Асабісты Топ 4 антываенных кніг
Гэта дастаткова асабісты топ. Ён цалкам суб'ектыўны і не прэтэндуе ні на што болей. Тут ёсць два «абавязковых» у кожнай антываеннай падборцы рамана і ёсць два зусім там не абавязковых.
Літаратурныя перавагі ўвогуле рэч суб'ектыўная. Чаму менавіта чатыры, а не тры ці пяць ? У мяне адказу няма. Хіба зараз да магіі лічбаў ?
«На Заходнім фронце нічога новага» Эрых Марыя Рэмарк
Пачну з, мабыць, найбольш вядомага ў заходняй літаратуры антываеннага твора. Эрых Марыя Рэмарк належаў да так званага «страчанага пакалення» і быў адным з найбольш яскравых яго прадстаўніком. Гэта было пакаленне людзей, якія практычна са школьнай лавы адправіліся ў акопы Першай сусветнай. Аўтар адмыслова пачынае раман з паказу бытавога моманту жыцця салдат — абеду, імкнучыся праз гэта паказаць, як вайна пераўтвараецца для іх з кашмару ў штодзённасць, руціну. Расказ вядзецца ад імя 19-гадовага Паўля Боймера, які, нягледзячы на ўзрост, ужо амаль ветэран. На пачатку вайны ён, як і практычна увесь яго клас, запісаўіся добраахвотнікамі на вайну.
Неўзабаве Паўль атрымлівае звальненне і едзе дадому наведаць бацькоў. Маці цяжка хворая. Бацька ж марыць паказаць сына ў мундзіры сваім сябрам, але Паўлю ні з кім не хочацца нават размаўляць аб вайне. У піўных, куды герой рамана заходзіць час ад часу, патрыятычна настроеныя бюргеры, якія не чулі не адзінага стрэлу, вядуць эмацыйныя размовы аб хуткай перамозе Германіі і неабходнасці анексіі розных тэрыторый Францыі, Бельгіі і Расіі. Усе яны ўспрымаюць Паўля як героя, частуюць яго цыгарэтамі.
Паўль вяртаецца ў частку, дзе яму і іншым яго таварышам па службе выдаюць новенькую форму з нагоды прыезду кайзера, але каранаваная асоба іх не ўражвае. Яго зноў адпраўляюць на фронт, на перадавую, у самае пекла. Адзін за адным гінуць яго аднакласнікі. У выніку, Паўль застаецца адзіным жывым з амаль цэлага класа, які пайшоў на вайну.
Раман заканчваецца смерцю галоўнага героя ў кастрычніку 1918 года, літаральна напярэдадні заканчэння вайны. «Калі на ўсім фронце было так ціха і спакойна, што вайсковыя зводкі складаліся з адной толькі фразы: «На Заходнім фронце нічога новага».
«Па кім званіць звон» Эрнэст Хэмінгуэй
Яшчэ адзін сусветна вядомы прадстаўнік «страчанага пакалення». Яго раман «Па кім звоніць звон» апавядае пра амерыканскага добраахвотніка-рэспубліканца Роберта Джордана, падрыўніка, які атрымаў загад ад камандавання падарваць мост падчас наступлення рэспубліканцаў на Сеговію. Але мост ахоўваецца салдатамі генерала Франка. Джордан з дапамогай мясцовага правадыра Ансэльме трапляе ў атрад партызан-антыфашыстаў. Ён павінен пераканаць іх камандзіра Пабла ў неабходнасці падтрымаць дыверсію. Пабла доўга адмаўляецца, спасылаючыся на немагчымасць перамагчы значна лепш ўзброеных франкістаў. Але на дапамогу Джордану прыходзіць жонка Пабла, бескампрамісная Пілар, якую ў выніку партызаны абіраюць камандзірам свайго атрада замест яе бесхрыбетнага мужа.
Адзін з самых цяжкіх момантаў кнігі, гэта аповед Пілар аб пачатку вайны ў іх з Пабла родным мястэчку. Джордан угаворвае жанчыну расказаць яму, дзе яна знаходзілася, калі ўсё пачалося. Пілар доўга адмаўляецца. «Можа быць, табе, Ingles, будуць сніцца дрэнныя сны?»
Яна распавяла аб тым, як у яе родным гарадку пасля перамогі над узброенымі гвардзейцамі, якія адмовіліся прысягнуць Рэспубліцы, народ па ўказцы Пабла забіваў цапамі і зганяў з абрыву сваіх жа суседзяў, якіх лічылі ворагамі новай улады. У гэтай сцэне Хэмінгуэй здолеў паказаць увесь жах, жорсткасць і бессэнсоўнасць грамадзянскай вайны.
Поўнай супрацьлегласцю рашучай партызанцы паказаны ў рамане вобраз Марыі, дзяўчыны, падабранай атрадам Пабла. Яе бацькоў забілі салдаты, а саму яе згвалтавалі. Паміж ёй і Джорданам ўспыхвае пачуццё. Гэта сведчыць, што людзі сярод любых жахаў здольныя знайсці сапраўднае каханне.
