Сёння — Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Казкі, якія варта прачытаць дзецям і дарослым

2 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Менавіта ў гэты дзень нарадзіўся адзін з самых вядомых сусветных казачнікаў — Ганс Хрысціян Андэрсан. 

Ганс Хрысціян Андэрсан

Ганс Хрысціян Андэрсан

А яшчэ ў гэты дзень уручаецца прэмія імя Андэрсана — аўтару і мастаку-ілюстратару дзіцячых кніг, чые творы з’яўляюцца важным унёскам у дзіцячую літаратуру. Прэмія ўручаецца раз у два гады, і ў розны час яе атрымлівалі Астрыд Ліндгрэн, Джані Радары, Эрык Кестнер і Туве Янсан.

«Новы Час» падрыхтаваў падборку з дзесяці сучасных беларускіх казак для дзяцей і дарослых.

Глядзіце таксама

Пяць сучасных беларускіх казак для дзяцей

Надзея Ясмінска «Круглыя казкі»

1_nadzeja_jasminska.jpg

«Круглыя казкі» — гэта невялікая кніга з сямі казак у мяккай вокладцы з ілюстрацыямі  Марысі Вярцейкі. У кожнай кароткай гісторыі ёсць нешта чароўнае і смешнае. І круглае, таму кніга і мае такую назву.

Як звычайнаму смаўжу трапіць на каралеўскі баль? Чаму ў адным горадзе на небе ніколі не з’яўляецца месяц? Як зялёны апельсін змяніў цэлы свет? Хто стварыў вясёлку? Разам з героямі кніжкі можна пабываць у розных дзівосных мясцінах і спазнаць незвычайныя прыгоды.

Пятро Васючэнка «Дзівоснае лета паноў Кубліцкага і Заблоцкага»

2_pjatro_vasjuczenka.png

Кніга Пятра Васючэнкі — гэта шаснаццаць казак (яны называюцца «праявамі») пра паноў Кубліцкага і Заблоцкага. Праілюстравала кнігу мастачка Крысціна Баранава. 

З героямі здараюцца розныя прыгоды: яны праелі, прагулялі ўсю сваю гаспадарку, а пасля сеялі рэпу, наседжвалі яйка з-пад Куры-Шчабятуры, змагаліся са Цмокам ды траплялі ў іншыя гісторыі. Гэта панскія авантуры, дзе шмат неспадзяванак, гумару, вясёлых парадоксаў. Яшчэ ў гэтай кнізе закранаецца тэма экалогіі і балансу паміж чалавекам і прыродай. 

Разам з тым аўтар бліскуча «ажыўляе» беларускія фразеалагізмы, стварае з іх цэлыя гісторыі альбо персанажаў, напрыклад, Піліпа з канапель і Макара з цялятамі.

Ягор Конеў «Дамавічкі Шушык і Жуля»

3_jahor_koneu.jpg

Аповесць-казка пра дамавічка Шушыка і дамавушку Жулю, якія жывуць у сяле Зарэчча ў дамку на ўскраіне. Руплівы Шушык любіць ва ўсім парадак, а гарэза Жуля любіць, каб заўсёды было весела. Але паміж сабой яны жывуць у згодзе і разам сочаць за тым, каб людзі ў доме не хварэлі, а свойская жывёла была ў парадку. Дамавічкі сумесна адважваюць ад дома і яго жыхароў усялякае ліха і злыбяду. 

Кожная перажытая імі прыгода знаёміць з багатым светам беларускага фальклору і раскрывае для маленькіх чытачоў важныя рэчы, якія могуць спатрэбіцца ў жыцці — напрыклад, чаму варта бараніць сваё, працаваць у камандзе і вывучаць іншыя мовы.

Кніга выйшла двума накладамі — першы праілюстравала Вікторыя Чарняўская, а перавыданне, у якім яшчэ болей гісторый, — Аксана Аракчэева.

Наталка Харытанюк «Казка пра тое, як Святога Міколу забаранялі»

Ілюстрацыя Лізаветы Ганчаровай

Ілюстрацыя Лізаветы Ганчаровай

Святочная кніга пра Каляды ў Беларусі, якую стварылі беларуская пісьменніца Наталка Харытанюк і ілюстратарка Лізавета Ганчарова.

Твор нарадзіўся з рэальнага выпадку — у Брэсце перад святамі амапаўцы напалі на парад Санта Клаўсаў і некаторых людзей тады затрымалі за бела-чырвоныя кажухі.

Кніга простымі словамі расказвае беларускую гісторыю 2020 году. Зрэшты, гэта старажытная гісторыя: цемра спрабуе ўзяць у палон святло, а святло свеціць з усяе моцы ў адказ. І перамагае. 

Фота Наталкі Харытанюк

Фота Наталкі Харытанюк

«Даўно гэта было. У адным краі забаранілі Святога Міколу. За чырвоны кажух і белую бараду. Бо забаранялі ўсё белае з чырвоным і ўсё чырвонае з белым». На жаль, гэта не казка так пачынаецца. Гэта сапраўднасць, якая здарылася з намі не калісьці там, а летась, і якая ўсё яшчэ нас не адпускае. Толькі нават у самай няказачнай сапраўднасці немагчыма забараніць казку. Немагчыма скасаваць веру. Немагчыма адвучыць людзей глядзець і бачыць», — напісана ў анатацыі да кнігі.

