Памёр Яўген Гучок — ён напісаў кнігу пра Беларусь у Магдэбургскім праве
На 84-м годзе пайшоў з жыцця беларускі пісьменнік, краязнавец, выдавец, грамадска-палітычны дзеяч Яўген Гучок. Яго найбольш вядомыя літаратурныя працы – гэта «Паэма дзяцінства», «Сэрцам і думкай», «Беларусь у Магдэбургскім праве», паведамляе reform.by.
З 1971 года на працягу трыццаці гадоў ён быў рэдактарам і вядучым рэдактарам у выдавецтве «Народная асвета». Быў правадзейным сябрам геаграфічнага таварыства СССР, з 1984 года — сябрам Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба «Спадчына».
Удзельнічаў у арганізацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», а таксама Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». Занесены ў Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».
Быў сябрам рэдкалегіі татарскага беларускамоўнага штотыднёвіка «Байрам».
У 2013 годзе Яўген Гучок падрыхтаваў даведачнае выданне «Беларусь у Магдэбургскім праве», якое пабачыла свет у сталічным выдавецтве «Рыфтур Прынт».
Гэтая кніга — працяг даследніцкай працы, якую некалькі дзясяткаў гадоў вёў літаратар. У сваім творы яго позірк палягаў у глыбіню гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і аднаго з самых дэмакратычных атрыбутаў старабеларускай дзяржавы — Магдэбургскага права, ці, іншымі словам, еўрапейскай сістэмы феадальнага гарадскога самакіравання. Для аўтара Магдэбургскае права ў Беларусі-Літве — сведчанне таго, што наш народ ёсць еўрапейскі, бо «хай сабе і латэнтна, але і на сённяшні дзень даюць аб сабе ведаць такія знакі і чыннікі нашых грамадзян-беларусаў (колішніх ліцвінаў), іх інтэлектуальны патэнцыял, паэтычнасць, філасафічнасць, глыбіня і прыгажосць роднай мовы, прыхільнасць да стабільнасці ва ўсіх яе пазітыўных праявах і інш. А сярод іншага яшчэ і тое, што наша зямля прайшла ў свой час школу Магдэбургскага права».
Нельга ў гэтай сувязі не сказаць некалькі слоў пра
апісанне Гучком «магдэбургскага» Слуцка. Аўтар дасканальна распавёў не толькі гісторыю
роднага горада, але і прааналізаваў яго геаграфічнае, эканамічнае і вайсковае
значэнне для ўсёй старабеларускай дзяржавы. Таксама ён раскрывае значэнне
горада як духоўнага і асветніцкага цэнтра, нагадвае пра ўдзел случакоў у
нацыянальна-вызваленчай барацьбе, падтрымцы насельніцтвам Случчыны БНР,
успамінае знакамітых дзеячаў случакоў.