У канцы рамана Джордан здолеў такі узарваць мост, але ад выбуху пад ім гіне конь, яго левая нага аказалася зламанай і ён не можа крочыць далей. Ён адпускае Марыю з партызанамі, а сам застаецца чакаць ворага. У апошняй сцэне Роберт займае зручную пазіцыю, каб даць адпор фалангістам. Яму вельмі не хацелася паміраць, але ён разумеў, што «свет — добрае месца, і за яго варта біцца».
«Бойня № 5, або Крыжовы паход дзетак» Курт Вонэгут
Раман напісаны ва ўласцівым Вонэгуту «тэлеграфна-шызафрэнічным» стылі, дзе змешваюцца фантастыка і рэальнасць. Раман прысвечаны перажытай аўтарам падчас Другой сусветнай вайны бамбардзіроўцы авіяцыяй саюзнікаў Дрэздэна У ім адразу ўмясціліся расказ аб вайне, пасляваенным жыцці героя і нават міжпланетныя падарожжы.
Галоўны герой рамана — амерыканскі салдат Білі Пілігрым. Чалавек нясмелы ад прыроды, ён раптам апынаецца ў пекле сусветнай вайны, дзе хутка ўпэўніваецца ў абсурднасці ўсяго, што вакол яго адбываецца.
Пасля яе заканчэння Білі вяртаецца дамоў, жэніцца, у яго нараджаецца сын. Але ў 1968 годзе ён заяўляе, што годам раней яго выкралі прышэльцы з планеты Тральфамадор. Яны змясцілі Білі ў мясцовы аналаг заапарка, а затым спарылі з былой галівудскай кіназоркай. Тральфамадор, са словаў Білі, уяўляе сабой поўную перамогу навуковага мыслення. Яго жыхары даўно разгадалі ўсе загадкі сусвету. «Такая структура дадзенага моманту», — адказваюць яны на ўсё «чаму» Білі. Тральфамадорцы нават ведаюць, як загіне сусвет. Яны яго самі і знішчаць, але гэта зусім іх не турбуе. Даволі страшная аналогія, калі перанесці яе на нашу сучасную рэальнасць.
Білі ўвесь час курсіруе паміж Зямлёй і Тральфамадорам. З шлюбнай спальні ён трапляе ў барак ваеннапалонных, а з Нямеччыны 1944 года — у Амерыку 1967-га, у раскошны кадылак, які вязе яго праз негрыцянскае гета, дзе зусім нядаўна танкі нацыянальнай гвардыі ўтаймоўвалі мясцовае насельніцтва, якое паспрабавала «качаць свае». А спяшаецца Білі на абед у Клуб Львоў, дзе нейкі маёр будзе з пенай ля рота патрабаваць узмацнення бамбёжак. Але не Дрэздэна, а В'етнама.
Антываенным пафасам прасякнута кожная старонка рамана. Ключавой сцэнай з'яўляецца размова аўтара з Мэры О’Хэйра, жонкай свайго былога аднапалчаніна:
— ...Бо тады вы былі дзецьмі! — сказала яна.
— Чаго? — перапытаў я.
— Падчас вайны вы былі маленькімі дзецьмі — як тыя, што цяпер на другім паверсе!
Я кіўнуў на знак згоды. Насамрэч: тады мы былі недапечаныя смаркачы — якраз прыканцы дзяцінства
— Але дзе ж ты пра тое напішаш!
Гэта не гучала як пытанне, гэта гучала як прысуд.
— Не…не…ведаю, — вымавіў я.
— Дык я ведаю — сказала яна. — Вы будзеце ўдаваць, што былі мужчынамі, а не дзецьмі, і пра вас, герояў, будуць здымацца кінастужкі з Фрэнкам Сінатрай ці Джонам Уэйнам у галоўнай ролі, або з якім-небудзь іншым чароўным старпёрам, які палка любіць вайну. І з гэтага войны выглядацьмуць прыгожай казкаю, і ў нас будзе іх яшчэ шмат. І на іх пойдуць новыя дзеці, тыя, што на другім паверсе.
І тут я дапяў. Яе раззлавала тэма вайны. Мэры не жадала, каб яе дзеці або чыісьці іншыя дзеці пайшлі на вайну забіваць. На яе ж думку, некаторыя кнігі і кінастужкі заахвочваюць людзей ісьці на вайну.
Тут я ўзняў руку і ўрачыста паабяцаў ёў:
— Мэры! Наўрад ці я калі-небудзь завершу гэтую кнігу. Я напісаў ужо пяць тысяч старонак і ўсе выкінуў у смецце. Але калі я ўсё-такі скончу яе, даю табе слова гонару: у маёй кнізе не будзе роляў для Фрэнка Сінатры і Джона Уэйна.
