Магдэбургскае права — сведчанне еўрапейскасці

Незалежны беларускі паэт і выдавец Яўген Гучок, які вядомы чытачам па шматлікіх паэтычных зборніках, на гэты раз прапанаваў чытачам нешта зусім адрознае ад звычнага сімвалізму паэтычных радкоў.



vokladka_kn_g_belarus_u_magdeburgsk_m_prave.jpg

Вокладка кнігі “Беларусь у магдэбургскім праве”

Яўген Гучок падрыхтаваў даведачнае выданне “Беларусь у магдэбургскім праве”, якое не так даўно пабачыла свет у сталічным выдавецтве “Рыфтур Прынт”.

Трэба адзначыць, што гістарычная тэма мінулага нашай краіны і роднага Слуцка — шматгадовае захапленне і наканаванне паэта. Таму з-пад яго пяра выйшлі і мелі шырокі чытацкі розгалас такія грунтоўныя эсэ і нарысы, як “Чаму мы страцілі этнонім “Літва”, ці Да гісторыі аднаго рабства”, “Ах, Родчанка”, “Nekropolis”…

Новая кніга Яўгена Гучка — працяг даследніцкай працы, якую некалькі дзясяткаў гадоў вядзе Яўген Сяргеевіч. Гэтым разам яго позірк палягаў у глыбіню гісторыі Вялікага княства Літоўскага і аднаго з самых дэмакратычных атрыбутаў старабеларускай дзяржавы — магдэбургскага права, ці, іншымі словам, еўрапейскай сістэмы феадальнага гарадскога самакіравання. Для аўтара магдэбургскае права ў Беларусі-Літве — сведчанне таго, што наш народ ёсць еўрапейскі, бо “хай сабе і латэнтна, але і на сённяшні дзень даюць аб сабе ведаць такія знакі і чыннікі нашых грамадзян-беларусаў (колішніх ліцвінаў), іх інтэлектуальны патэнцыял, паэтычнасць, філасафічнасць, глыбіня і прыгажосць роднай мовы, прыхільнасць да стабільнасці ва ўсіх яе пазітыўных праявах і інш. А сярод іншага яшчэ і тое, што наша зямля прайшла ў свой час школу магдэбургскага права”.

paet_dasledchik_belaruskaj_g_stori_ja_gen_guchok.jpg

Яўген Гучок

Яўген Гучок у свой час працаваў вядучым рэдактарам ў выдавецтве “Народная асвета”. Мо таму новае выданне адрозніваецца строга вызначанай структурай, дакладнымі звесткамі і фармуліроўкамі, быццам бы з падручніка па гісторыі магдэбургскага права. Але паэтычная натура Яўгена Сяргеевіча не дае аўтару “засушыць” свой нарыс, які, дзякуючы цікавым фактам і эмацыянальным каментарыям і падачай матэрыялу, чытаецца як гістарычная паэма еўрапейскага мінулага нашай краіны. У новай кнізе чытач можа пазнаёміцца з гісторыяй самакіравання ў еўрапейскіх краінах і ў яго пачынальніку — нямецкім горадзе Магдэбургу, а таксама пазнаёміцца з думкамі аўтара наконт уплыву магдэбургскага права на развіццё дзяржавы, у прыватнасці, ВКЛ.

Даведачная частка выдання ўяўляе сабой збор звестак па гарадах і мястэчках, якія ў свой час займелі магдэбургскае права. Аўтар прыводзіць дату надання права, зафіксаваную ў архіўных дакументах, таксама даводзіць, хто з вялікіх уладароў яго надаў, якія выгоды гараджанам ці местачкоўцам даваў гэты прывілей. Думаю, гэтыя звесткі будуць карысныя цяперашнім уладам тых ці іншых “магдэбургскіх” гарадоў ці мястэчак Беларусі ў сэнсе абуджэння гістарычнай памяці, з’яўлення новых магчымасцяў для развіцця мясцовага турызму, рэстаўрацыі помнікаў даўняй архітэктуры.

Нельга ў гэтай сувязі не сказаць некалькі слоў пра апісанне Я.Гучком “магдэбургскага” Слуцка. Аўтар дасканальна распавядае не толькі гісторыю роднага горада, але і аналізуе яго геаграфічнае, эканамічнае і вайсковае значэнне для ўсёй старабеларускай дзяржавы. Таксама Я. Гучок раскрывае значэнне горада як духоўнага і асветніцкага цэнтра, нагадвае пра ўдзел случакоў у нацыянальна-вызваленчай барацьбе, падтрымцы насельніцтвам Случчыны БНР, успамінае знакамітых дзеячаў случакоў…

Сам аўтар па завяршэнні сваёй кнігі нагадвае і выбачаецца, што, магчыма, не ўсе “магдэбургскія” гарады і паселішчы трапілі ў яго “паслужны” спіс. Сапраўды, ў кнізе Я. Гучка ёсць такая гістарычная “прагаліна”. Гэта Чачэрск, што ў Гомельскай вобласці, які ў 1510 зрабіўся цэнтрам Чачэрскага ваяводства і атрымаў магдэбургскае права, а з ім герб і ратушу, якая захавалася з тых часоў амаль у нязменным выглядзе. Думаю, у наступным перавыданні кнігі гэтыя і іншыя дадатковыя звесткі па магдэбургскім праве ў Беларусі будуць выкарыстаны з карысцю для чытачоў.

Аналізуючы змест кнігі, шматлікія гістарычныя звесткі, змешчаныя ў ёй, параўноўваючы тагачасную феадальную рэчаіснасць і сучасны стан гарадскога самакіравання ў Беларусі, прыходзіш да несуцяшальных высноў: калі ў краіны з’явіцца патрэба ў рэальным самакіраванні, у многім прыйдзецца пачынаць з “нуля”. Дзякаваць Богу, што ў Беларусі памятаюць каштоўнейшы гістарычны вопыт гарадскога самакіравання — магдэбургскае права.