Іконе феміністычнага руху — 75

На мінулым тыдні Швецыя заступіла на юбілейную вахту. У траўні 75 гадоў таму нарадзіўся літаратурны персанаж Піпі Доўгаяпанчоха.

Фота: www.youtube.com

Фота: www.youtube.com


На самай справе, калі быць фармалістам, нарадзілася Піпі на год раней, калі ў траўні 1944-га — на дзясяты дзень нараджэння дачкі Карын яе маці Астрыд Ліндгрэн зрабіла дзяўчынцы незвычайны падарунак. Гэта быў тэкст, напісаны на базе апавяданняў, якія маці распавядала дачцэ перад сном. Аднойчы Карын запатрабавала аповед пра Піпі Доўгаяпанчоха, яна прыдумала гэта імя. Так Астрыд Ліндгрэн пачала складаць гісторыю пра дзяўчынку, якая не падпарадкоўваецца ніякім нормам і правілам.

Літаратары дасюль спрачаюцца, чым натхнялася Ліндгрэн падчас працы над вобразам Піпі. Адны кажуць, што на маладую літаратарку паўплывалі прыгоды Алісы ў краіне цудаў. Іншыя ўзгадваюць кінематограф 1930-х гадоў. Натуральна, нельга не згадаць змрочную атмасферу Другой сусветнай вайны. Таму ў вобразе Піпі мы знаходзім вельмі шмат рысаў пацыфіста, што адказвае на зло добрым гумарам.

Так ці інакш, у лістападзе 1945-га першы выпуск пра прыгоды Піпі пабачыў свет. Кнігу чакаў фурор. У тым ліку дзякуючы ілюстрацыям дацкай мастачкі Інгрыд Ванг Нюман. Яна прыдумала і намалявала знаёмы ўсяму свету тыпаж маленькай рудой дзяўчынкі з вяснушкамі. Канчаткова вобраз Піпі сфармаваўся дзякуючы кіно. Тое, як ролю Піпі выканала шведская дзяўчынка Карын Нільсан у шэрагу серыялаў і фільмаў на мяжы 1970-х гадоў, лічыцца эталонам.

Падчас перакладаў на іншыя мовы (усяго, дарэчы, існуе 77 перакладаў) Піпі чакалі новыя забаўныя прыгоды. Напрыклад, савецкія перакладчыкі вырашылі называць дзяўчынку Пэпі, каб пазбегнуць не вельмі прыемных канатацый у рускай мове. Толькі з 1995 года «Fifi Brindacier» (так завуць Піпі французы) удалося на старонках кнігі падняць цэлага каня. Раней чамусьці гэты фрагмент у кнізе вырашалі падкарэктаваць, і Піпі замест каня падымала поні.

1001004005453977.jpg



Дарэчы, Ліндгрэн, калі даведалася пра гэта, папрасіла выдаўца даць ёй фатаграфію сапраўднай французскай дзяўчыны, якая падымае поні, «таму што гэтае дзіця чакае цудоўная кар’ера па цяжкай атлетыцы». Увогуле, у французскай версіі характар Піпі намагаліся «прычасаць», пазбавіць бунтарска-анархісцкіх элементаў і ператварыць у маленькую лэдзі. Магчыма таму ў Францыі Fifi Brindacier не стала культавай.

Новыя сэнсы набыў вобраз Піпі ў 1960-я гады, калі пачалася барацьба за эмансіпацыю жанчын. Хутка гераіня Астрыд Ліндгрэн ператварылася ў ікону феміністычнага руху. Можна знайсці мноства агітацыйных матэрыялаў тых часоў, на якіх Піпі заклікае жанчын да барацьбы за свае правы або дае адпор гвалтаўнікам і паліцыянтам. «Гэтая кніга заахвочвае пакаленні дзяўчат весяліцца і верыць ва ўласныя здольнасці», — пісала адна з лідарак феміністычнага руху.

Лічаць яе сваёй праз непакорлівыя і неканфармісцкія паводзіны і прадстаўнікі субкультуры панкаў. «Жыве ў паўразбуранай віле і ігнаруе ўсе ўлады! Піпі была анархістам за 40 гадоў да з’яўлення Sex Pistols (піянеры музыкі ў стылі панк)!» — пісалі ў анархісцкім самвыдаце.

У свой час партрэт Піпі быў нават надрукаваны на купюры ў 20 шведскіх крон. Што яшчэ можна зрабіць?

Напрыклад, выхад фундаментальнага зборніка пра ўплыў Піпі на сучасную культуру і жыццё славутых людзей. Напрыклад, вядомы музыка з групы АВВА Б’ёрн Крысціян Ульвэус напісаў, як моцна захапляўся бунтарскімі выхадкамі Піпі ў дзяцінстве, і як моцна хваляваўся, калі яму дазволілі сустрэцца з Астрыд Ліндгрэн шмат гадоў пазней.

3528530_101.jpg



Але ў свой час кніга перажыла і нападкі з боку абаронцаў палітычнай карэктнасці. Так, у 2014 годзе шведская грамадская тэлекампанія SVT падкарэктавала тэлевізійную адаптацыю «Піпі Доўгаяпанчоха» 1969 года. Піпі больш не казала, што яе бацька — «кароль неграў». Па-другое, знік кадр, дзе яна робіць выгляд, што спявае па-кітайску, расцягнуўшы сабе вочы. У адказ SVT атрымала каля 25 тысяч лістоў пратэстаў, аўтары якіх не пагаджаліся з ідэяй выдаліць «састарэлую расавую мову». А вось спадкаемцы Ліндгрэн, якія маюць правы на яе творы, наадварот, пазіцыю студыі падтрымалі.

Між тым, нямецкая прэса жартуе, што свой унёсак у святкаванне дакладна зробяць эстонцы, якія пазнаёміліся з творам Астрыд Ліндгрэн у 1969 годзе. Кніга так ім спадабалася, што тут паўстаў міф пра эстонскае паходжанне пісьменніцы і, адпаведна, яе персанажа Піпі Доўгаяпанчоха.