Маленькі прынц вялікай любові

81 год таму ў далёкім Нью-Ёрку пабачыла свет самая шчырая і самая кранальная казка, якую любяць мільёны людзей ва ўсім свеце.

Пераклады «Маленькага прынца» на розныя мовы свету

Пераклады «Маленькага прынца» на розныя мовы свету

«Мы ў адказе за тых, каго прыручылі», — крылатая фраза, у якой ёсць свой аўтар і свая крыніца, самая вядомая ва ўсім свеце філасофская казка «Маленькі прынц» французскага пісьменніка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Гэта тэкст, у якім ад традыцыйна казачнага, быць можа, толькі асобныя дэталі, а насамрэч ён вельмі жыццёвы, вельмі пра нас — і менавіта таму яго так любяць. Выдадзены 6 красавіка 1943 года, у самы разгар вайны, «Маленькі прынц» да сённяшняга дня застаецца самай перакладаемай кнігай (пасля Бібліі, вядома), і яго тыраж складае каля 80 млн асобнікаў. Далёка не кожная кніга можа пахваліцца такім поспехам! У чым жа сакрэт?

«Усе дарослыя спачатку былі дзецьмі (праўда, мала хто з іх памятае пра гэта)», — з гэтых слоў пачынае Сэнт-Экзюперы сваю казку, і менавіта ў іх закладзены ключ да чытання «Маленькага прынца». Усё, што расказваецца далей, усе гэтыя зусім не дзіцячыя тэмы пра любоў, смерць, пошук дому і г. д. — усё гэта пазбаўлена «даросласці», той, якая стаіць заслонай перад вачыма і ў памяці і не дае нам быць такімі, якімі могуць быць толькі дзеці: з адкрытымі сэрцамі, бясстрашнымі перад болем і праблемамі, адважнымі ў пошуку сябе і свайго месца і адчайнымі ў любові.

Дарослыя стварылі мільёны кніг, песень і карцін пра любоў і надзею, у кожнага з іх хоць раз у жыцці здаралася свая казка, якая пасля аказвалася зусім не казкай і пазбаўляла дарослага веры ў цуды, а гэта вельмі важнае адрозненне: што б ні здаралася, дзеці захоўваюць сваю веру — і ў рэшце рэшт усё спраўджваецца. 

Унутры кожнага і кожнай з нас жыве маленькі дзіцёнак, які хоча любові і ласкі і якога мы забываем песціць, таму што няма калі, няма часу, сіл, абставіны, трэба бегчы, круціцца, зарабляць грошы, гадаваць сваіх дзяцей, рабіць рамонт, браць крэдыт... Маленькі прынц вандруе з намі з планеты на планету, ад самазакаханых каралёў да безнадзейных п'янчуг, але аднойчы стамляецца і сыходзіць. І тады мы застаемся сам-насам з пустэчай, якую ўжо нічым не запоўніць.

«Дарослыя любяць лічбы. Калі ім распавядаеш пра свайго новага сябра, яны ніколі не пытаюцца пра галоўнае. Яны ніколі не пацікавяцца: "Які ў яго голас? Якія гульні ён любіць? Ці збірае ён калекцыю матылькоў?" Яны пытаюцца: "Колькі яму гадоў? Колькі ў яго братоў? Колькі ён важыць? Колькі зарабляе ягоны бацька?" Толькі тады яны адчуваюць, што пазнаёміліся з чалавекам». Я часта згадваю гэтую цытату, калі размаўляю з дзецьмі. Мне зусім не хочацца быць тым, каго цікавіць толькі вонкавае, павярхоўнае. Намагаюся ўгледзецца, убачыць сутнасць — слана, якога праглынуў удаў, а не шляпу — і разумею, што ўжо развучыўся, і без дапамогі дзяцей мне назад не вярнуцца. А навошта вяртацца? Свет, у якім людзей цікавіць толькі тое, хто і колькі зарабляе, хто што мае і хто з кім спіць, нязменна коціцца ў прорву дыктатуры, жадання аднаго быць над іншымі — зарабляць больш, мець больш, кантраляваць, падлічваць, адбіраць. У такім свеце ўжо не вядзецца пра любоў, клопат, пяшчоту. Яны знікаюць вельмі хутка, і потым іх амаль немагчыма вярнуць назад.


img_2801_1_logo.jpg

Такія кнігі, як «Маленькі прынц», нагадваюць нам пра штосьці вельмі важнае, няўлоўнае, што мы губляем у шалёным рытме «дарослага» жыцця. Сэнт-Экзюперы стварыў цэласны свет, у якім няма месца злому, але ёсць любоў, сяброўства, адносіны, як шаўковымі ніткамі, пераплеценыя адказнасцю, клопатам, жаданнем зразумець, пачуць і дапамагчы. Верагодней за ўсё, таму аўтар не аддаў ва ўладанне свайго героя якую-небудзь сапраўдную планету, а выдзяліў яму маленькі астэроід — таму што створаны ім свет занадта чужы для таго, каб доўга існаваць і быць прыкладам, як Зямля, на якой ідзе вайна і падбіты лётчык можа загінуць у пустыні, стаўшыся яе ахвярай.

