Названыя новыя лаўрэаты прэміі імя Францішка Аляхновіча

Радыё Свабода і Беларускі ПЭН абвясцілі сем пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе.

unnamed_285.png

У 2021 годзе лаўрэатамі сталі:
Андрэй Аляксандраў. Вершы з-за кратаў. Аляксандр Васілевіч. “Папа и пингвин”. Казкі пра ўнутраную свабоду, напісаныя ў Мінскім СІЗА. Максім Знак. Цыкл турэмных вершаў. Вольга Калацкая. Турэмны дзённік (змешчаны ў фэйсбуку). Святлана Купрэева. Цыкл турэмных вершаў. Мікола Папека. Цыкл турэмных вершаў. Андрэй Скурко. Казкі і вершы для сына.


Журы таксама адзначае творчасць паэтаў Эдуарда Акуліна, Ганны Комар, Уладзіміра Лянкевіча, Дзмітрыя Строцава, Андрэя Такінданга, якая таленавіта інтэрпрэтуе тэмы зла, свабоды, няволі і асабістага выбару.
Новыя творы ў розных жанрах, ад літаратуразнаўства да мемуарыстыкі і прыпавесцей за кратамі ўжо стварылі і працягваюць працаваць Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута, якія ўжо з’яўляюцца лаўрэатамі прэміі імя Аляхновіча (прэмія прысуджаецца аднойчы).
Радыё Свабода і Беларускі ПЭН віншуюць лаўрэатаў, жадаюць найхутчэйшага вызвалення і плануюць правесці ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання ў Беларусі адразу, калі гэта стане магчыма.
Дырэктар Радыё Свабода Аляксандр Лукашук:
“Беларускія пісьменнікі і інтэлектуалы ў сучаснай Беларусі паводле дэфолту палітычныя вязні, нават калі яны не за кратамі. Чытаць іх творы, купляць кнігі, пісаць рэцэнзіі, цытаваць, згадваць, адпраўляць ім лісты — справа не проста маральнай падтрымкі і салідарнасці, а акт супраціву і культуры, пашырэння свабоды і святла”.
Прадстаўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
“Лаўрэаты сённяшняй Прэміі Аляхновіча — гэта толькі невялікая частка людзей, якія сёння пішуць, знаходзячыся ў зняволенні. Літаратура становіцца для іх, з аднаго боку, легальнымі ўцёкамі з турмы, спробай выйсці з той рэальнасці, спосабам перажыць яе ў творчасці. З іншага боку — гэта таксама фіксацыя рэальнасці і помнік нашаму часу і яго героям. У бліжэйшыя гады перад намі як супольнасцю яшчэ будзе стаяць агромная праца па зборы і апрацоўцы турэмнай літаратуры”.
Адрасы ўвязненых лаўрэаўтаў прэміі імя Францішка Аляхновіча можна знайсці тут.
Прэмія заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода і носіць імя драматурга і рэжысёра Францішка Аляхновіча (1883-1944), аўтара кнігі «У капцюрох ГПУ».
Ад пачатку яна ўручалася 10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Летась арганізатары вызначылі новую дату абвяшчэння лаўрэатаў — 15 лістапада, у сусветны Дзень зняволенага пісьменніка, які ад 1981 году адзначае Міжнародны ПЭН. Прэмія ўручаецца аднойчы, журы можа вырашыць не ўручаць прэмію, калі ў нейкі перыяд не з’яўляліся новыя творы турэмнай літаратуры.
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя:
2013: Ігар Аліневіч;
2014: Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фелікс Пекер, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп;
2017: Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў і Леанід Пятрэнка;
2018: Аляксандр Лапшын, Уладзімір Някляеў, Вольга Нікалайчык.
Паводле прэс-рэліза