«Будучыня свету вырашаецца ў дзіцячых пакоях». Сёння нарадзілася Астрыд Ліндгрэн

14 лістапада адзначаецца дзень нараджэння Астрыд Ліндгрэн, шведскай казачніцы, пісьменніцы і феміністкі, змагаркі за правы дзяцей, жывёл, экалагічнай актывісткі. А яшчэ пацыфісткі падчас Другой сусветнай вайны і парушальніцы спакою — буржуазнага, перадусім. Экстравагантнай кабеты, якая не хацела старэць, поўзала па дрэвах, паказвала язык і кпіла з палітыкаў. Яна паводзіла сябе акурат, як і самая вядомая яе гераіня — Піпі Доўгаяпанчоха.

astryd_lindhren__1_.jpg

Пісьменніца нарадзілася ў 1907 годзе і памерла ў 2002-м. Яна сталася сведкай XX стагоддзя і спрычынілася да шматлікіх яго спраў. Ейнае імя, а тым больш імёны яе гераіняў і герояў вядомыя многім дзецям, у тым ліку беларускім: культавыя і дзівосныя творы Ліндгрэн чытаюцца са смехам, а фільмы і мультфільмы суправаджаюцца рогатам. Некалькі беларускіх пакаленняў выгадаваліся на кнігах А. Ліндгрэн: у першую чаргу на «Піпі Доўгаяпанчоха» і «Малы і Карлсан-з-даху». Таксама вядомымі з'яўляюцца дзве іншыя яе кнігі — «Браты Львінае Сэрца» і «Лота». Праўда, яшчэ большая частка беларускіх дзяцей выгадавалася на савецкіх мультфільмах, знятых паводле твораў пісьменніцы.
Смеласць, цікаўнасць і эмансіпаванасць Астрыд праявіліся ўжо ў маладосці: так, у 1920-я гады яна насіла нагавіцы, падкараціла валасы пад карэ, што выклікала здзіўленне і пярэпалах у родным мястэчку. Па ўспамінах самой Астрыд, людзі на вуліцы падыходзілі і прасілі зняць шапку, каб паглядзець на кароткія валасы дзяўчыны і выказаць ёй свае абурэнне. У той час гэта было надзвычай смела. А маладая Астрыд проста так зрэагавала на фемінісцкія павевы з Парыжа. Да таго ж французскія раманы натхнялі будучую пісьменніцу — асабліва раман «Гарсонка» Віктора Маргрыта. Жаночы андрагінны стыль гарсонкі стаў тады надзвычай папулярным на Захадзе, але пераважна ў гарадах. Астрыд жа выбрала такі стыль у мястэчку. Яна рана пачала працаваць, пісаць. Рана зацяжарыла ад свайго боса. Рана сутыкнулася са «светам мужчын», як пазней у лістах азначыць яго сама Астрыд. Тым не менш яна выходзіла з усіх перыпетый аптымісткай, не ўзлаванай на свет і мужчын.

