Топ-10 беларускамоўных дзіцячых кніг, выдадзеных у 2023 годзе

Калі вы не ведаеце, якія кнігі пачытаць разам з дзецьмі, альбо шукаеце дзіцячую кнігу ў падарунак, мы склалі (суб’ектыўны) топ-10 беларускамоўных дзіцячых кніг, якія выйшлі ў 2023 годзе. 

Першая пяцёрка — кнігі сучасных аўтараў, другая пяцёрка — перакладныя выданні. Мы пазначылі рэкамендаваны для чытання ўзрост, але хай гэтая акалічнасць не спыняе вас ад пакупкі ўпадабанай кнігі. Большасць кніг дасяжная як у Беларусі, так і за мяжой.

Аўтарскія кнігі


1. Сяргей Календа «Хлопчык Томчык» 

Рэкамендаваны ўзрост: 2-5 год

Кніга пра штодзённае жыццё малога Томчыка і яго сям’і ў духу Мантэсоры: перадусім павага і ўвага да патрэбаў і стану дзіцяці. Томчык гуляе, выбірае цацкі, плача ад стомы, гуляе ў хованкі і шукае мора — у кожным моманце свайго жыцця ён сустракае спрыянне і падтрымку з боку дарослых. 

Кніга праілюстраваная Марыяй Шэндзель.

2. Надзея Ясмінска «Снегурумі» 

Рэкамендаваны ўзрост: 3+

Гісторыя пра той выпадак, калі хочацца таго, чаго няма. Мія жыве ў цёплым паўднёвым мястэчку і марыць пабачыць сапраўдны снегапад, пакоўзацца на горцы і зляпіць снегавіка. Вельмі зразумелае жаданне — асабліва калі за акном зіма. Але снегу там узяцца няма адкуль. Ці ўсё ж ёсць? А раптам здарыцца цуд і нехта дашле снег па пошце?..

Ілюстрацыі для кнігі зрабіла Святлана Міхалап.

3. Андрэй Скурко «Хачу ўмець чытаць. Вершаваная азбука» 

Рэкамендаваны ўзрост: 4-7 год

Азбука аўтара і перакладчыка Андрэя Скурко — трэцяя ўласная кніга пісьменніка. Дасціпныя вершыкі і яскравыя кніжныя ілюстрацыі дапамогуць вывучыць літары і навучаць складаць словы. У Андрэя ёсць суперздольнасць — знаходзіць з дзецьмі агульную мову. Гартаючы старонкі азбукі, маленькія чытачы пазнаёмяцца з захапляльнымі гісторыямі і змогуць перажыць іх разам з героямі кнігі.

Мастачка кнігі — Вольга Зароўская.

4. Эдзіта Бранцэвіч «Купальскі вянок» 

Рэкамендаваны ўзрост: 6-12 год

Беларускамоўная выхавацелька смаргонскага дзіцячага садка, аўтарка шматлікіх фальклорных і мастацкіх праектаў для дзяцей Эдзіта Бранцэвіч напісала кнігу казак. 

Як дадатак да зборніку далучаная размалёўка.

Мастак кнігі — Раман Плавінскі.

5. Таццяна Сапега, Марыя Каралёва «Скарына дзеткам» 

Рэкамендаваны ўзрост: 6-12 год

Кніга пазнаёміць маленькіх чытачоў з гісторыяй выбітнага беларускага дзеяча — дзеці даведаюцца, дзе ён нарадзіўся, навучаўся, як зацікавіўся кнігадрукам і пачаў друкаваць кнігі сам. Разам з Францішкам Скарынам можна вандраваць па карце Еўропы і даведацца шмат цікавага: як працаваў наборшчык тэксту, ці мелі кнігі Скарыны тытульныя старонкі і навошта ён размясціў у выданні свой партрэт. Заданні пасля кожнай часткі дапамогуць дзеткам замацаваць набытыя веды, а таксама весела прабавіць час. 

Кніга аздоблена ілюстрацыямі Марыі Каралёвай.


Перакладныя кнігі


1. Клайв Стэйплз Льюіс «Хронікі Нарніі. Конь і яго хлопчык» 

Рэкамендаваны ўзрост: 12+ год

Чацвёртая кніга з цыклу «Хронікі Нарніі» расказывае пра хлопчыка Шасту, які быў рабом у Калармэне, і разам з Гаваркім канём Бры, бяжыць у Нарнію. Высвятляецца, што ён — даўно згублены прынц суседняй краіны Адхэнлэнда. 

