёгка знойдзеш. А вось з таго, што можна знайсці, — «Выбраная проза. Іван Бунін, Аляксандр Купрын» («Мастацкая літаратура», 1992); «Выбраныя творы» («Логвінаў», 2010) і «Акаянныя дні» (выдавец Віктар Хурсік, 2013). Асобна адзначым, што ва ўжо не раз згаданай серыі «Паэты планеты» можна набыць томік выбраных вершаў Івана Буніна.
Габрыэла Містраль
У 1945 годзе на першым пасля вайны ўручэнні Нобелеўскай прэміі ўзнагароду па літаратуры ўзяла чылійская паэтка Габрыэла Містраль. Гэты факт сам па сабе выбітны: і таму што прэмію атрымала жанчына, і таму што чылійка, і таму што пасля жахаў вайны ў людзей быў запыт на паэзію.
Габрыэла Містраль была не проста паэткай. Шмат гадоў яна аддала дыпламатычнай службе і грамадскай дзейнасці, змагалася за правы жанчын, удзельнічала ў рэформах адукацыі ў Мексіцы, давала лекцыі ў ЗША і краінах Лацінскай Амерыкі, была лесбійкай (але хавала гэта). Вядомай стала даволі рана, ужо з першых зборнікаў, а «нобелеўку» атрымала «за паэзію сапраўднага пачуцця, якая зрабіла яе імя сімвалам ідэалістычнага памкнення для ўсёй Лацінскай Амерыкі».
Па-беларуску выйшлі два зборнікі паэткі — абодва ў перакладзе Рыгора Барадуліна: «Ветраліст» (1984) і «Выбраныя вершы» («Паэты планеты», выдавец Зміцер Колас, 2016).
Герман Гесэ
Швейцарска-нямецкі пісьменнік, геніяльны майстар інтэлектуальнага рамана, спалучаў у сваіх творах усходнюю філасофію са здабыткамі заходняй псіхалогіі — у прыватнасці, тэорыі Фрэйда і Юнга, а таксама філасофскія ідэі Ніцшэ. Вяршыня яго творчасці — раман «Гульня шкляных перлаў» — перакладзены на беларускую Васілём Сёмухам яшчэ ў 1992 годзе. Праз 15 гадоў у перакладзе Арцёма Арашонка выйшаў раман-прытча «Сідхартха», а ў 2011-м — знакаміты «Стэпавы воўк», які пераклаў усё той жа Васіль Сёмуха.
Былі таксама спробы перакладаў вершаў Гесэ, але асобным выданнем яны так і не выйшлі.
Томас Стэрнз Эліёт
Адзін з самых вядомых мадэрністаў 20 стагоддзя, люстэрка «страчанага пакалення» і пасляваеннага свету, паэт, які наследаваў метафізікам, але застаўся ў баку ад іх. Вядомы і як крытык, драматург, а таксама выдавец (узначальваў вядомае выдавецтва «Faber & Faber»). У 34 гады надрукаваў свой самы вядомы твор — паэму «Бясплодная зямля», а Нобелеўскую прэмію атрымаў у 1948-м. Неаднаразова абвінавачваўся ў антысемітызме, але насамрэч дапамагаў габрэям падчас вайны знайсці схоў у Вялікабрытаніі і ЗША. Узнагароджаны аграроджаны брытанскім ордэнам заслуг і французскім ордэнам Ганаровага легіёна.
У 1985 годзе пераклад паэмы «Пустыя людзі» на беларускую мову зрабіў Віктар Валынскі, а ў 1996-м Алесь Разанаў пераклаў «Попельную сераду». У 2018 годзе ў серыі «Паэты планеты» выйшлі «Выбраныя вершы» Эліёта, над якімі працавалі Макс Шчур, Алесь Разанаў і Лявон Баршчэўскі.
Уільям Фолкнер
Амерыканскі празаік, які віртуозна валодаў «плынню свядомасці», свой творчы шлях пачынаў як паэт. Але аднойчы яму параілі засяродзіцца на прозе — і так нарадзіўся той Фолкнер, якім яго ведае ўвесь свет. Стваральнік «ёкнапатофскай сагі» і ўласнай акругі Ёкнапатофа, з якой чытач усё бліжэй знаёміцца з рамана ў раман, ён быў летапісцам амерыканскага Поўдня — ад часоў выкаранення індзейцаў да сярэдзіны 20 стагоддзя. Фолкнер шмат гадоў зарабляў на жыццё тым, што пісаў сцэнары для «Metro Goldwyn Mayer», рабіў гэта не заўсёды своечасова, але затое пастаянна і з дзіўнай хуткасцю і самааддачай. І хто ведае, калі б не гэтая неабходнасць зарабляць, як шмат твораў ён мог бы яшчэ напісаць?