Дзіцячая справа

Безумоўна, мацярынства А. Ліндгрэн паўплывала на інтарэс да дзіцячай справы і ейныя смелыя педагагічныя прапановы (напрыклад, ніколі не лупцаваць дзяцей, размаўляць з імі на ўсе тэмы, не рабіць табу, дазваляць ім дурэць дома, на вуліцы і ў бажніцы, памыляцца і рэалізоўваць мары, не дзяліць гульні на хлапчуковыя і дзяўчынкавыя). Але, як адзначала пісьменніца, не так мацярынства, як безупынная думка, што палюбіла б яна сама ў дзяцінстве, штурхалі яе ствараць незабыўных герояў і выпрацоўваць новую педагогіку, вядомую як «свабодная адукацыя». Так Астрыд заўсёды прыслухоўвалася да дзіцёнка, які жыў у ёй — гэта і стала ключом ейнага поспеху і прызнання з боку дзяцей.
У «Ваенным дзённіку» на тры тысячы старонак, які пісьменніца вяла з 1941-га да 1961 года, ёсць цікавая занатоўка за 1952 год: «Будучыня свету вырашаецца ў дзіцячых пакоях, няма нічога больш пэўнага, чым гэта». Пазней яна дадала, што пакуль мы ігнаруем такую простую праўду, у дзіцячых пакоях гадуюцца будучыя дыктатары. Як маці, як вечны дзіцёнак, Астрыд Ліндгрэн заўсёды і паўсюль гаварыла пра гвалт, пра вайну і пра тое, як гэта звязана з дзяцінствам: усё закладваецца там і ідзе адтуль. Таму яна і пачала пісаць для дзяцей, каб звяртацца наўпрост да іх, а не да іх бацькоў: «Я звяртаюся да дзяцей, таму што лічу, што менавіта тады закладваюцца асновы, якія вызначаюць, ці стане чалавек добрым, прыязным і пацыфістам... а не такім, як Гітлер».
Менавіта ў вайну са страхам перад Гітлерам і Сталіным пры дапамозе дачкі яна стварае Піпі Доўгуюпанчоху. На жорсткасць свету Піпі адказвае смехам і гульнёй — дзейснай формай супраціву, якая адпавядае духу аўтаркі. Прыгадаем, калі гераіня ідзе ў цырк і сустракае Адольфа Моцнага, самага моцнага чалавека ў свеце, яна б'е яго без праблем, а затым смяецца з пагардлівага і тыранічнага чалавека, які размаўляе з нямецкім акцэнтам — гэта спосаб Астрыд Ліндгрэн кінуць выклік страху і перамагчы зло смехам. Цікава, што ў перакладах на іншыя мовы, напрыклад, на французскую, імя дрэннага героя змянілі з Адольфа на Артура.
Тэксты пісьменніцы часта цэнзураваліся такім чынам: хавалася палітычнае пасланне казак, дзяўчаты станавіліся паслухмянымі, пасіўнымі, насілі сукенкі замест нагавіцаў, валасы былі заплеценыя ў касічкі і прыгладжаныя, уводзілася больш маралізатарства. Астрыд разумела, што не заўсёды ейныя кнігі трапляюць адразу да дзяцей — яны часта праходзяць бацькоўскі кантроль. Кніга аб прыгодах Піпі Доўгайпанчохі спачатку і ў Швецыі ў 1943 годзе сутыкнулася з праблемай на стадыі разгляду рукапісу: вялікае стакгольмскае выдавецтва «Баніэр» адмовіла пісьменніцы-пачаткоўцы. Рашэнне выдавецтва зусім не збянтэжыла яе: ёй стала ясна, што звычайныя выдавецтвы нічога не разумеюць у дзіцячай псіхалогіі і не гатовыя працаваць з дзіцячай публікай, і яна яшчэ мацней пераканалася ў сваім пакліканні — пісаць для дзяцей. Твор Астрыд быў прыняты дробным выдавецтвам «Рабэн і Шёгрэн», які прынёс славу не толькі Ліндгрэн, але і самому выдавецтву. Астрыд стала моднай і слыннай пісьменніцай, а ў дадатак галоўнай рэдактаркай дзіцячага сектара выдавецтва, дзе праявіла сябе як паспяховая кіраўніца і знаўца кніжнага рынку. Так, праз фарміраванне кніжнага дзіцячага рынку, пісьменніца змагла ўплываць на маладое пакаленне і яго бацькоў.

Да фемінізму праз дзіцячую літаратуру

Пра свой гуманісцкі фемінізм пісьменніца неаднойчы пісала, лістуючыся з нямецкай сяброўкай, педагогам і спявачкай Луізай Хартунг. Да ўсяго само жыццё Астрыд Ліндгрэн — прыклад эмансіпацыі і фемінісцкага выбару. Гісторыя адмовы друкаваць ейны твор пра Піпі кансерватыўным выдавецтвам па прычыне таго, што выдавец пабачыў у гераіні бунтарства і непавагу да бацькоў і традыцыі, падкрэслівае страх перад парушальніцай буржуазнага спакою і мужчынскага ўладкаванага жыцця. Ну і, зрэшты, самі ейныя гераіні, асабліва Піпі Доўгаяпанчоха, з'яўляюцца прыкладамі, мадэлямі новай дзяўчыны, новай жанчыны ў будучыні, якія ставяць пад сумнеў адносіны ўлады паміж дарослымі і дзецьмі, мужчынамі і жанчынамі і падрываюць гендарныя ўсталяваныя межы. І хоць у саміх творах пісьменніца не ўжывала слова «феміністка» ў дачыненні да Піпі, яна заўсёды гаварыла пра новыя мажлівасці для дзяўчат і жанчын. Ці не ўпершыню ў дзіцячай літаратуры з'явіўся вобраз моцнай дзяўчыны, своеасаблівай дзіва-жоны, смелай і пры гэтым зусім не ўладнай, а шчодрай і добрай.

