Кніга — лепшы антыдэпрэсант: топ-10 кніг, якія дапамогуць супакоіцца

Калі хочацца перавесці дых, адцягнуць увагу ад навін і навакольнага свету, кніга — найлепшае выйсце! «Будзьма» сабралі спіс кніг, з якімі можна на нейкі час забыць пра свае перажыванні і пачаць дыхаць больш роўна.

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц


Калі стрэс робіцца звыклай часткай штодзённасці, перабіраеш усе спосабы барацьбы з ім. Шпацыры, спорт, шакалад, паплакаць, напісаць шчыры пост — кожнаму сваё.

Не варта скідаць з рахункаў і чытанне. Спосаб адзін, а працуе па-рознаму: і як медытацыя, падчас якой мозг адключаецца ад гнятлівай завядзёнкі, і як сродак эскапізму, і — як сеанс рацыяналізацыі: чытаеш, напрыклад, работу па антрапалогіі, і разумееш, чаму малпа паводзіцца як малпа.

«Будзьма» прапануе спіс беларускіх кніг, якія могуць дапамагчы супакоіцца і зняць псіхічнае напружанне.

Для забыцця і рэлаксацыі

«Радзіва «Прудок», Андрусь Горват

Лідар спісу, безумоўна, «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата. Кніга таму і стала такой папулярнай і горача любімай, што дае камфортнае адчуванне спакою ды абароненасці. Вёска для беларусаў — не толькі абрыдлы літаратурны стэрэатып, але Пачатак Пачаткаў і Песня Песень. Цяжка знайсці беларуса, які б не быў з ёю звязаны. І калі толькі ты не вядзеш крымінальныя хронікі ў хойніцкай раёнцы, то да вёскі маеш салодкі сантымент: там бабуля, цёплая печ, бульба ў гаршэчку, прырода, паветра свежае... Прыгажосць! І людзі мілыя, простыя, свойскія. І жыццё — такое зразумелае, ціхае і размеранае... Так, прынамсі, выглядае ідэалізаваная карцінка, якая ў «Радзіве» Горвата паўстае не раз. Канешне, не абыходзіць аўтар і праблем, але ўсё адно вёска ў яго — гэта Космас, прычым не халодны і пусты, а рамантычны. Кніга-рэлакс, празаічная версія песні «Простыя словы, простыя рэчы». Да ўсяго, тэкст аздоблены нязлым чуллівым гумарам.

1_654.jpg


Сусветная класіка ў перакладах Паўла Касцюкевіча

І калі ўжо размова зайшла пра гумар, нельга абысці сусветную класіку ў перакладах Паўла Касцюкевіча. Гэта не зусім беларускія кнігі, строга кажучы, але ёсць нюанс: небеларускія гэтыя тэксты ў арыгінале, але варта Касцюкевічу перакласці іх на свой манер, як прыгоды англійскіх джэнтльменаў ці касмічная адысея пачынаюць гучаць па-нашаму. Таму раім да прачытання «Аўтаспынам па галактыцы», «Трое ў чоўне і пёс з імі», «Падарожжы Беньяміна ІІІ», «Раптам стук у дзверы» — ці ўсё запар, ці штосьці з пералічанага. Галоўнае — пачаць. Калі спадабаецца штосьці адно, значыць, «зойдзе» і астатняе. У спрытных руках Касцюкевіча і Дуглас Адамс, і Джэром Клапка Джэром, і Мендэле Мойхер-Сфорым, і Этгар Керэт робяцца сваімі ў дошку хлопцамі, з якімі можна пагутарыць пра жыццё і пасмяяцца да слёз, а то і праз слёзы.

2_606.jpg


Касцюкевіч гарантуе ачышчальную смехатэрапію, пасля якой можна звярнуцца і да яго ўласных тэкстаў. У перакладах і ў сваёй прозе Касцюкевіч гучыць у адной танальнасці. Гэтым яго, дарэчы, і папікалі: маўляў, Джэром у Касцюкевіча болей Касцюкевіч, чым Джэром. Але і нам з вамі патрэбна не навуковая дакладнасць, а псіхалагічная падтрымка.