Па-беларуску можна прачытаць яго геніяльны раман «Гоман і ятра» (у перакладзе Яна Максімюка), «Пах вербены» (пер. Вадзіма Небышынца) і «Сонца зойдзе ўвечары» (пер. Алеся Асташонка). Дарэчы, «Пах вербены» можна не толькі пачытаць вось тут, але і паслухаць.
Эрнест Хэмінгуэй
Яшчэ адзін амерыканец у нашым спісе — класік амерыканскай літаратуры, найбуйнейшы прадстаўнік «страчанага пакалення», адзін з самых перакладаемых аўтараў. Яго зрабіла вядомым міжваенная проза, у якой героі — маладыя людзі, якія на ўласныя вочы пабачылі вайну і «панюхалі пораху» — шукаюць сэнс жыцця, разбіраюцца са сваімі каштоўнасцямі і проста спрабуюць выжыць, як гэта рабіў іх стваральнік у перапынках паміж шматлікімі ваеннымі канфліктамі, якія ён назіраў як журналіст.
Нобелеўская прэмія заспела Хэмінгуэя ў 1954 годзе адразу пасля афіякатастрофы ў Афрыцы, праз што «старына Хэм» адмовіўся ляцець у Стакгольм. А ўсяго праз 7 гадоў знакаміты набеліят скончыў жыццё самагубствам.
На беларускую перакладзены некалькі яго раманаў: «Бывай, зброя!» (пер. Анатоля Бутэвіча, 1996), «І ўзыходзіць сонца» (пер. Юркі Гаўрука, 1976), «Па кім звоніць звон» (пер. Вадзіма Небышынца, 1991), «Стары і мора» (пер. Вадзіма Небышынца) і некаторыя апавяданні.
Хуан Хіменес
Іспанскі паэт, адзін з самых вядомых іспанцаў свету, не толькі пісаў вершы, але і стварыў літаратурны часопіс «Геліяс», які стаў пляцоўкай для многіх вядомых творцаў таго часу. Пасля пачатку Грамадзянскай вайны ў Іспаніі быў вымушаны пакінуць радзіму і эміграваў на Кубу, адкуль пераехаў у ЗША. Апошнія гады жыцця пражыў у Пуэрта-Рыка. Нобелеўскую прэмію атрымаў за два гады да сваёй смерці, у 1956 годзе. Прыкладна тады ж памерла яго жонка, і паэт так і не здолеў перанесці страту.
Вершы Хіменеса па-беларуску можна прачытаць у зборніку «Выбраная лірыка» з серыі «Паэты планеты» (2017).
Альбер Камю
Французскі пісьменнік, адзін з самых вядомых прадстаўнікоў экзістэнцыялізму, быў удзельнікам французскага Супраціву, меў левыя погляды, але выступаў супраць Савецкага Саюза. Нобелеўскую прэмію атрымаў у 44 гады — «за вялікі ўклад у літаратуру, які высвяціў значэнне чалавечага сумлення». Загінуў у 1960 годзе ў аўтакатастрофе.
Самы вядомы яго раман «Чужаніца» быў перакладзены на беларускую яшчэ ў 1986 годзе, яго выдала «Мастацкая літаратура». У гэтым жа выдавецтве ў 2005 годзе выйшлі «Выбраныя творы», якія пераклаў з французскай мовы Зміцер Колас. «Міф пра Сізіфа» і «Чума» былі надрукаваныя ў 1994 годзе ў часопісе «Крыніца», у 1995-м выйшла кніга «Калігула. Пры зачыненых дзвярах», а ў 2007 годзе ў серыі «Кнігарня "Наша Ніва"» свет пабачыў «Камень, які расьце».
Некаторыя пераклады твораў Альбера Камю па-беларуску можна прачытаць тут.