ascbgtv6sjgplc77rwhbsimdum__1_.jpg

Некалькі пакаленняў шведак выраслі на кнізе А. Ліндгрэн, яны часта выказвалі падзяку пісьменніцы за фемінісцкую адукацыю. Сучаснае Міністэрства адукацыі Швецыі на сваёй старонцы часта спасылаецца на пазітыўны фемінісцкі вобраз Піпі Доўгайпанчохі і раіць новым пакаленням шведаў і шведак чытаць кнігі А. Ліндгрэн. У Бельгіі, Швейцарыі і Францыі пасля новага, бесцэнзурнага, перакладу твораў А. Ліндгрэн нарадзілася новая хваля зацікаўленасці да Піпі Доўгайпанчохі. Бо ў старых перакладах, якія датуюцца 1950-мі гадамі, вобраз Піпі быў зменены, многія ейныя выбрыкі проста выкінуты з твора, а сама дзяўчына падавалася як «ненармальная» і «анархістка». Толькі ў канцы 1990-х гадоў перакладчыкі выправілі ці нават пераклалі нанава тэкст шведскай пісьменніцы. Кур’ёзна, што цяпер Піпі Доўгаяпанчоха сталася новым сімвалам эмансіпацыі і панк-фемінізму ў Бельгіі.

pipi_douhajapanczoha_vokladka__1_.jpg

Варта прыгадаць і беларускі кантэкст: не зважаючы на цудоўны пераклад «Піпі Доўгаяпанчоха» ўсё ж не такая папулярная ў нас, як «Малы і Карлсан-з-даху». І якраз пэўны антыфемінізм грамадства, стэрэатыпная рэклама твора кансерватыўнымі выдавецтвамі ці выдаўцамі сталіся прычынамі меншай папулярнасці твора пра Піпі.

Глядзіце таксама

Не менш фемінісцкай сталася яшчэ адна вядомая фантазійная кніга А. Ліндгрэн — «Роня, дачка разбойніка». Пісьменніца зноў стварыла вобраз моцнай, бясстрашнай гераіні, якая да ўсяго адмовілася ад разбойніцтва, на якое была асуджана. Бясстрашная гераіня, як і Піпі Доўгаяпанчоха, усе праблемы вырашала мірным шляхам. А. Ліндгрэн добра разумела, што стварэнне нетыповых, смелых і моцных вобразаў, якія зацікавяць і натхняць дзяўчат у дзяцінстве — гэта найлепшы шлях да роўнасці і фемінізму ў дарослым жыцці. Такім чынам, шведская казачніца сталася першай, хто выкарыстала дзіцячую літаратуру і як платформу для свабоднай адукацыі, і як прастору для пабудовы гендарнай роўнасці.

Правы жывёл і экалогія

На працягу ўсяго свайго жыцця Астрыд Ліндгрэн паслядоўна выступала супраць несправядлівасці і прыгнёту. У дадатак да сваёй пісьменніцкай кар'еры яна таксама стала своеасаблівым «сумленнем нацыі». Ейныя словы адыгралі значную ролю ў палітыцы: яна паўплывала на некалькі шведскіх законаў як прама, так і ўскосна. Напрыклад, у якасці падарунка на 80-годдзе яна атрымала зусім новы закон аб правах жывёл, які часам называюць «Закон Ліндгрэн». У свой час гэта быў самы строгі закон у падтрымку жывёл у свеце, які меў на ўвазе добрае абыходжанне як са свойскімі, так і з дзікімі жывёламі. Закон таксама абмяжоўваў маштабы прамысловай жывёлагадоўлі. Аднак А. Ліндгрэн і ветэрынарка К. Форслунд, якая дапамагала пісьменніцы ў барацьбе, гэтым не задаволіліся.
Ліндгрэн таксама была добра вядомая сваёй пазіцыяй супраць цялесных пакаранняў у Еўропе. Яшчэ ў 1979 годзе, дзякуючы намаганням і тэкстам А. Ліндгрэн, Швецыя ўвяла закон, які забараніў ужываць цялесныя пакаранні ў дачыненні да дзяцей. У 1994 годзе яна атрымала прэмію Права на існаванне «За прыхільнасць справядлівасці, ненасілле і разуменне меншасцяў, а таксама за любоў і клопат пра прыроду».

astryd_lindhren_na_dreve__1_.jpg

І ў старасці да самай смерці пісьменніца заставалася парушальніцай спакою: магла залезці на дрэва, каб прадэманстраваць, што яна яшчэ не старая, пасмяяцца з савецкага амбасадара, які заявіў, што ейныя кнігі нагэтулькі папулярныя ў СССР, як і Біблія (!), раскрытыкаваць урад за ўступленне Швецыі ў ЕС ці пажадаць у тастаменце быць пахаванай у суправаджэнні белай кабылы з кнігі авантур пра Піпі Доўгуюпанчоху. І яе пажаданне было рэалізавана.