Адзін з найлепшых твораў сучаснай польскай прозы — цяпер па-беларуску

У выдавецтве «Янушкевіч», нягледзячы ні на што, 31 студзеня выходзіць новая кніга — знакаміты раман польскага пісьменніка Шчэпана Твардаха «Кароль» у перакладзе Міколы Раманоўскага, паведамляе "Кнігаўка". Кніга не выйдзе ў Беларусі — такія зараз абставіны...

152125617_1925485024258394_3666847163370436106_n.jpg

Твардах сёння — ключавая фігура сучаснай польскай літаратуры. Яго феномен выяўляецца ў рэдкім спалучэнні — шалёнай папулярнасці ягоных твораў, кожны з якіх становіцца медыйнай з’явай і, з іншага боку, высокай планкай самой літаратуры — сюжэт, стыль, лексіка тут на такім узроўні, што ловіш самы сапраўдны мастацкі кайф.

Твардах вядомы сваёй бескампраміснасцю — усведамляючы сябе сілезцам па нацыянальнасці, ён жорстка крытыкуе дзяржаўную палітыку варшаўскіх колаў, выкрываючы яе заганныя бакі, за якімі часта хаваецца ўра-патрыятызм, фальш і крывадушнасць. Такі ён і ў літаратуры — не шкадуе вострых слоў для крытыкі мінуўшчыны і сучаснасці.

Любімы час Твардаха — першая палова ХХ стагоддзя. Ён па-майстэрску адкрывае пераломныя падзеі, паказвае “маленькага чалавека” на фоне катаклізмаў, якія спазнавала Еўропа. Лёс звычайнага чалавека пры няпростым выбары ідэнтычнасці — нацыянальнай, класавай, культурнай — цэнтральная тэма твораў пісьменніка.

“Кароль” — якраз такі раман. Чытач апынаецца ў Варшаве 1937 года. Гэта час вялікага напружання, калі польскае грамадства ўсё больш трапляе пад уплывы фашысцкіх ідэй з Германіі. Сталіцу раздзіраюць розныя класава-палітычныя супярэчнасці і нацыянальныя канфлікты — польскія радыкальныя нацыяналісты супраць сацыялістаў, палякі супраць яўрэяў.

На гэтым фоне разыгрываецца драма, ад якой не адарвешся да апошняй старонкі. З аднаго боку, ты чытаеш баявік, сапраўдны экшн, дзе не бракуе страляніны, гвалту і сексу. Але для аўтара ўсё гэта толькі інструменты для пастаноўкі ўніверсальных, векавечных пытанняў, на якія чалавек, як бы ён не ўзвысіўся ці застаўся “маленькім”, вымушаны адказваць усё сваё жыццё.

Не прапусціце адзін з найлепшых твораў сучаснай польскай прозы. Задавальненне ад чытання вам гарантавана — тут ёсць усе прыкметы выдатнай літаратуры найвышэйшай пробы.

Малюнак з Фэйсбука выдавецтва "Янушкевіч"

Малюнак з Фэйсбука выдавецтва "Янушкевіч"