«Здубавецця», Рыгор Барадулін

Трэцяе ў спісе — «Здубавецця» — апафеоз беларускага раблезіянства. Кніга дэманструе непарадны бок Рыгора Барадуліна, тую частку яго асобы, што ўзрасла на вушацкім фальклоры. Уласна, гэта і ёсць зборнік вушацкага фальклору, перлы народнага гумару, кропля якога здольная забіць каня высокай маралі. Бо вушацкія дзеўкі і мальцы «Рэчы ўсе называлі так, / Як назвацца хацелі рэчы». Ніякіх эўфемізмаў, голая праўда. Як гэтага не хапае цяпер!.. Барадулін ведаў, што ў дасціпных «непрыстойных» песеньках, вершыках і прымаўках схавана соль беларускага характару, а калі браць шырэй — натуры чалавека. Кажучы прасцей, «Здубавецця» — сродак адвесці душу, адкінуўшы ўсялякую прыстойнасць.

Цыкл кніг «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага», Пятро Васючэнка

Аднаго поля ягада са «Здубавеццем» — серыя кніг Пятра Васючэнкі пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага, але Васючэнка зрабіў больш хітра і тонка. Барадулін даў выказацца вушацкаму чалавеку наўпрост, стаў медыумам паміж светам нізавым і кніжна-«высокім». Васючэнка тую самую жыццесцвярджальную народнасць даследаваў, засвоіў і перарабіў на казачны лад. У прыгодах паноў Кубліцкага і Заблоцкага спалучаецца неспалучальнае: дзіцячая казка, экалагічная асвета, маніфест гуманізму, прыгодніцкі абсурд, філалагічны гумар і экзістэнцыйная драма.

3_541.jpeg


Серыя кніг адрасавана аднолькава дзецям і дарослым, для кожнага прыхаваны свой мэсэдж і свая доля гумару. Пятро Васільевіч лекуе словам, адначасова вясёлым і светлым. Прыгоды паноў не толькі забаўляюць, але нагадваюць, што такое быць Чалавекам. І што гэта — правільна.

«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», Ян Баршчэўскі

The last, but not least — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», напісаная Янам Баршчэўскім амаль 180 (!) гадоў таму. Клічнік у дужках абумоўлены тым, што часавы прамежак паміж намі і Баршчэўскім выглядае трагічна, калі супаставіць яго з працэнтам змен у ладзе жыцця беларуса.

4_505.jpg


Прасцей кажучы, нічога не змянілася. Усё тыя ж дэманы лунаюць над душамі беларусаў, усё тыя ж цмокі сілкуюцца чужой крывёю, каб узбагаціцца, і Варгіны вуркочуць так, што жамяра плодзіцца ў пустых галовах. З аднаго боку, аповесць Баршчэўскага — вострасюжэтны псіхалагічны трылер, містычная забаўка і сродак незаўважна змарнаваць бяссонную ноч. З іншага — складаная вялізная метафара, якая плаўна падводзіць нас да другой часткі спісу — да

пяці кніг, якія дапамогуць усвядоміць, хто мы і куды ідзём.

«Йопыты двух маладых нелюдзяў», Сяргей Пістончык

Тэкст экстравагантны і цяжкадасяжны: гэта бібліяграфічная рэдкасць, электроннай версіі якой не існуе ў прыродзе. Прынамсі, мы яе не знайшлі, але знайшлі ўрыўкі ў рэліктавым блогу аўтара Сяргея Пістончыка (Асцярожна! Нецэнзурная лексіка з мастацкай мэтай). Тым не менш «Йопыты» згадаць неабходна, бо, нягледзячы на сваю хуліганскую форму, кніжка трапляе ў самую сутнасць беларускага «элехтарату». Пістончык (ён жа Прылуцкі) выпісвае трагікамічныя тыпажы завадчан і касірак, алкаголікаў і побытавых тыранаў, якія складаюць асноўную масу беларускага грамадства. Пачытаўшы «Йопыты», калі пашчасціць іх прыдбаць, вы не толькі пасмеяцеся, але зразумееце, чаму ў 1994 годзе мы сталі на шлях, які завёў нас у цяперашняе становішча.