Таццяна Багданава «Мацей і чароўная раса»

5_taccjana_bahdanava.jpg

Кніжка-карцінка пра гноміка Мацея прызначана для самых маленькіх — яна падзыдзе для дзяцей ад трох год.

Сюжэт казкі палягае ў тым, што гномікі, якія адказваюць за дзіцячыя сны, вырошчваюць адмысловыя кветкі і старанна сочаць, каб у сонныя расінкі на раслінах не трапіла нічога дзівоснага. Так было спрадвеку, пакуль аднойчы ўсё не пераблыталася…

Гэта гісторыя пра тое, як важна быць верным сабе і не здавацца нават у безнадзейных абставінах. Бонусам у кнізе ідзе невялічкі даведнік пра асноўныя эмоцыі і заданне на развіццё эмацыйнага інтэлекту ў дзяцей. А яшчэ ў кнізе яркія і буйныя ілюстрацыі, якія стварыла сама аўтарка.

Пяць сучасных беларускіх казак для дарослых

Дзед Янкель «Дзедавы казкі»
6_dzed_jankel.jpg

Кніга перш-наперш цікавая тым, што яна створаная інстаграм-персанажам з нікам dzed_jankiel_. 

Невялікі зборнік казак, гісторый і замалёвак, які, па прызнанню аўтара, «змясціў у сабе неабсяжную любоў да роднага краю, да кожнага беларуса, да Палесся».

У кнізе 175 старонак, на якіх жывуць сорак казак і сорак малюнкаў. Казкі, хутчэй, прызначаны для дарослых, бо не ўсе яны добра сканчваюцца, і не ўсе могуць быць зразумелыя дзецям. Сюжэты некаторых казак вы адразу пазнаеце, некаторыя гісторыі будуць для вас незнаёмымі і незвычайнымі, а ў іншых вас чакае нечаканая развязка.

Альгерд Бахарэвіч «Апошняя кніга пана А.»
7_alherd_baharevicz.jpg

Кніга аднаго з самых папулярных беларускіх пісьменнікаў, якая паспела трапіць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Па сюжэце пісьменнік-даўжнік, каб сплаціць доўг крэдытору, піша казкі — і цэлы месяц кожны вечар чытае іх бессаромным дарослым. З кожным днём казачны свет апавядальніка робіцца ўсё больш рэальным, а рэальнасць, у якой адбываецца дзея, пачынае ўсё больш ператварацца ў казку — так што ўрэшце мяжа між фантазіяй і явай канчаткова сціраецца.

«Я зайздрошчу дзецям. Ім дазволена верыць у казкі, а нам не. Больш за ўсё на свеце дарослыя любяць казкі, але людзям сорамна ў гэтым прызнацца», — кажа герой новай кнігі Бахарэвіча.

Сяргей Календа «Балтыйскія шкарпэткі»
8_sjarhej_kalenda_baltyjskija_szkarpetki._.jpg

«Балтыйскія шкарпэткі» — гэта дзесяць гісторый, у якіх персанажы і рэчы аказваюцца не тымі, кім (ці чым) здаваліся на самым пачатку. Вочы сябра, каханай або сваяка ўспыхваюць іншасветным агнём, і бывае, што толькі смешныя лялькі з панчохі або шкарпэткі ратуюць герояў з пашчы вусцішы.

Казкі на мяжы жахаў і прыпавесці, паўночнай містыкі і біблейскага аповеду. У анатацыі пазначана, што кніга «заснавана на рэальных падзеях, усе супадзенні не выпадковыя».

Ілюстрацыі ў кнізе ствараў сам аўтар — яны атрымаліся яркімі, абсурднымі і фантасмагарычнымі, што вельмі добра дапаўняе тэкст.

Аляксей Кулакоў «Уютные сказки»
9_aljaksej_kulakou.jpg

А вы ведалі, што снег — гэта не крышталікі лёду, а мушкі, што ляцяць з неба і скідаюць белыя кашулі? А тое, што ёсць школа, дзе на ўроках вывучаюць правілы кахання, сяброўства, а яшчэ табліцу павагі? Ці думалі вы, што трэба адправіцца ў падарожжа, каб знайсці сваю мэту? Ці што, калі выйдзеш са свайго пакоя, прадметы ў ёй пачнуць ажываць? 

Аўтар кнігі глядзіць на свет, уключаючы оптыку дзіцёнка, выкарыстоўвае фантазію, каб паказаць незвычайнае ў звычайных рэчах. Зборнік утульных і цёплых казак быў праілюстраваны Алісай Грызун, якой на момант стварэння казак было 13 гадоў.

Адам Глобус «Казкі для дарослых»
10_adam_hlobus.webp

Адам Глобус — майстра ў напісанні кароткіх і ёмкіх гісторый. Гэты зборнік не стаў выключэннем — перад вамі эксцэнтрычныя, жорсткія, абсурдныя, дзівацкія, цынічныя, момантамі эратычныя (без гэтага Глобус быў бы не Глобус) казкі для дарослых.

У іх аўтар пераносіць казачныя прынцыпы і законы ў сучасную рэальнасць, ад чаго на першых старонках мозг проста ўзрываецца. Напрыклад, у адной гісторыі могуць суседнічаць станцыя метро «Купалаўская» і шэраскуры вадзянік, а ў іншай — казіно «Монтэ-Карла» і Сіні пацук.