Барыс Пастарнак
Яшчэ адзін апальны рускі пісьменнік і паэт, які нічога добрага не зазнаў ад савецкай улады і народа, характар якога так добра выпісаў у рамане «Доктар Жывага». Талент творцы быў ацэнены высока — Нобелеўскай прэміяй 1958 года, якая стала для Пастарнака не падарункам лёсу, а бізуном.
На беларускую перакладаліся яго вершы, якія выйшлі выданнем «Выбраная лірыка» ў серыі «Паэты планеты». Пераклад ажыццявіў Рыгор Барадулін.
Жан-Поль Сартр
Французскі пісьменнік і ўплывовы мысляр, самы вядомы прадстаўнік экзістэнцыялізму, удзельнік руху Супраціву і муж Сімоны дэ Бавуар. Акрамя раманаў і філасофскай прозы пісаў п'есы, у якіх таксама даследаваў чалавека ў памежных сітуацыях. Адзіны, хто адмовіўся ад Нобелеўскай прэміі, прысуджанай яму ў 1964 годзе.
Па-беларуску можна прачытаць зборнік апавяданняў «Мур», які пераклаў з французскай у 1991 годзе Зміцер Колас, п'есы «Пры зачыненых дзвярах» (1995) і «Мухі» (2005). Некаторыя творы Сартра можна прачытаць онлайн.
Нэлі Закс
Нямецка-шведская паэтка, якая свой творчы шлях пачала даволі нетрывіяльна — са знаёмства з іншай творцай, таксама будучай набеліяткай Сельмай Лагерлёф. Знаёмства гэтае было ва ўсіх сэнсах лёсавызначальным: падчас Другой сусветнай вайны Сельма Лагерлёф здолела «прабіць» для Закс шведскую візу — і гэта ўратавала ёй жыццё. Нэлі Закс, чыя творчасць да таго часу была цалкам неарамантычнай, пачала пісаць па-іншаму. Гэты паварот у рэшце рэшт і прывёў паэтку да Нобелеўскай прэміі, якую ёй далі за «выбітныя лірычныя і драматычныя творы, з трапяткім натхненнем і сілай, якія перадаюць лёс Ізраіля і яго народа».
Вершы Нэлі Закс можна знайсці па-беларуску ў серыі «Паэты планеты» (2022), іх пераклаў з нямецкай Лявон Баршчэўскі.
Сэмюэл Бэкет
Знакаміты ірландскі пісьменнік, драматург, паэт, які пісаў па англійску і па-французску, жыў у Францыі і спрабаваў скарысць сваёй творчасцю Германію. Найяскравейшы прадстаўнік «тэатра абсурду», аўтар аднаго з самых значных твораў 20 стагоддзя — п'есы «У чаканні Гадо». Быў сябрам Вацлава Гавела, якому прысвяціў адну са сваіх п'ес. Нобелеўскую прэмію атрымаў у 1969 годзе.
На беларускую перакладзены некалькі яго твораў, у тым ліку «У чаканні Гадо» (пер. Віталя Воранава, 2005), а таксама «Не я» (пер. Лявона Баршчэўскага, часопіс «Крыніца» 1994) і «Канец гульні» (пер. Змітра Коласа, 2005, серыя «Бібліятэка французскай драматургіі», т. 2).
Чэслаў Мілаш
Польскі паэт, пісьменнік, эсэіст, у гады Другой сусветнай вайны — удзельнік падпольнага літаратурнага руху, пасля вайны — дыпламат. У гады ПНР адмовіўся вяртацца ў Польшчу, таму лічыўся здраднікам і быў забаронены. Забарону паступова знялі пасля 1980 года, калі Мілашу ўручылі Нобелеўскую прэмію. Праз 13 гадоў пасля гэтага творца вярнуўся на радзіму.
Чэслаў Мілаш — адзін з самых перакладаемых на беларускую паэтаў. Яшчэ ў 1990-я яго вершы і эсэ выходзілі ў перыёдыцы ў перакладах Лявона Баршчэўскага, Алега Мінкіна, Яна Чыквіна, Юрася Бушлякова, Андрэя Хадановіча, Алеся Разанава. Філасофска-палітычнае эсэ «Скуты розум» выйшла асобным выданнем у 2000 годзе ў серыі «Бібліятэка "Фрагмэнты"». У 2006 годзе выбраныя творы Мілаша пабачылі свет у двухмоўным выданні «Іншага канца сьвету ня будзе», а 2011-м збор твораў у 4 тамах выйшаў у выдавецтве «Логвінаў».