6_347.jpeg


«Райцэнтр», Таня Скарынкіна

Таня Скарынкіна — майстар лірычнай замалёўкі ў прозе і вершы. Увага да някідкай дэталі, шкадаванне кожнай жывой душы, спроба ўсё зразумець і аб’яднаць у зладжаную сістэму — вызначальныя рысы мастацкага свету Скарынкінай. У «Райцэнтры» ўсё тое ж, але канкрэтна ў гэтым спісе для нас важна вось што: аўтарка апісвае вялікія і маленькія беды і няшчасці людзей, што жылі і паміралі ў Смаргоні. Ціхі райцэнтр выступае мадэллю ўсёй Беларусі: тыя ж войны, рэпрэсіі, смерці, расстанні, рабаванні і страты, толькі ў меншых маштабах, і гэта нават страшней, бо тут бачны кожны асобны твар, тут ведаеш ахвяр пайменна. І пры гэтым кніга зусім не выглядае трагічнай. Справа ў асаблівай Танінай інтанацыі і поглядзе, поўным любові. Ейнае імкненне ўпарадкаваць хаос цудадзейна ўплывае на чытача: аповед ідзе нібыта пра сумнае, але на сэрцы светла і спакойна. Бо ўсяму сваё месца, свой час, свая роля. Нішто не выпадковае. Сёння табе страшна і сумна — але гэта частка шляху, на якім яшчэ будзе добрае.

7_249.jpeg


«Архіпелаг Беларусь», Валянцін Акудовіч

Цяжкая артылерыя ў гэтым шэрагу. Яшчэ ў 1994 годзе ён расклаў па паліцах адказы на пытанні па гісторыі Беларусі, паходжанні беларусаў, палітычнай сітуацыі ў краіне, нашых перспектывах... Спрачацца з ім, канешне, можна, і нават трэба, бо, як вядома, у спрэчцы нараджаецца ісціна. Хтосьці не пагодзіцца з думкай пра тое, што Беларусь выключна беларускай быць не можа, што гэта ўтопія; хтосьці аспрэчыць мадэль краіны-архіпелага, дзе людзі разрозненыя, грамадскія супольнасці вытыркаюцца астравамі, і толькі культура, толькі ідэя і кнігі яднаюць іх. Істотна не гэта; галоўнае, што вы можаце паглядзець на чужыя адказы на важныя пытанні, якія сёння не даюць спакою, і, адштурхоўваючыся ад іх, сканструяваць свае.

8_166.jpg


У няпэўнасці жыць цяжка. Кніга Акудовіча дае шанец на ідэйны грунт пад нагамі.

«Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы і «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» Сяргея Абламейкі

Маральную падтрымку з боку дакументалістаў забяспечаць «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы і «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» Сяргея Абламейкі. У абедзвюх кніг ёсць тры перавагі: па-першае, іх можна вольна спампаваць; па-другое, кнігі свежыя, прынамсі, апошніх пяці гадоў («БНР» выйшла ў 2018-м, «Менск» — летась); па-трэцяе, яны дакументальныя, так што можна адкінуць аўтарскія інтэрпрэтацыі, узяць факты, якіх у кнігах звышмеры, і зрабіць свае высновы без пасрэднікаў.

«Падарожжа ў БНР» — іранічны аповед пра інтрыгі, скандалы і пакутнае станаўленне Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут ёсць месца як пафасным палітычным маніфестам, так і барацьбе за самавар (літаральна). Вы ўбачыце, што няма нічога фатальнага ў цяперашніх міжсабойчыках дэмакратычных сіл: усё гэта толькі вынік чалавечай натуры, усё гэта, як Караткевіч, было, ёсць і будзе.

«Невядомы Менск» — гісторыя пра тое, якой насамрэч была беларуская сталіца і як яе знішчалі (збольшага — бальшавікі, войны і пажары — на другіх ролях). Сумна, канечне, што горад страціў еўрапейска-сярэднявечнае аблічча з яго рамантыкай і турыстычнымі маршрутамі. Але кніга не толькі выклікае адчай: вы зразумееце, хто, чаму і навошта сёння замалёўвае «няправільныя» муралы, зразае стужкі і баіцца пэўных спалучэнняў колераў. Вы ўбачыце, што гэтая гісторыя вынішчэння і заціскання — даўняя, стракатая, зацятая, і не заўжды перамагае Галіяф.

9_134.jpg


Натуральна, наш спіс неідэальны: чагосьці ў ім не стае, штосьці вы палічыце лішнім. Але за чарнавік яго ўзяць можна. І скласці свой ідэальны спіс.