— Ведаеш што, — дадаў я, — я назаву яе «Крыжовы паход дзетак».
Вайна, паводле Вонэгута, не можа нарадзіць герояў, у ёй ёсць толькі кроў, бруд і смерць. Усё гэта тычыцца не толькі Другой сусветнай, але і В'етнама, ды любога іншага ўзброенага канфлікту, які, што б ні казалі палітыкі, звычайным людзям прыносіць толькі пакуты і боль.
«Трыумфальная арка» Эрых Марыя Рэмарк
Парыж 1938-39 гады, у паветры носіцца адчуванне бяды, якая набліжаецца. Але горад працягвае жыць звыклым жыццём, рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Працуюць кавярні і рэстараны, парыжане ходзяць туды-сюды па сваіх справах. У гэтым горадзе жыве доктар Равік. Гэта не сапраўднае яго імя, але гэта і не важна. Ён дасведчаны хірург, які кожны дзень ратуе людзям жыццё. Але ў гэтым горадзе ён ніхто. Чалавек без грамадзянства. Равік некалі збег з Германіі, ратуючыся ад пераследу нацыстаў. На радзіме ён дапамог двум невінаватым, перажыўшы пасля гэтага катаванні ў гестапа і гібель сваёй дзяўчыны ў засценках. Потым ён усё ж такі здолеў збегчы ў Францыю. Цяпер ён вымушаны займацца нелегальнай практыкай, за мізэрныя грошы замяняючы ў клініцы бяздарнага доктара Дзюрана, які прысвойвае сабе ўсе лаўры пасля паспяховых аперацый. Знаходзячыся пад сталай пагрозай высылкі, Равік змушаны пагаджацца на практычна любыя ўмовы. Ён жыве ў старым гатэлі, сярод такіх жа небаракаў-мігрантаў.
Сярод яго суседзяў ёсць зусім розныя людзі, але аб'яднаныя агульным страхам і неўладкаванасцю. Эрнэст Зэйдэнбаум — доктар філалогіі і філасофіі, які жыве ў «Энтэрнасьёнале» ўжо 6 гадоў; Розенфельд — эмігрант, які прадае ўнікальныя карціны-арыгіналы, каб выжыць; муж і жонка Голдбергі.
Лепшым сябар доктара — Барыс Марозаў, парцье ў кавярні «Шахеразада» Рускі эмігрант, які марыць адпомсціць за смерць бацькі, але ўжо зусім іншаму рэжыму. Разам яны гуляюць у шахматы і заліваюць памяць кальвадосам.
Аднойчы ноччу ўсё змяняецца. Равік сустракае на вуліцы жанчыну. У яе «шкляных вачах застыў выраз такой пустаты, што Равік мімаволі насцярожыўся».
Ён адвёў жанчыну ў маленькі падвальчык, недалёка ад Трыўмфальнай аркі. Пілі кальвадос. Равік не змог адпусціць яе адну ў дождж і адвёў яе да сябе ў гатэль. Яна сказала, што яе клічуць Жаан, Жаан Маду. Яна прыехала ў Парыж з мужчынам, але той раптоўна памёр, і яна засталася адна. Жаан спявачка і актрыса, Равік дае ёй адрас Марозава, які дапамагае той уладкавацца ў «Шахеразаду», дзе яна робіць нядрэнную кар'еру.
Паміж імі ўспыхвае каханне, хоць Равік і разумее, што гэта часова, бо Жоан нашмат маладзейшая за яго. Да і што можа прапанаваць маладой і прыгожай жанчыне мігрант-нелегал.
Аднойчы, седзячы ў кавярні з Марозавым, Равік бачыць на вуліцы Хааке, таго самага гестапаўца, які катаваў яго і ягоную дзяўчыну яшчэ тады, у Германіі, у іншым жыцці. Спачатку ён думае, што яму падалося, але затым пераконваецца, што не памыліўся. Равік уціраецца ў давер да Хааке, выманьвае таго ў Булонскі лес і там забівае.
Неўзабаве ён даведваецца, што Жаан параненая. У яе страляў яе палюбоўнік, які сам і паведамляе яму пра гэта, уламіўшыся аднойчы наўпрост да яго ў гатэль. Равік і яго калега спрабуюць зрабіць Жаан аперацыю, але ўсё бессэнсоўна, кулю нават нельга вымаць. Не ў сілах глядзець як яна задыхаецца, ён робіць ёй апошні ўкол, пасля чаго здаецца паліцыі, назваўшы сваё сапраўднае імя.
У гэты самы момант пачынаецца Другая сусветная вайна.
Гэта вельмі сумны раман, поўны песімізму. Ён не зусім нават аб вайне, ён, хутчэй, аб прадчуванні вайны, яе чаканні, страху і безвыходнасці людзей, якія стаміліся ўцякаць, бездапаможныя перад сілай Малоху, які ўсё бліжэй і ад якога будзе ўжо не схавацца.