Сёе-тое з перакладаў польскага набеліята можна пачытаць тут.
Габрыэль Гарсія Маркес
Калумбійскі пісьменнік і палітычны дзеяч, заснавальнік «магічнага рэалізму», вядомы ва ўсім свеце сваімі раманамі, што завязаны на сувязі рэальных падзей з магічнымі, звышнатуральнымі элементамі. Як і ў Уільяма Фолкнера, у Маркеса ёсць свая выдуманая мясцовасць — вёска Маконда, у якой, у прыватнасці, адбываецца дзеянне рамана «Сто гадоў адзіноты».
Акрамя літаратуры, Габрыэль Гарсія Маркес быў вядомы як журналіст і палітычны дзеяч, якога хвалявала сітуацыя ў Паўднёвай Амерыцы. Ён быў прыхільнікам левых радыкалаў, падтрымліваў іх фінансава. Удзельнічаў у працы Міжнароднай камісіі па расследаванні злачынстваў чылійскай хунты. Публікаваў артыкулы антыфашысцкай тэматыкі.
На беларускую перакладзены два яго раманы: «Каханне падчас халеры» (серыя «Noblesse Oblige», выдавецтва «Янушкевіч», 2017) і «Восень патрыярха» у перакладзе Сяргея Шупы («Янушкевіч», 2021).
Уільям Голдынг
Брытанскі пісьменнік, аўтар знакамітай антыўтопіі «Валадар мух», якая ставіць яго на адну прыступку з іншым вядомым брытанцам — Джорджам Оруэлам. Нягледзячы на тое, што некаторыя сябры Шведскай акадэміі, прысуджаючы Голдынгу Нобелеўскую прэмію, былі ўпэўненыя, што гэты пісьменнік — з'ява чыста англійская, можна з лёгкасцю сказаць, што яго творчасць не мае прывязкі да канкрэтнай мясцовасці. Яна ўніверсальная і даследуе агульначалавечыя праблемы, што ўва многім — заслуга сартраўскага экзістэнцыялізму, які цікавіў Голдынга.
Да таго ж, пісьменнік прайшоў вайну, з'яўляючыся актыўным яе удзельнікам — у складзе брытанскага флоту. Ваенны досвед цалкам змяніў погляды Голдынга на чалавека, што, як і ў выпадку з Оруэлам, не магло не адбіцца на творчасці.
Для беларускага чытача гэты аўтар пакуль застаецца не вельмі дасяжным: перакладзены толькі яго прытчы «Бог Скарпіён», якія выйшлі ў Вільні ў 2007 годзе. Але мы не губляем надзеі пабачыць і іншыя яго творы па-беларуску!
Іосіф Бродскі
Пра Бродскага беларускаму чытачу можна і не расказваць — ён дагэтуль застаецца адным з самых любімых і чытаемых аўтараў, асабліва ў моладзі. Рускі і амерыканскі паэт, перакладчык, эсэіст, якога таксама, як і яго калег па «нобелеўцы», не прымала савецкая ўлада, меў важкі падмурак для сваёй творчасці. На яго долю выпаў цэлы «скарб»: вайна, блакада, рэпрэсіі, высылка, немагчымасць вярнуцца і страчаныя сувязі з блізкімі.
Нобелеўскую прэмію Бродскаму прысудзілі за «ўсеабдымную творчасць, насычаную чысцінёй думкі і яркасцю паэзіі». Высока ацанілі творчасць паэта не толькі сябры Шведскай акадэміі, але і беларускія ўлады: «Балада пра маленькі буксір» у 2022 годзе была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі», што ў сучаснай Беларусі азначае асаблівы знак якасці.
Акрамя «Балады...» раннія вершы Бродскага выходзілі асобным выданнем пад назвай «Туга і спакой» (пер. Вадзіма Болбаса, 2015). Некалькі падборак можна пачытаць тут (пер. Андрэя Хадановіча, Марыі Мартысевіч, Веры Бурлак) і тут.
Віслава Шымборска
Польская паэтка, перакладчыца і літаратурны крытык, адна з самых вядомых польскіх аўтараў. Яе творы перакладзеныя больш чым на 20 моў свету. Перажыла вайну, брала ўдзел у руху «Салідарнасць», свой першы верш надрукавала ў 22 гады і з тых пор паспела надрукаваць не менш за 30 арыгінальных зборнікаў паэзіі.