«— На тваёй планеце, — сказаў Маленькі прынц, — людзі вырошчваюць па пяць тысяч ружаў у адным садзе... і не знаходзяць таго, чаго шукаюць...

— Не знаходзяць... — згадзіўся я.

— А тое, што яны шукаюць, можна знайсці ў адной толькі ружы — альбо ў глытку вады...

— Твая праўда, — згадзіўся я.

А Маленькі прынц дадаў:

— Вочы сляпыя. Шукаць трэба сэрцам».

Кніга вяртае сваім чытачам іншы погляд на рэчы, мяняе оптыку — з разважлівай, выверанай, цынічнай даросласці да наіўнага, шчырага, імпульсіўнага дзіцячага, таго, якое яшчэ не ўмее хлусіць, выварочвацца, падладжвацца і гнацца за выгадай. І гэта магла б быць адна з тых утапічных гісторый, якімі кармілі савецкіх школьнікаў — пра ўсё добрае без усяго дрэннага — але Сэнт-Экзюперы не хавае дрэннага. Наадварот, глядзіце: вось вам дэспатычны кароль, які не адпускае сваіх падданых і патрабуе прыгаворваць да смерці старога пацука; вось дзелавы чалавек, які валодае зоркамі — і яго больш нічога не цікавіць, акрамя таго, як бы прыдбаць яшчэ і пакласці ў банк; вось стары географ, які піша таўшчэзныя кнігі пра падарожжы і краіны, але сам нідзе не бываў. Дрэннага шмат, але яно вакол — і нібыта не бярэцца да чыстага, светлага хлопчыка, які клапоціцца пра сваю планету, умее прыручаць і кахае ружу.


Глядзіце таксама

Гэта магла б быць адна з тых традыцыйных казак, у якой дабро змагаецца са злом і ў рэшце рэшт перамагае, але на тое яна і незвычайная гэтая казка, што ў ёй ніхто ні з кім не змагаецца (хіба што недзе там, па-за радкамі, войскі лётчыка ваююць са сваім ворагам), дабро суіснуе побач са злом, якое нават не выглядае як зло — проста бывае вось так. Бывае, што баабабы могуць разарваць планету. Бывае, што змеі могуць кусацца — і часам са смяротнай атрутай.

Казка Сэнт-Экзюперы не мае хэпі-энду. У вельмі празаічным разуменні можна сказаць, што, стаміўшыся жыць удалечыні ад свайго дому і сваёй каханай, Маленькі прынц учыняе самагубства. У метафарычным сэнсе, які прапануе нам аўтар, яго герой вяртаецца дадому — туды, куды яму так хацелася і адкуль ён будзе свяціць адной з мільёнаў зорак, якія пасля такога для лётчыка набудуць свой сэнс:

«— У кожнага чалавека — свае зоркі. Адным людзям — тым, хто любіць падарожнічаць, — зоркі паказваюць дарогу. Для іншых гэта проста маленькія светлячкі. Вучоным яны — задачы, якія трэба рашыць. Майму дзялку яны — золата. Але ва ўсіх людзей зоркі нямыя. У цябе ж будуць зоркі, якіх не будзе ні ў каго на свеце...

— Як гэта?

— Ноччу, калі ты будзеш глядзець на зорнае неба, дзе будзе і тая зорка, на якой жыву я і на якой я смяюся, для цябе — бо ты не будзеш ведаць, дзе мая зорка, — для цябе гэта будзе тое самае, як калі б табе смяяліся ўсе зоркі. Такім чынам, у цябе аднаго будуць зоркі, якія ўмеюць смяяцца!»


Глядзіце таксама

У «Маленькага прынца» няма хэпі-энду. Дачытаўшы да апошніх радкоў, я закрываю кнігу, глыбока ўздыхаю і магу яшчэ доўга сядзець, прыглушаны глыбінёй таго, што расказана на ста старонках любімага твора. У словы не змяшчаецца ўсё, што дзеецца ўнутры ў гэты момант, ды й наўрад ці такое трэба абмяркоўваць. Проста прачытайце, пазнаёмцеся з Маленькім прынцам, і ён абавязкова навучыць вас любіць.