Мастачка кнігі — Лада Цішкова. З англійскай кнігу пераклала Надзея Кім.

2. «Сіндбад-Мараход» у пераказе Алены Масла

Рэкамендаваны ўзрост: 5-10 год

Сіндбад па мянушцы Мараход — паспяховы і заможны купец. Захапленне прыгодамі і далёкімі краінамі падахвочвае яго адпраўляцца ў рызыкоўныя марскія падарожжы. І кожны раз, пераадолеўшы ўсе цяжкасці, выстаяўшы ў сутычцы з пачварамі, ён вяртаецца дадому пераможцам. Адаптацыю знакамітай арабскай казкі выканала Алена Масла.

На форзацах кнігі змешчаны лабірынт, у якім маленькаму чытачу трэба будзе дапамагчы Сіндбаду выбрацца з небяспечнай пячоры, а таксама гульня, мэта якой — перамагчы дракона!

Неверагодныя ілюстрацыі мастака Уладзіміра Ненава зробяць падарожжа па кнізе яркім і запамінальным.

3. Грэтэ Ротбёль «Вулкан і цялятка, якое выратаваў Пу»

Рэкамендаваны ўзрост: 2-6 год

Гісторыя пачынаецца з таго, што вулкан Нга-Муры ажывае. Пачынаецца вывяржэнне, усе бягуць з маленькай выспы. Усе, акрамя пастуха Пу, які адмаўляецца кінуць тры сотні сваіх кароў. Разам з каровамі ён глядзіць, як чаўны сяброў ператвараюцца ў кропачкі на даляглядзе мора. Але хутка ў Пу з’яўляецца новы сябар — цялятка, што нарадзілася ў яго на вачах…

У гэтай кнізе апавядаецца пра мужнасць звычайнага чалавека, які давярае свайму ўнутранаму голасу, пра адвагу і вялікую радасць узаемадапамогі. 

Ілюстрацыі для кнігі зрабіла Вівека Шогрэн. Са шведскай кнігу пераклаў Дзмітрый Плакс.

4. Свэн Нурдквіст «Вялікая кніга прыгод Пэтсана і Фіндуса»

Рэкамендаваны ўзрост: 3+ 

Гэтая кніга складаецца з пяці розных гісторый пра Пэтсана і Фіндуса — пажылога мужчыны і яго ката. У кнізе вы сустрэнеце і курэй, і кароў, і мюклаў. Вы даведаецеся, што расце ў агародзе Пэтсана, сходзіце ў вандроўку і, магчыма, нават адсвяткуеце дзень народзінаў Фіндуса. 

Ілюстрацыі для кнігі зрабіў сам аўтар — Свэн Нурдквіст. Пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч.

5. Ян Бжэхва «Акадэмія доктара Клякса»

Рэкамендаваны ўзрост: 6+ 

Акадэмія доктара Клякса — гэта школа для хлопчыкаў, але толькі для тых, чые імёны пачынаюцца на літару «А». Замест звычайных прадметаў там вывучаюць літарапрадзенне, лячэнне хворых рэчаў і шмат чаго яшчэ, бо кожны дзень доктар Клякс выдумляе новыя тэмы. Выкладаць знакамітаму чараўніку дапамагае шпак Мацей (а можа, гэта зусім і не шпак?). А вучняў чакае шмат прыгод і дзіўных здарэнняў.

Казачная аповесць польскага пісьменніка Яна Бжэхвы ўпершыню была надрукаваная ў 1946 годзе і з таго часу стала адным з найбольш папулярных дзіцячых твораў, перакладзена на многія мовы і, магчыма, натхняла Джаан Роўлінг пры напісанні кніг пра Гары Потэра. Па матывах кнігі неўзабаве выйдзе фільм для Netflix.

Аповесць напісаная ў форме дзённіка аднаго з вучняў акадэміі — Адама Нязгодкі. А дзякуючы неверагодным ілюстрацыям Лізаветы Лянкевіч складаецца ўражанне, што чытач трымае ў руках акурат гэты самы дзённік, упрыгожаны самім вучнем і не пазбаўлены кляксаў. З польскай кнігу пераклала Алена Пятровіч.