У 1996 годзе была ўганараваная Нобелеўскай прэміяй «за паэзію, якая з гранічнай дакладнасцю апісвае гістарычныя і біялагічныя з'явы ў кантэксце чалавечай рэальнасці».
Па-беларуску ў Віславы Шымборскай выйшлі зборнікі: «Свет, варты вяртання» (пер. Ніны Мацяш, 1991), «Двукроп’е: вершы» (выдавецтва «Про Хрысто», 2010), «Канец і пачатак: выбраныя вершы» («Логвінаў», 2013, перавыданне — 2023), «Партрэт з памяці» («Гутэнберг», 2024).
Жазэ Сарамагу
Партугальскі пісьменнік і паэт, журналіст, палітычны дзеяч, заснавальнік Нацыянальнага фронту абароны культуры. Яго творчасць прынята адносіць да «магічнага рэалізму» — хаця гэта не той «магічны рэалізм», якім яго стварыў Габрыэль Гарсія Маркес. У Сарамагу большасць твораў напісаныя як прытчы і маюць асаблівасці, праз якія не кожны чытач гатовы прадзірацца: доўгія-доўгія, часам на ўсю старонку, сказы, дзе, канешне, няма ні аднаго лішняга слова, але адсачыць думку ад пачатку і да канца бывае цяжка.
Сваю Нобелеўскую прэмію пісьменнік атрымаў у 1998 годзе — праз год пасля таго, як выдаў адзін з самых вядомых раманаў «Евангелле ад Ісуса», альтэрнатыўную версію біблейскіх падзей.
На беларускую перакладзены іншы яго раман — «Пячора». Ён пабачыў свет у серыі «Noblesse Oblige» выдавецтва «Янушкевіч» у 2019 годзе. Пераклад ажыццявіла Галіна Мітраховіч.
Імрэ Кертэс
Венгерскі пісьменнік і перакладчык габрэйскага паходжання, адзін з тых, каму ўдалося выжыць у нацысцкіх канцлагерах. Сведка свайго часу, ён перанёс гэты досвед у творчасць, якая доўгі час заставалася невядомай, але ў рэшце рэшт здабыла яму сусветную славу.
15-гадовым падлеткам Кертэс прайшоў праз Асвенцым і Бухенвальд, выжыў і вярнуўся ў Венгрыю, дзе падчас камуністычнага рэжыму вымушаны быў зарабляць сабе на жыццё перакладамі. У 2003 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію «за творчасць, у якой далікатнасць асобы супрацьпастаўлена варварскаму дэспатызму гісторыі».
На беларускую перакладзены яго раман «Страчаны лёс» («Галіяфы», 2012) — пра жыццё хлопчыка ў канцлагерах Асвенцым і Бухенвальд, пра яго сталенне і веру ў перамогу дабра.
Архан Памук
Турэцкі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Выступае ў апазіцыі да турэцкіх уладаў па пытаннях генацыду армян і дыскрымінацыі курдаў, за што ўлады неаднаразова падавалі на яго ў суд. У сваёй творчасці разглядае перапляценні заходняга і ўсходняга светаў і канфлікты паміж імі. Яго кнігі перакладзеныя больш чым на 40 моў.
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі 2006 года. На беларускую перакладзены яго раман «Стамбул» («Янушкевіч», 2018).
Герта Мюлер
Нямецкая пісьменніца румынскага паходжання, мастачка, фатограф. Зазнала пераслед румынскіх спецслужбаў і жорсткую цэнзуру. З 1987 года жыве ў Берліне, але па-ранейшаму часта пераносіць дзеянне ў сваіх творах у Румынію.
Уганараваная мноствам прэмій і званняў, сярод якіх, напрыклад, «прафесар паэзіі братоў Грым». Нобелеўская прэмія 2009 года была прысуджана Герце Мюлер за тое, што яна «з засяроджанасцю ў паэзіі і шчырасцю ў прозе апісвае жыццё абяздоленых».
Па-беларуску можна прачытаць урывак з яе рамана «Сэрца звера» (часопіс «Дзеяслоў» №43, 2009), а таксама раман «Сёння я б не хацела з сабой сустракацца», перакладзены з нямецкай Вольгай Гронскай («Янушкевіч», 2021).
Тумас Транстромер
Адзін з самых вядомых у свеце шведскіх аўтараў, той, кім шведы вельмі ганарацца. Цікавы не толькі як паэт і пісьменнік, але і як асоба: ён быў псіхіятрам, працаваў у турме для непаўнагадовых, а таксама меў прафесійную музычную адукацыю. Любоў да творчасці не страціў, нават перанёсшы інсульт: адмыслова для таго, каб пісаць і граць на фартэпіяна, навучыўся валодаць левай рукой.
Аўтар 12 кніг паэзіі і прозы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 2011 года. Беларускія пераклады вершаў Тумаса Транстромера выйшлі асобнай кнігай «Пад вольным небам» у выдавецтве «Зміцер Колас» у 2017 годзе.
Святлана Алексіевіч
Дзіўна бачыць у гэтым спісе беларускую набеліятку, але факт застаецца фактам: яе таксама трэба перакладаць, бо Святлана Аляксандраўна піша па-руску.
Фактычна, няголасна забароненая ў Беларусі, яна дагэтуль застаецца адной з самых чытаемых беларускіх аўтарак — і ўжо дакладна самай вядомай у свеце. На беларускую цалкам перакладзена яе «Чырвоная ўтопія» — усе пяць кніг выйшлі ў выдавецтве «Логвінаў» у 2018 годзе. Але і да таго былі пераклады: «Апошнія сведкі» («Юнацтва», 1985), «У вайны не жаночае аблічча» («Мастацкая літаратура», 1991), «Зачараваныя смерцю» («Беларусь», 1993), «Чарнобыльская малітва» («Літаратурна-мастацкі фонд „Гронка“», 1999), «Час сэканд-хэнд (Канец чырвонага чалавека)» («Логвінаў, 2014).
Кадзуа Ісігура
Брытанскі пісьменнік японскага паходжання. Нарадзіўся ў Нагасакі, але неўзабаве сям'я пераехала ў Вялікабрытанію, і праз 23 гады Ісігура афіцыйна стаў брытанскім падданым. Пісьменнік усё жыццё займаўся літаратурай: вывучаў яе ва ўніверсітэце, пісаў тэксты песень, а пасля сур'ёзна заняўся творчасцю — і як вынік яго раман «Не адпускай мяне» ўваходзіць у сотню найлепшых брытанскіх твораў паводле версіі часопіса «Time».
Нобелеўскай прэміяй быў узнагароджаны ў 2017 годзе, а раней атрымаў «Букера» (1989) і нават быў намінаваны на «Оскар»!
Раман «Не адпускай мяне» можна прачытаць па-беларуску ў перакладзе Ганны Янкута («Янушкевіч», 2019).
Вольга Такарчук
Польская пісьменніца, эсэістка, сценарыстка і паэтка. Псіхолаг па адукацыі, доўгі час працавала псіхатэрапеўтам. Называе сябе паслядоўніцай Юнга, яго погляды ўвасабляе ў творчасці. Аўтарка некалькіх раманаў і зборнікаў апавяданняў. Арганізатарка літаратурнага фестывалю «Горы літаратуры».
Нобелеўскую прэмію атрымала ў 2018 годзе «за апавядальнае ўяўленне, якое з энцыклапедычным запалам паказвае перасячэнне мяжы як форму жыцця».
На беларускую яе творы перакладае Марына Шода. У 2010 годзе быў выдадзены пераклад рамана «Правек і іншыя часы», а ў 2018-м — «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых».
Ані Эрно
Французская пісьменніца, усе творы якой так ці іначай заснаваныя на падзеях яе жыцця. Эрно намагаецца не трымацца традыцыйных поглядаў на французскую літаратуру і піша падкрэслена далёка ад прынятых канонаў. Яе стыль максімальна вывераны, часам нават сухі і пазбаўлены ўсялякіх «упрыгожванняў» тэксту. Менавіта за кошт такой «дакументальнасці» і ствараецца эфект прысутнасці чытача пры той ці іншай гісторыі.
Ані Эрно атрымала Нобелеўскую прэмію ў 2022 годзе «за адвагу і клінічную вастрыню, з якімі яна раскрывае карані, адчужанасць і калектыўныя абмежаванні асабістай памяці».
На беларускую яе раман «Падзея» пераклаў Уладзіслаў Гарбацкі (Вільня, 2021).